Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская дэлегацыя байкатавала выступ Парашэнкі ў ААН. Праўда, ня ўся — толькі Чуркін


Пятро Парашэнка падчас выступу на саміце па ўстойлівым разьвіцьці. Нью-Ёрк, 27 верасьня 2015 году
Пятро Парашэнка падчас выступу на саміце па ўстойлівым разьвіцьці. Нью-Ёрк, 27 верасьня 2015 году

Расейскія агенцтвы распаўсюдзілі некалькі паведамленьняў супрацьлеглага зьместу пра байкот дэлегацыяй Расеі выступу прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў нядзелю ў ААН.

Агенцтва ТАСС паведаміла са спасылкай на неназванага «высокапастаўленага расейскага дыплямата», што расейская дэлегацыя пакінула залю ААН падчас выступу Парашэнкі на саміце па ўстойлівым разьвіцьці.

Паводле ТАСС, гэта быў «пратэст супраць адкрыта палітызаванай і агрэсіўнай прамовы, якая цалкам не адпавядала заяўленай тэме саміту». І пры гэтым, як праінфармавала агенцтва, адзін расейскі дыплямат ўсё ж застаўся ў залі, маўляў, «расейскі бок мае звычку слухаць сваіх апанэнтаў і не пакідаць іх выступы зусім без увагі».

Гэтыя заявы адмаўляе іншае расейскае агенцтва РІА «Новости». Яно, гэтак жа са спасылкай на неназваную «дыпляматычную крыніцу», праінфармавала, што падчас выступу прэзыдэнта Ўкраіны залю пакінуў толькі адзін сябра расейскай дэлегацыі — сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін.

Паводле дадзеных гэтага агенцтва, астатнія сябры расейскай дэлегацыі засталіся ў залі падчас выступу Парашэнкі.

Заходнія агенцтвы наогул не заўважылі дэмаршу расейскай дэлегацыі супраць прэзыдэнта Ўкраіны, пра які напісалі расейскія агенцтвы.

Пятро Парашэнка, выступаючы ў нядзелю на Саміце па прыняцьці мэтаў ўстойлівага разьвіцьця ў рамках сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, сярод іншага, зьвярнуў увагу, што для Ўкраіны ажыцьцяўленьню такіх мэтаў перашкаджае ваенная агрэсія Расеі, якая, паводле яго слоў, спрабуе падарваць дэмакратычнае эўрапейскае разьвіцьцё, абранае ўкраінскім народам.

«У выніку здрадлівай расейскай анэксіі ўкраінскага Крыму і агрэсіі ў Данбасе тысячы людзей былі забітыя. Была разбураная крытычна важная інфраструктура. Украіна страціла каля 1/5 свайго эканамічнага патэнцыялу. Ваенныя дзеяньні Расеі супраць Украіны павялічылі экалягічныя і эпідэміялягічныя пагрозы, а таксама рызыкі, зьвязаныя з сацыяльнай ізаляцыяй ... Зьнешняя агрэсія прывяла да зьяўленьня новай формы беднаты- раптоўнай або нечаканай беднаты, якая ўплывае на жыцьцё каля 1,5 мільёна ўнутрана перамешчаных асобаў ва Ўкраіне. Кожны дзень вайны на ўкраінскім Данбасе каштуе нам каля 5 мільёнаў даляраў ЗША, якія мы маглі б укладаць у працэс устойлівага разьвіцьця. І крызіс унутрана перамешчаных асобаў, колькасьць якіх складае 1,5 мільёна, зьяўляецца самай вялікай праблемай ня толькі Ўкраіны, але і ўсяго рэгіёну», — заявіў Парашэнка, сярод іншага, на саміце ў ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG