Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар НАТО заклікаў Расею вывесьці цяжкія ўзбраеньні з Украіны


Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева направа на першым пляне) падчас сумесных вучэньняў Украіна-НАТО па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацыяў "Украіна-2015" на Яварыўскім палігоне, 21 верасьня 2015 году
Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева направа на першым пляне) падчас сумесных вучэньняў Украіна-НАТО па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацыяў "Украіна-2015" на Яварыўскім палігоне, 21 верасьня 2015 году

Столтэнбэрг заявіў, што нядаўняга паслабленьня сутыкненьняў аказалася недастаткова, каб прынесьці мір у гэтую краіну.

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг заявіў, што зьніжэньня ўзроўню гвалту ва Ўсходняй Украіне аказалася недастаткова для дасягненьня міру, і запатрабаваў ад Расеі вывесьці цяжкія ўзбраеньні, якія, як лічыць альянс, яна пастаўляе сэпаратыстам. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Reuters.

Украінскія дыпляматы заявілі, што двухдзённы візыт Столтэнбэрга — яго першы візыт у якасьці кіраўніка НАТО — мае важнае сымбалічнае значэньне для краіны ў яе імкненьні да інтэграцыі з Захадам ва ўмовах прарасейскага сэпаратызму на ўсходніх тэрыторыях.

Згодна з дамоўленасьцямі, мірны плян урэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне павінен быць выкананы да канца году. Улічваючы гэта, паслабленьне сутыкненьняў з пачатку верасьня абнадзейвае, але зьяўляецца крохкім і далёка не дастатковым, сказаў Столтэнбэрг.

«Цяжкія ўзбраеньні па-ранейшаму знаходзяцца там. Яны працягваюць падтрымліваць сэпаратыстаў», — заявіў Столтэнбэрг у гутарцы з журналістамі перад пачаткам сумесных вучэньняў Украіны і НАТО па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацыяў. Вучэньні праходзяць паблізу Львова на захадзе Ўкраіны.

Расея абвяргае абвінавачваньні Захаду ў тым, што яна пастаўляе салдат і зброю прарасейскім сэпаратыстам, якія арганізавалі бунт у красавіку мінулага году ў Луганскай і Данецкай абласьцях.

Нягледзячы на тое, што ўзровень гвалту дасягнуў самай ніжняй адзнакі з моманту падпісаньня менскіх пагадненьняў аб спыненьні агню сем месяцаў таму, заходнія дыпляматы кажуць, што мірны плян з 11 пунктаў далёкі ад поўнай рэалізацыі.

Столтэнбэрг заявіў, што ў назіральнікаў па-ранейшаму няма належнага доступу ў зону канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG