Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мы ў Расеі змарнавалі дзевяностыя


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Вось вы ўсё пра дзевяностыя, а я эмацыйна быў і застаюся куды большым настальгікам па васьмідзесятых, калі быў Гарбачоў і Перабудова, Рэйган, Ян Павал II і Тэтчэр.

Васьмідзясятых, якія завяршыліся гэтым адчутым нават мною грандыёзным, параўнальным са сканчэньнем Другой Сусьветнай, але ў шмат разоў больш сьветлым за травень 1945-га, сьвятам любові і вызваленьня. Падзеньнем бачанага мною ў яшчэ функцыянуючым стане Бэрлінскага муру, Аксамітнай Рэвалюцыяй, парадам сувэрэнітэтаў ў былым СССР. Ельцыным на танку, пятроўскім трыкалёрам над Крамлём у маёй малой радзіме — Маскве, і «Пагоняй» — на банкнотах маёй гістарычнай радзімы — незалежнай Беларусі.

Бо чаканьне сьвята — лепшае за самое сьвята. Васьмідзясятыя гады пакінулі нават ува мне, чалавеку ў іх народжанаму, на ўсё жыцьцё адчуваньне гэтага абавязанага калі-небудзь наступіць хэпі-энду, быццам у кіно зь фінальнымі тытрамі пад міралюбівую мэлёдыю гімна адышоўшай зь васьмідзясятымі ў нябыт Усходняй Нямеччыны. Фрэды Мэрк’юры і позьнія Pink Floyd, сьмешная сьветлая сынтэтычная поп-музыка з саксафонам, прычоскі-швабры і Шварцэнэгер такі малады на кінаэкране — па адзін бок.

Прагноз надвор’я ў Волга-Вяцкім і Цэнтральна-Чарназёмным раёне пад Manchester et Liverpool, звычка да аскетычнага харчаваньня і непатрабавальнасьці да гардэроба — па другі бок. Ленін, чырвоны сьцяг і гімн СССР, якія перад вачыма ператвараюцца з страшных атрыбутаў дыктатуры ў мілыя сэрцу, прабачаныя сымбалі Ostalgie — быццам мульцяшны злодзей, які атрымаў свой урок і стаў для ўсіх сябрам. Вось гэта — васьмідзясятыя.

Дзевяностыя, яны былі ўжо пра іншае: пра рывок наперад, расчараваньне, пра неадоленае перанараджэньне, пра нявыкарыстаныя намі як краінамі і грамадзтвамі магчымасьці і прамарнаваныя намі як краінамі і грамадзтвамі авансы. Хто тут больш вінаваты — ці карумпаваныя палітыкі-апартуністы, ці няўдачлівыя дэмакраты, ці нязьнішчаныя найбольш змрочныя структуры савецкай сыстэмы альбо ці агулам усё грамадзтва — якая цяпер розьніца. Скончыліся дзевяностыя ў Расеі вяртаньнем савецкага гімна і прыходам да ўлады «бандыцкага Пецярбурга», а ў Беларусі — толкам не пачаўшыся, дзяржпераваротам 95-96 гг.

З пачатку дзевяностых нашыя краіны пад дзе-нідзе павярхоўным глянцам жылі расчараваньнем і чарнухай, якія дваццаць гадоў назапашваліся і канчаткова прарваліся вонкі вось цяпер, перад нашымі вачыма, у 2014 годзе. Ахвяры, панесеныя ў дзевяностыя, апынуліся для Беларусі і Расеі марнымі.

20 студзеня 1991 г., Масква
20 студзеня 1991 г., Масква

Ці жывем мы зараз у другія васьмідзясятыя і ці чакаюць нас новыя дзевяностыя наперадзе? Расеі сьвет ужо ніколі ня дасьць тых авансаў, як у дзевяностыя, калі сьвет прыняў яе не як пераможанага ворага, а як сябра, які вярнуўся і раскаяўся. Расея сама сябе такой ня бачыла — яна чым далей, тым больш лічыць сябе не адной з краін, якія вызваліліся ад савецкай тыраніі, а самім зрынутым тыранам. І тое, якім рэальным усемагутным монстрам быў СССР і якой пародыяй на гэта ёсьць разрабаваная сёньняшняя Расея — ад гэтага толькі яшчэ больш становіцца сумна і сорамна, калі ты жывеш і вырас збольшага тут.

Мы, расейцы, як ганебныя другагоднікі вымушаныя будзем, відаць, зноў праходзіць праз досьвед васьмідзясятых, а потым дзевяностых. Але ўжо без рамантыкі, бяз Follow the Moskva Down to Gorky Park, а з адказнасьцю за кроў тысячаў расейскамоўных людзей на Данбасе, са зьнішчанай міжнароднай рэпутацыяй і з на дзесяцігодзьдзі сапсаванымі адносінамі з суседняй Украінай. Якая вывучыла ўрокі васьмідзясятых і дзевяностых, пры ўсім уласным украінскім бардаку і неахайнасьці, лепш за нас.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG