Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мачулішчах сумуюць па расейскіх бамбавіках


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Да аэрадрому ў Мачулішчах ад Менску ўсяго пятнаццаць кілямэтраў. А мне спатрэбіўся час, каб наведацца туды, дзе прайшло маленства, дзе пайшоў у школу.

Маленства прыпала на самы разгар халоднай вайны. Неба ў Мачулішчах увесь час раўло, самалёты ляталі ў тры зьмены. Па выходных таксама, бо маршал Савіцкі загадаў.

Раней у Мачулішчах было дзьве авіябазы: далёкай авіяцыі (адзін час стаялі адразу два палкі) і зьнішчальнай – супрацьпаветранай абароны краіны. У былым вайсковым гарадку (з 1997 году гарадзкі пасёлак) сёньня ўсё скучана, няма дзе павярнуцца – так забудавана, нават лёгкае пачуцьцё кляўстрафобіі ўзьнікае.

Былы дом афіцэраў у Мачулішчах
Былы дом афіцэраў у Мачулішчах

Былы дом афіцэраў, цэнтар жыцьця, пасьля капітальнага рамонту больш не нагадвае пабудову канца 1950-х гадоў. Перад ім пляц зь вялікім мэмарыялам. Вачам ня веру: прысьвечаны авіяпалку расейскай (!) арміі. «121-му севастопальскаму палку цяжкіх бамбавікоў». Вялікія партрэты лётчыкаў на гранітных дошках, на мэталічных – сьпісы. Прапэлер, ордэны.

На дошцы з ноткамі фатальнасьці паведамляецца: «З 1952 да 1994 году полк базаваўся на аэрадроме Мачулішчы. 8 ліпеня 1994 году выведзены на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі».

Заўважце: нават дзень дакладны пазначаны. А куды ж было яшчэ выводзіць расейскія самалёты, як не ў Расею?! Больш за дваццаць гадоў мінула, а цэнтральны пляц Мачулішчаў прысьвечаны чужому палку, хаця месца гэтаму мэмарыялу ў Расеі. Вось жа ў Лідзе ў авіягарадку перад домам афіцэраў стаяў шэраг самалётаў мінулых часоў, самы каштоўны – Іл-2, яшчэ з вайны. Калі полк вывелі ў Расею, яны ўсе самалёты пазабіралі і паставілі ў сваім гарадку. Нічога тут не пакінулі.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Ёсьць у Мачулішчах і асобны мэмарыял лётчыкам бамбавіка, якія загінулі ў 1941-м пад Днепрапятроўскам. Да Беларусі ніякага дачыненьня ня мелі. У Днепрапятроўску ім паставілі абэліск. Але пры чым тут Мачулішчы? Як выходзіць, тут – традыцыя дбаць пра чужую гісторыю.

Частка мэмарыялу авіяпалку расейскай арміі
Частка мэмарыялу авіяпалку расейскай арміі

Далёкая авіяцыя, цяжкія бамбавікі, не падпарадкоўваліся Беларускай вайсковай акрузе. А вось полк зьнішчальны – напрасткі штабу ў Менску, можна сказаць, свой. І я чакаў якраз убачыць у Мачулішчах мэмарыял, прысьвечаны гэтаму гераічнаму палку (быў расфармаваны ў 1994-м). Яго перасадзілі на недаробленыя, небясьпечныя перахопнікі Су-9. Гэта была па-сутнасьці ракета зь лётчыкам: самалёт меў трохкутныя крылы даўжынёю ўсяго тры мэтры кожнае, шалёную, як на той час, хуткасьць пры ўзьлёце і пасадцы. Ім цяжка было кіраваць. І страшна, канечне.

Гісторыі кароткія: узьляцеў, адарваўся ад пасу, перакуліўся, бразнуўся аб бэтонку «ліхтаром», кабінай.

На Су-9 загінулі дванаццаць лётчыкаў. Самалёт-забойца. У нашым доме (які я пабачыў днямі) на тры пад’езды было тры ахвяры. У першым жыў старэйшы лейтэнант Тэадаровіч (быў з Магілёва), у нашым — капітан Сарокін (зь яго сынам мы пазьней пайшлі ў першую клясу). І за сьценкай жыў яшчэ адзін. Гэта жах: маладая жонка, дзеці-дашкольнікі, а бацька пайшоў ранкам на службу і згарэў у самалёце. Хаваюць пустую чырвоную труну, пад надрыўную жудасную музыку вайсковага аркестру. У мяне гэта ўсё ў памяці.

Ну дык чаму перад былым домам афіцэраў няма партрэтаў гэтых людзей?! Чаму кветкі па сьвятах носяць палку, які даўно служыць у сваёй Расеі? Няма адказу.

Ніколі не вяртайцеся туды, дзе былі шчасьлівыя, пісала адна вядомая пісьменьніца. Пакуль вы ня зробіце гэтага, усё застаецца жывым у вашай памяці. Калі вы апынаецеся там зноў, усё разбураецца. Самае вялікае шчасьце, якое можа надарыцца ў жыцьці — гэта шчасьлівае маленства…

Аказалася, мне трэба было зьезьдзіць у Мачулішчы, каб усьвядоміць, што я меў шчасьлівае маленства. І пераканацца, што ўсё было некалі блізка — за сто-дзьвесьце мэтраў. Каб убачыць сваю школу (і зьдзівіцца школьнікам, якія ходзяць у камуфляжы). А побач зь месцам дзіцячага садка — баптысцкую царку, з выгляду — каталіцкі касьцёл. І зразумець канчаткова, чаму ў мяне цяга да гісторыі і да каталіцтва. Мачулішчы, аб чым паведамляе Беларуская энцыкляпэдыя, вядомыя з 1590 году, належалі вядомым магнатам, а пры апошнім каралю перайшлі да менскага кляштару бэрнардынцаў.

Калі бываю ў Менску і бачу галоўны праваслаўны сабор краіны, адразу ўспамінаю, што гэта менавіта касьцёл бэрнардынскага кляштару, які аддаў царкве цар. І што гэта былі тыя бэрнардынцы, якім належалі мае Мачулішчы. Вось чаму ў мяне цяга да касьцёлу і недавер да царквы.

Што праўда, на авіябазе пабудавалі летась з ініцыятывы камандзіра праваслаўна-каталіцкую капліцу, якую асьвяцілі бацюшка і два ксяндзы. Яны таксама папырскалі сьвятой вадою ўсе «лятальныя апараты». Але капліца прысьвечаная тым, хто не вярнуўся з Аўганістану. А як жа са старэйшым лейтэнантам Тэадаровічам, зь іншымі лётчыкамі, якія загінулі на месцы, у Мачулішчах?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG