Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Алена Масла


Алена Масла. Фота Алены Казловай.
Алена Масла. Фота Алены Казловай.

Алена Масла нарадзілася ў 1967 у Мілашове Мёрскага раёну Віцебскай вобласьці. З 1984 па 1989 год навучалася на факультэце журналістыкі БДУ. Пасля навучання працавала фотакарэспандэнтам у газеце «Піянер Беларусі» («Раніца»), рэдактарам краязнаўчага аддзела ў газеце «Туризм и отдых», рэдактарам аддзела часопіса «Качели», галоўным рэдактарам газеты «Переходный возраст». З 2006 — загадчыца рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». Пазьней узначальвала часопіс «Бярозка». Зь лістапада 2009 зьяўлялася сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, адкуль выйшла ў ліпені 2013. Аўтарка казачных кніг: «Таямніца закінутай хаты» (2005), «Вандроўка з божымі кароўкамі» (2007), «Першая прыгажуня» (2010), «Як пані Чаротная на госьці ў Палангу бегала» (2010), «Пацучок Фэлік падарожнічае» (2013).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Думаю, мой чытач заўжды крыху дзіця, нават калі паводле пашпарту мае салідны ўзрост.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Раней магла працаваць выключна ўначы, ва ўмовах ідэальнай цішыні — як і засынаць, дарэчы. Але зьяўленьне дзяцей-пагодкаў, адзін зь якіх да двух гадоў амаль ня спаў, даўно навучыла быць не капрызьлівай і не прыдзірацца да ўмоваў. Спачатку я навучылася спаць, калі дзеці даюць, пасьля — пісаць, як зьяўляецца магчымасьць.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Захапляцца, як напісаная кніга — гэта адно. Але жадаць быць аўтарам ужо напісанай кнігі... Не, мне здаецца, гэта як жадаць пражыць нечае жыцьцё.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

На мяне заўжды моцна ўзьдзейнічаюць самаахвярныя героі.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Я зьбіраю кнігі казак, імкнуся сачыць за тым, што робіцца ў кніжным «казачным сьвеце», таму, бадай, згадаю казачнікаў. Зьмітрок Бядуля — за «Сярэбраную табакерку», а таксама Ганс Хрысьціян Андэрсэн, Астрыд Ліндгрэн і казачнікі Скандынавіі наогул. З сучасных беларускіх аўтараў-казачнікаў вылучаю Раісу Баравікову, Пятра Васючэнку, Сержа Мінскевіча, Натальлю Бучынскую, Вольгу Гапееву... Але ж, шчыра — складанае пытаньне. Сьвет цікавы шматгалосьсем, пералічэньнем імёнаў яго нібы абмяжоўваеш.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Борис Соколов. «Кто вы, доктор Живаго? Расшифрованный Пастернак». А таксама шмат сучаснай латыскай і латвійскай літаратуры, бо зараз месяц жыву ў Доме творчасьці ў Латвіі. Дзіцячыя кнігі-карцінкі на латыскай мове разглядаю і ўчытваюся, спадзеючыся спасьцігнуць тэкст. Паэзію Дагніі Дрэйка, як і зборнік сучаснай латыскай прозы, чытаю ў перакладзе на рускую мову, зборнік эсэ «Ж. как попытка» Сяргея Марэйна (рускага пісьменьніка, які жыве ў Латвіі) на мове арыгіналу.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Польская, украінская.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Хочацца верыць, што такая — наперадзе.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Задумак шмат, і ня толькі задумак, але і тэкстаў, над якімі працую зараз і якіх чакае выдавец. Але лепш гаварыць пра зьдзейсьненае, а задумкі асьцерагаюся сурочыць.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Калі ўдаецца пераадольваць уласныя заганы і слабасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG