Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 кастрычніка мы выступім ад імя ўсіх працоўных краіны, — Ярашук


Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў атрымаў дазвол ад Менгарвыканкаму на правядзеньне мітынгу, прысьвечанага Ўсясьветнаму дню барацьбы за годную працу.

Акцыя адбудзецца 7 кастрычніка на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор з 17 да 18 гадзін.

Арганізатары мяркуюць, што ў мітынгу возьмуць удзел каля 200 чалавек, сяброў Беларускага незалежнага прафсаюзу, Свабоднага прафсаюзу беларускага, Свабоднага прафсаюзу мэталістаў і Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.

Ад 2008 году Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў праводзіць 7 кастрычніка дзень усясьветнай мабілізацыі, калі прафсаюзы ўсяго сьвету патрабуюць годнай працы. Сёлета акцыя будзе праходзіць пад дэвізам «Скончым са сквапнасьцю карпарацый!», паведамляе bkdp.org.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды лідэр незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук адзначыў, што дазволу на акцыю ў Міжнародны дзень барацьбы за годную працу прафсаюзы ўжо даўно не атрымлівалі:

«Як мы жартуем, дажыліся нарэшце да нябачанага разгулу дэмакратыі ў Беларусі. Мы атрымалі дазвол на мерапрыемства, якое ва ўсім цывілізаваным сьвеце праводзіцца без аніякага дазволу. Мы лічым, што правесьці гэтую акцыю вельмі важна. Гэтага вымагае сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў Беларусі.

Як можа быць годнай праца, калі заробкі ў нас упалі да 400 даляраў? Мы пад сумнеў ставім і гэтую лічбу, бо адусюль нам паведамляюць, што зарабляюць і па 200, і па 150 даляраў

Краіна перажывае востры сацыяльна-эканамічны крызіс, які найперш лёг на плечы працоўных. Мноства рабочых працуе па скарочаным графіку, ёсьць сур’ёзныя праблемы з занятасьцю, ёсьць тэндэнцыя да росту беспрацоўя. Даволі працяглы тэрмін мы назіраем падзеньне заробкаў. І ўсё гэта супярэчыць прынцыпам годнай працы. Як можа быць годнай праца, калі заробкі ў нас упалі да 400 даляраў? Мы пад сумнеў ставім і гэтую лічбу, бо адусюль нам паведамляюць, што зарабляюць і па 200, і па 150 даляраў, а на пэрыфэрыі — 100 даляраў. І гэта ўсё на фоне эўрапейскіх цэнаў, якія растуць. Пра гэта мы маем намер гаварыць на мітынгу. Бо апрача БКДП больш няма каму ўзвысіць голас у падтрымку працоўных.

Нашы апанэнты, якія па іроніі лёсу прэтэндуюць на тое, каб называць сябе прафсаюзамі, лічаць, што цяперашні курс уладаў правільны. І што той чалавек, які ля ўлады, усё робіць бездакорна і яго трэба падтрымліваць. Мы лічым іначай. 7 кастрычніка мы бярэм на сябе адказнасьць выступаць ня толькі ад імя сяброў незалежных прафсаюзаў, якіх у краіне каля 10 тысяч, але і ад усіх працоўных краіны. Сёньня час ускладае на нас гэтую гістарычную місію».

Паводле Ярашука, на мітынгу будуць выключна эканамічныя лёзунгі.

«Паколькі наша акцыя будзе праходзіць перад прэзыдэнцкімі выбарамі мы не хацелі, каб нейкая палітычная сіла выкарыстоўвала нас у зьвязку з гэтым. Сытуацыя з выбарамі прадвызначана даўно, і пра нейкія выбары няма нагоды казаць. Мы лічым, што праз выбары нельга прывесьці краіну да пераменаў. Я лічу, што тычыцца заклікаў ісьці на выбары ці заклікаў да байкоту, то ў сёньняшняй сытуацыі яны ня маюць ніякага сэнсу. Яны нічога не вырашаюць і ніяк не вядуць Беларусь да пераменаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG