Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт абмяркоўвае сэрыял пра расейскую акупацыю Нарвэгіі


Тэлесэрыял "Акупаваныя" (нарв. "Okkupert"), кадар з трэйлера да сэрыялу
Тэлесэрыял "Акупаваныя" (нарв. "Okkupert"), кадар з трэйлера да сэрыялу

Першы эпізод сэрыялу «Акупаваныя» ў Нарвэгіі праглядзела больш за 600 тысяч чалавек. На постсавецкай прасторы абмяркоўваюць сам факт існаваньня такога сэрыялу.

Нарвэскі тэлесэрыял «Акупаваныя» (нарв. «Okkupert»), што распавядае пра акупацыю Нарвэгіі Расеяй, сабраў дома рэкордную аўдыторыю — 633 тысячы нарвэжцаў паглядзелі першы эпізод 4 кастрычніка, 13% насельніцтва краіны ці больш за палову нарвэжцаў ва ўзросьце 20-49 год. Хэштэг з назвай сэрыялу — у топе нарвэскага Твітэра. Нарвэская прэса ацэньвае сэрыял у асноўным пазытыўна, хаця адзначае кволы тэмп і фантастычнасьць сюжэту. На найбуйнейшым у сьвеце сайце пра кіно MDb яго рэйтынг складае 7,9 з 10.

Трэйлер да сэрыялу:

Паводле сцэрару сэрыялу, які пісьменьнік-крыміналіст Ю Нэсба напісаў яшчэ ў 2008 годзе, радыкальныя актывісты-«зялёныя» прыйшлі да ўлады ў Нарвэгіі і спынілі здабычу нафты, Эўропа патрабавала у краіны аднавіць здабычу, але ў выніку ўвяла «зьнешняе кіраваньнне» — дазволіла Расеі ўвесьці акупацыйныя войскі. Нарвэжцы захавалі мір, свае багацьці і нават адчуваньне асабістай волі. Ці будзе шырокі супраціў акупацыі ў такіх умовах?

Як адзначыў на Facebook беларус паводле паходжаньня, рэдактар расейскага «РБК Стыль» Віктар Дзятліковіч, навіна пра гэта стала самай чытанай за апошні час у лайфстайл-разьдзеле расейскага сайту rbc.ru.

«З такімі запытамі аўдыторыі час нам, здаецца, пісаць пра Сырыю», — жартуе ён.

Навіну пра гэта перадрукаваў шэраг расейскіх і беларускіх СМІ. У сацсетках расейцы і беларусы актыўна дзеляцца навіной:

«Расея багата працавала на тое, каб стаць сымбалем сусьветнага зла», — камэнтуе навіну на сваім Фэйсбуку актывіст Саюзу палякаў у Беларусі і журналіст «Gazeta Wyborcza» Андрэй Пачобут.

«Эўропа рыхтуецца, а што беларусы?» — пытае на Facebook бізнэсовец і дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі 13-га скліканьня Андрэй Клімаў.

На 10 сэрыяў «акупаваных» сышло 11 млн эўра, гэта самы дарагі сэрыял Нарвэгіі. «Акупаваныя» выклікалі дыскусію яшчэ да прэм’еры першага эпізоду. Здымаць яго павінна была дзяржаўная Нарвэская вяшчальная кампанія, але пасьля некалькіх год плянаваньня праект перадалі (паводле чутак, пад уражаньнем ад акупацыі Крыма Расеяй) прыватнаму TV2, на якім і прайшла прэм’ера.

Расейская амбасада ў Нарвэгіі даслала кіраўніцтву TV2 ліст, у якім выказвае сум з нагоды таго, што Расея прадстаўленая агрэсарам, асабліва ў 70-ю гадавіну перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Маўляў, аўтары нібы забылі пра гераічную ролю савецкай арміі ў вызваленьні Нарвэгіі ад нацысцкіх акупантаў і вырашылі папужаць нарвэжцаў няіснай пагрозай з усходу ў лепшых традыцыях «халоднай вайны».

Па словах акторкі Анэ Даль Торп, выканаўцы адной з галоўных роляў у «Акупаваных», сэрыял ня толькі адлюстроўвае нарвэскую насьцярожанасьць адносна Расеі, але і неспакой адносна стану Нарвэгіі як «эўрапэйскай бэнзакалёнкі», сьціснутай між магутнымі суседзямі. Сэрыял яшчэ да прэм’еры дамовіліся паказаць у Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Францыі, Швэцыі. Даніі, Фінляндыі, Ісьляндыі, Бэльгіі, Нідэрляндах і Люксэмбургу. Мяркуючы па камэрцыйным посьпеху і добрым рэйтынгу, да сьпісу могуць дадасьціся і іншыя краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG