Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежны журналіст з Краснадара ў адзіночку змагаецца з прапагандай расейскага ТБ


Яўген Цітоў
Яўген Цітоў

Інтэрвію Свабоды зь Яўгенам Цітовым — стваральнікам і вядучым ток-шоў на прыватным youtube-канале «НоГа» пра падабенствы сытуацыі з парушэньнямі свабоды слова ў Расеі і Беларусі.

Запрашаючы ў эфір незалежных аналітыкаў і апазыцыйных палітыкаў з Расеі, Украіны, Беларусі і іншых постсавецкіх краін, журналіст з расейскага гораду Сочы спрабуе скласьці канкурэнцыю прапагандысцкім навінам на расейскім тэлебачаньні.

«Вы ўбачыце тое, што ў жыцьці не пакажуць на расейскім тэлебачаньні: сапраўдную Расею, Эўропу, Прыбалтыку, Каўказ, Амэрыку, Аўстралію. Госьці з розных краін кажуць у прамым эфіры нязвыклыя для расейскага вуха рэчы. І кожнаму вы можаце патэлефанаваць, каб задаць пытаньне, паспрачацца ці ўвогуле сказаць, што душы заўгодна», — так прадстаўляе сябе тэлеканал «НоГа» на галоўнай старонцы свайго сайта.

— Яўген, колькі гадоў вы ў журналістыцы?

— З пачатку 2000-х гадоў. Спачатку працаваў у мясцовых СМІ Краснадарскага краю, тады яшчэ ў прэсы была нейкая намінальная незалежнасьць. Але па меры таго, як СМІ ўсё больш абдзяржаўліваліся, яны станавіліся ўсё больш залежнымі. На жаль, гэты працэс адбіўся і на рэгіянальных СМІ. У нейкі момант я зразумеў, што не магу працаваць у сыстэме дзяржаўнай прэсы. У 2007 годзе я пачаў супрацоўнічаць з маскоўскай «Новой газетой», стаў яе ўласным карэспандэнтам па Паўднёвай фэдэральнай акрузе — за мной Краснадарскі, Стаўрапольскі краі, Калмыкія, Абхазія. Таксама з 2007 году я супрацоўнічаю з Радыё Свабода.

— Як вы стварылі тэлеканал «НоГа»?

— Пасьля таго як youtube даў магчымасьць весьці жывыя трансьляцыі, я пабачыў у гэтым вялікую пэрспэктыву. Справа ў тым, што цяпер здымаецца праблема абмежаванасьці частотаў і эфірнага часу. Інтэрнэт цалкам вырашае гэтую праблему. Цяпер я вяду асабістую перадачу — маю свой youtube-канал «НоГа» http://noga-tv.com/. Мая задача — камунікаваць з расейскамоўнымі людзьмі на ўсёй постсавецкай прасторы дый ва ўсім сьвеце. Галоўны крытэр — гэта расейская мова. Я лічу, што межы ўмоўныя, а палітыка на самой справе — прымітыўны занятак, які перашкаджае людзям пачуць адно аднаго. Задача майго канала — даць людзям зразумець, што мы ўсе — адна вялікая сям’я, якая называецца чалавецтва.

Яўген Цітоў
Яўген Цітоў

— Вы пазыцыянуеце сябе як вядоўцу ток-шоў. Якія тэмы закранаюцца ў вашых перадачах?

— Самае важнае ў маім канале — тое, што сам глядач сваім удзелам фармуе зьмест, тэматычныя павароты, камэнтуе. Я лічу, што загана традыцыйных СМІ — недахоп інтэрактыву і камунікацыі. Відэапраект «НоГа» прысьвечаны грамадзка-палітычным пытаньням міжнароднай значнасьці. Як зазвычай, я бяру тэмы, якія былі самыя важныя за мінулы тыдзень. Так, у мінулую нядзелю мая праграма была прысьвечаная Сырыі. Безумоўна, цяпер у кожным выпуску ёсьць навіны з Украіны. Стараюся і пра Беларусь нешта даваць, тым больш што ў вас выбары хутка. Маю перадачу трансьлюе цэлы шэраг інтэрнэт-парталаў — украінскіх і расейскіх. Асноўны жанр — інтэрвію. Я знаходжу цікавага суразмоўцу, мае гледачы задаюць яму пытаньні, нешта запытваю я сам. Таксама паказваю рэпартажы, якія для мяне робяць у Літве, ЗША, Францыі, Украіне. У мяне ёсьць калегі, якія бясплатна на смартфоны здымаюць невялікія замалёўкі, якія я пасьля паказваю ў эфіры.

Самае важнае ў маім канале — тое, што сам глядач сваім удзелам фармуе зьмест, тэматычныя павароты, камэнтуе.

— Вы супрацьпастаўляеце сябе фэдэральным расейскім каналам?

— Я раблю навіны ў незалежным і аб’ектыўным рэчышчы. Напрыклад, нядаўна ў эфір выходзіў рэпартаж, якія я зьняў у Крыме і Сочы. Я адмыслова ня стаў закранаць пытаньне «Чый Крым?», ня выказаў свайго меркаваньня наконт гэтага. Але гэтае пытаньне я задаў свайму госьцю. Мая перадача выходзіць у эфір а 21-й гадзіне ў нядзелю — у прайм-тайм расейскіх тэлеканалаў. Мая задача — адцягнуць гледачоў ад гэтых тэлеканалаў і прыцягнуць іх у інтэрнэт, да камунікацыі з гасьцямі маёй самаробнай студыі. У любым горадзе, у любой краіне ёсьць катэгорыя людзей, якіх на слэнгу называюць «дэмшыза» — людзі, якім трэба выгаворвацца, камунікаваць, званіць у эфір. Вось мая задача — прыцягнуць менавіта гэтую катэгорыю.

— Вы пішаце ў Фэйсбуку, што днямі заўважылі, што вас перасьледуюць падазроныя людзі. Ці часта незалежныя журналісты ў Расеі могуць з такім сутыкнуцца?

— Некалькі год таму я суправаджаў карэспандэнтаў тэлеканала BBC, якія ў Краснадарскім краі здымалі рэпартаж. Нас ніхто не затрымліваў і не чапаў. Усё было адкрыта і свабодна. Два дні таму я суправаджаў швэдзкіх карэспандэнтаў з тэлеканала «SvD». Нас спыніла машына ДПС, нас ужо чакалі, праверылі дакумэнты, вельмі груба размаўлялі з намі. Учора мы з гэтымі швэдамі вярталіся на таксоўцы, нас таксама спынілі, праверылі нумары.

Расейскае грамадзтва становіцца закрытым, зь яго выцясьняюцца незалежныя меркаваньні. У гэтым пляне Расея ўсё больш нагадвае Беларусь.

Я лічу, што гэта тэндэнцыя да таго, што расейскае грамадзтва становіцца закрытым, зь яго выцясьняюцца незалежныя меркаваньні. У гэтым пляне Расея ўсё больш нагадвае Беларусь, дзе былі страшэнныя падзеі, калі бясьсьледна прападалі апазыцыйныя палітыкі і журналісты. Тут Расея і Беларусь мала чым адрозьніваюцца.

Сытуацыя становіцца горшай, я бачу гэта на прыкладзе сваёй працы. Гэта адчуваецца і пры ўзаемадзеяньні з арганізацыямі і ведамствамі. Яны становяцца вельмі закрытымі. Сам па сабе журналіст успрымаецца як небясьпека. Сам па сабе факт журналісцкай дзейнасьці ўспрымаецца як выклік, як зьнявага. Журналіст — гэта вораг у расейскім грамадзтве.

Безумоўна, гэта прыкмета таго, што расейскае грамадзтва становіцца ўсё больш архаічным і прымітыўным.

— У вас ёсьць выпускі з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаем Статкевічам і журналістам Валерам Каліноўскім у якасьці гасьцей. Вы запісвалі іх у сувязі з важнымі падзеямі ў Беларусі. А ці прысьвеціце вы перадачу прэзыдэнцкім выбарам у Беларусі?

— Я лічу, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі — адна з найважнейшых міжнародных падзеяў. Асабліва яны актуальныя з улікам таго, што Аляксандар Лукашэнка пакуль адмовіўся разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі расейскую авіябазу. Зьяўляецца інтрыга ў яго стасунках з Расеяй. У сваёй перадачы я абавязкова зраблю матэрыял пра выбары ў Беларусі, камэнтаваць іх будзе незалежны беларускі экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG