Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прылукі супраць «Дыснэйлэнду»: «мара ідыётаў» ці разьлік прагматыкаў?


Від на палац Чапскіх, цяпер — інстытут аховы расьлін
Від на палац Чапскіх, цяпер — інстытут аховы расьлін

Вёска Прылукі пад Менскам у агляднай будучыні можа скласьці канкурэнцыю «Дыснэйлэнду». У гэтым перакананыя аўтары праекту «турыстычнага цуду з экалягічным ухілам».

Гісторыка-культурны фонд «Ляліва», Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў у рамках праекту турыстычнага кластэру «Культурная спадчына краіны — здабытак Сьвету» выносяць на грамадзкае абмеркаваньне прапанову па рэгенэрацыі тэрыторыі палацава-паркавага комплексу ў вёсцы Прылукі Менскага раёну.

Адноўленая сядзіба шляхецкай сям’і Гутэн-Чапскіх разам з прылеглымі землямі аграгаспадаркі «Гастэлаўскае» стануць падмуркам для ініцыятывы «Гісторыя і сучаснасьць: ад Менску да Парыжа». Праўда, трэба яшчэ пераканаць у бяспройгрышнасьці справы ўлады ды зацікавіць інвэстараў, каб тыя самі станавіліся ў чаргу з грашыма.

Зона высокай энэргаэфэктыўнасьці і экалягічнасьці, Прылукі
Зона высокай энэргаэфэктыўнасьці і экалягічнасьці, Прылукі

Лябараторыя будучыні: у лепшых традыцыях графа-рэфарматара

Герб Гутэн-Чапскіх «Ляліва»
Герб Гутэн-Чапскіх «Ляліва»

Як расказаў дырэктар фонду «Ляліва» (герб шляхецкага роду Чапскіх з дэвізам «Жыцьцё — Айчыне, гонар — нікому»), віцэ-старшыня прадпрымальніцкага аб’яднаньня Іван Гардзіеўскі, беспрэцэдэнтная ў сваім ахопе і матэрыялаёмістасьці ідэя мае некалькі тэматычных кірункаў. Найперш плянуецца распрацаваць канцэптуальны праект дэманстрацыйнай зоны высокай энэргаэфэктыўнасьці і экалягічнасьці з выкарыстаньнем мясцовых і аднаўляльных крыніц энэргіі — практычна ўся інфраструктура, якая тут паўстане ў будучым, павінна сілкавацца за кошт энэргіі прыроды.

Іван Гардзіеўскі
Іван Гардзіеўскі

Дзеля адаптацыі новых тэхналягічных рашэньняў мяркуецца запусьціць шматфункцыянальную лябараторыю будучыні — «Вучэбны цэнтар энэргаэфэктыўных тэхналёгіяў, аграэкатурызму, экалягічнага земляробства, аховы прыроды і мікрафінансаваньня імя Караля Гутэн-Чапскага»:

«Што тычыцца зоны энэргаэфэктыўнасьці, Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў выступіў ініцыятарам, каб паставіць тут электрастанцыю на сонечных панэлях і надаць ёй імя Чапскага — у гонар гораданачальніка-рэфарматара, які ў канцы ХІХ стагодзьдзя ўкараняў у Менску самыя перадавыя па тым часе тэхналёгіі. Плянуем стварыць вучэбны цэнтар устойлівага разьвіцьця — безь перабольшваньня, гэта будзе супэрлябараторыя. Прычым просім дапамагчы нам у гэтай справе нямецкі Дортмундзкі цэнтар: некалі яны марылі збудаваць у Менску „Майстэрню будучыні“, але тады рэалізаваць пляны не ўдалося. Ну, а цяпер прапануем узьвесьці „Лябараторыю будучыні“.

Праект аднаўленьня палацава-паркавага комплексу ў Прылуках
Праект аднаўленьня палацава-паркавага комплексу ў Прылуках

Таксама хочам усталяваць ветрагенэратары, цеплавыя і паветраныя помпы, будуць працаваць сонечныя калектары і біягазавая ўстаноўка. Адным словам, усё, што ёсьць у сьвеце аднаўляльных крыніц энэргіі, будзе прадстаўлена на нашай дэманстрацыйнай пляцоўцы. А фэрмэрская гаспадарка разам з навакольнымі тэрыторыямі стануць пляцдармам, дзе мы пачнём рэалізоўваць свае задумы».

Прылуцкі палігон: прыярытэт высокатэхналягічнай вёскі

Іншы напрамак, працягвае спадар Гардзіеўскі, мае больш практычны характар і арыентаваны на ўцягваньне ў актыўны адпачынак як турыстаў, так і мясцовых жыхароў. Дзеля гэтага мяркуецца рэалізаваць пілётны праект экалягічнага транспарту — запусьціць «зялёны аўтобус» па маршруце Менск — Прылукі, тым самым наблізіўшы горад да «высокатэхналягічнай вёскі». Астатнія задумы будуць рэалізоўвацца непасрэдна на месцы, іх назвы збольшага гавораць самі за сябе: зона адпачынку «Прылуцкiя крынiцы», турыстычны лягер «Прылуцкi валацуга», экавёска «Прылуцкі падворак», водны маршрут «Прылуцкi вясьляр», «Прылуцкая сьцежка» ды шмат іншых:

«Калі працягваць экалягічную тэму, мы распачынаем праект пад назвай „Прылуцкія крыніцы“. З гэтага ж шэрагу экалягічная дарожка, яна будзе ісьці ад сядзібнага парку ўздоўж Пцічы і атрымае назву „Прылуцкая сьцежка“. Ужо намецілі маршрут, але спачатку запатрабуецца прывесьці да ладу пойму ракі — яна цяпер жахліва зарослая, і тут яўна не да прамэнадаў. На базе мясцовай фэрмэрскай гаспадаркі ствараем клюб экалягічнага земляробства „Прылуцкая экаежа“. Акрамя таго, хочам арганізаваць сплаў па Пцічы на байдарках „Прылуцкі вясьляр“, бо побач зь Менскам такой магчымасьці няма.

Іван Гардзіеўскі – пра род графаў Гутэн-Чапскіх
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:32 0:00

Будзе закладзена велатраса „Прылуцкі ровар“: прыяжджалі зацікаўленыя хлопцы, каб зрабіць тут трасу для экстрэмалаў і для аматараў роварных прагулак. У комплексе атрымаецца „Прылуцкае асяродзьдзе“. Разам з таварыствам „Ахова птушак Бацькаўшчыны“ паклапоцімся пра спрыяльныя ўмовы для гнездаваньня птушак, мяркуем закласьці дэндрапарк — штосьці пасадзім, штосьці акультурым. Уздоўж сьцежкі ўсталюем шчыты з апісаньнем беларускай флёры і фаўны. Прынамсі пад Менскам нічога падобнага пакуль няма».

Статуснае Станькава: да новага — праз прыкра забытае старое

Спадарожнікавы здымак: тэрыторыя пад комплекс «Беларусь празь вякі»
Спадарожнікавы здымак: тэрыторыя пад комплекс «Беларусь празь вякі»

Прылукі калісьці належалі ўплывовай сям’і Чапскіх і небеспадстаўна лічыліся адным з самых прыгожых куткоў у ваколіцах Менску. Цяпер ад былой раскошы застаўся хіба ўспамін: у велічным палацы працуюць лябараторыі Інстытуту абароны расьлін Акадэміі навук, а колішнія гаспадарчыя пабудовы пустуюць ці «замарозіліся» на стадыі перапрафіляваньня ў гатэлі. Між тым нават у такім стане палацава-паркавы комплекс застаецца ці не адзіным у Беларусі, дзе да нашых дзён у прымальным стане захавалася пяць будынкаў ХІХ стагодзьдзя і сяк-так адноўлены палац.

Эскізны праект капліцы над крыптай у Станькаве
Эскізны праект капліцы над крыптай у Станькаве

Як кажа Іван Гардзіеўскі, праект аднаўленьня разам з Прылукамі ахоплівае і маёнтак у вёсцы Станькава за тры дзясяткі кілямэтраў ад Менску. Там захаваўся вялікі парк, гаспадарчыя пабудовы, скарбніца, збудаваная галавой сямейства, заўзятым калекцыянэрам Эмэрыкам Гутэн-Чапскім (калекцыя кніг, зброі, узнагародаў, грошай, слуцкіх паясоў, іншых рарытэтаў захоўваецца цяпер у польскім Кракаве). Макет сядзібы распрацаваны архітэктарам, навуковым кіраўніком комплексу Алегам Масьліевым, які сам родам са Станькава; ёсьць і эскізны праект аднаўленьня на родавай крыпце капліцы, разбуранай на пачатку 1960-х.

Безыменнае месца спачыну Гутэн-Чапскіх у Станькаве
Безыменнае месца спачыну Гутэн-Чапскіх у Станькаве

Цяпер на гэтым месцы бугор, пад якім ляжаць парэшткі прадстаўнікоў выбітнага роду, уключна зь Янам Каралем Гутэн-Чапскім — кіраўніком гарадзкой управы Менску ў 1890–1901 гадах. Акурат на гэты пэрыяд прыпадаюць карэнныя рэформы гаспадаркі і культуры горада. Менавіта яму, старэйшаму сыну, адпісаў у тастамэнце больш статуснае Станькава граф Эмэрык Чапскі. Малодшаму Ежы, які быў апошнім маршалкам шляхты («предводителем дворянства») Менскай губэрні, адышлі сьціплейшыя Прылукі.

Да 155-гадовага юбілею Караля Чапскага ў Станькаве ўсталяваны крыж
Да 155-гадовага юбілею Караля Чапскага ў Станькаве ўсталяваны крыж

Агульнабеларускі брэнд: аднойчы пабачыць і хацець зноў вярнуцца

Іван Гардзіеўскі кажа, што ў часе працы над канцэпцыяй пераўтварэньня некалькіх гектараў зямлі пад Менскам у «лякальны рай» зыходзіў найперш з унікальнасьці прапановы, якую можа зрабіць гэты край.

«Чым зьдзівіць замежнага турыста, каб яму захацелася вярнуцца ў Беларусь яшчэ раз? Каб ён расказаў родным і сябрам, што ў цэнтры Эўропы існуе сапраўдны цуд?» — задаецца рытарычным пытаньнем суразмоўца і сам жа адказвае: такім «цудам» — агульнанацыянальным брэндам — павінен стаць народны турыстычны комплекс «Беларусь празь вякі» на тэрыторыі акцыянэрнага таварыства «Гастэлаўскае»:

Сябры Саюзу прадпрымальнікаў на месцы народнага комплексу «Беларусь празь вякі»
Сябры Саюзу прадпрымальнікаў на месцы народнага комплексу «Беларусь празь вякі»

«Паставіць там самы вялікі амфітэатар у сьвеце, зрабіць падводны рэстаран з надводным купалам — „замах“ менавіта такога парадку. Дарэчы, я аб’езьдзіў усё і вакол Менску — няма нідзе такіх чысьцюткіх азёраў. Гэта будзе проста казка, паверце. Дзеля гэтага мы будзем разьмяшчаць праект на ўсіх магчымых пляцоўках краіны, каб самі грамадзяне маглі прапаноўваць, што яны самі хацелі б тут убачыць.

Адзін з занядбаных будынкаў палацавага комплексу
Адзін з занядбаных будынкаў палацавага комплексу

Пасьля гэтага ўвасобім яго ў 3D-фармат, пашлём прэзыдэнту і скажам: жыхары краіны хочуць бачыць пад Менскам такі вось цуд. І тады на гэты цуд паедуць глядзець эўрапейцы! А вось гэтая ўскраіна вёскі Каханаўшчына і той пункт, дзе лес, — самы высокі ў Менскім раёне, 242 мэтры над узроўнем мора. Уявіце, які адтуль будзе адкрывацца від на ўсю тую веліч! Зь іншага боку будуць стаяць гатэлі, зь якіх таксама будзе ўсё відаць як на далоні. Я ўжо гадоў пяць аб’яжджаю гэтую тэрыторыю і ўсё больш пераконваюся: няма лепшага месца для стварэньня агульнабеларускага брэнда».

«Мара ідыёта»: дагнаць і перагнаць імпэрыю «Дыснэйлэнд»

І хоць свае амбітныя пляны спадар Гардзіеўскі самакрытычна называе «марай ідыёта», але пры гэтым перакананы, што пры сур’ёзным падыходзе можна ўцерці нос нават імпэрыі забаваў — «Дыснэйлэнду». Адна са стрыжневых ідэяў праекту — разьмясьціць на адной пляцоўцы знакавыя гістарычныя будынкі, якія маюць гісторыка-культурнае значэньне, у зьменшаным маштабе: замкі, палацы, храмы і г.д. Дзеля рэалізацыі задумы пад патранатам Міністэрства культуры прапануецца стварыць экспэртную раду з аўтарытэтных гісторыкаў, архітэктараў, культуролягаў. Грамадзянам Беларусі на абмеркаваньне прапануюць «топ-100» знакавых аб’ектаў, якія варта «кланаваць» у мініятуры:

Зьменшаныя копіі аб’ектаў: «Замкі Беларусі» (20 аб’ектаў)
Зьменшаныя копіі аб’ектаў: «Замкі Беларусі» (20 аб’ектаў)

«Увесь сэнс у чым? Эўрапейцы зьяжджаюцца ў „цэнтральны брэнд“ па трасах са сваіх напрамкаў — Польшчы, Літвы, Расеі, Украіны — і ўжо адсюль могуць наведваць іншыя мясьціны Беларусі. Будзе арганізаваны трансфэр: легкавы, аўтобусны, а дазваляюць грошы — сеў у верталёт, паляцеў на Браслаўскія азёры, ацэніш з вышыні птушынага палёту. Пабачыў нейкую царкву ў мініятуры, уразіўся — паехаў глядзець у арыгінале. Толькі так мы можам прыцягнуць турыстаў.

Макет бюста Караля Чапскага, які хочуць паставіць на месцы гарадзкой управы
Макет бюста Караля Чапскага, які хочуць паставіць на месцы гарадзкой управы

Сёньня кажуць, што брэнд краіны складаецца з брэндаў тэрыторыяў. Так, яны таксама карысныя. Але масава прыцягнуць брэндамі тэрыторыяў замежнікаў немагчыма. Таму трэба зрабіць хоць бы адну пляцоўку на ўсю краіну, каб людзі маглі сюды прыехаць і пабачыць вось гэты цуд. Натуральна, яны павінны забаўляцца. Адпаведна, усё павінна быць зроблена супэрклясна, лепш за „Дыснэйлэнд“, хоць там і свая спэцыфіка. Практычна ўсё будзе зьвязана ў адзіны маршрут: прыехаўшы ў Прылукі і прайшоўшы па сьцежцы, наведнікі выйдуць на гэтую казку: заходзяць сюды, паветраныя шары іх уздымаюць, яны ў захапленьні. Вось вам мара ідыёта...»

Карпаратыўны кластэр: супольная праца на агульны імідж

Іван Гардзіеўскі тлумачыць сэнс «кластэрнага» падыходу да рэалізацыі амбітнай задумы. Пад кластэрам тут маецца на ўвазе супольнасьць кампаніяў і шчыльна зьвязаных галінаў, якія ўзаемна дапаўняюць адна адну ды спрыяюць карпаратыўнай канкурэнтаздольнасьці.

Палац стане адпраўным пунктам для падарожнікаў
Палац стане адпраўным пунктам для падарожнікаў

Суразмоўца ўпэўнены, што турыста (па аналёгіі са спартоўцам) трэба пачынаць «разаграваць» яшчэ ад Гародні ці Берасьця, як ён толькі ступіў на беларускую зямлю — зьдзіўляць адноўленымі помнікамі, стылізаванымі аграсядзібамі, захаванымі паркамі. А гэта азначае, што праца павінна весьціся комплексна, у няспынным кантакце па ўсім геаграфічным ланцужку — як адзіная адладжаная арганізацыйная структура, што працуе на імідж усёй краіны.

Менавіта таму ва ўсім сьвеце ўсё большае разьвіцьцё атрымліваюць менавіта кластэрныя формы дзейнасьці. Уязны турызм — не выключэньне. Тым больш што, згодна з пэрспэктыўнымі плянамі беларускага ўраду, да 2030 году Рэспубліка Беларусь абавязваецца ўвайсьці ў лік 50 вядучых краінаў паводле ўзроўню разьвіцьця турызму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG