Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адкрылася выстава, прысьвечаныя беларускаму альфабэту

абноўлена

У цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы Магілёва адкрылася выстава, прысьвечаныя беларускаму альфабэту. Яе аўтар Павал Сідаровіч назваў свой праект — «Літаразнайства».

Графічныя малюнкі з тлумачальнымі надпісамі Паўла Сідаровіча сабраныя ў вітражнай выставе ў вокнах бібліятэкі.

«Кожная мая праца ўяўляе мастацкую кампазыцыю на асобна ўзятую літару беларускага альфабэту, — тлумачыць ён. — Я браў прадмет ці сымбаль, які пачынаецца на пэўную літару, і злучаў іх між сабою чалавечкам. Гэтак утваралася мастацкая кампазыцыя».

У многіх тлумачальных надпісах ёсьць выпраўленыя чырвоным памылкі. Мастак кажа, што заўважаў іх падчас выставаў і тут жа выпраўляў. Пазьней знаёмы філёляг вычытаў вершы, але памылкі Павал вырашыў не прыбіраць з экспанатаў. «Гэта такая своеасаблівая мастацкая форма падачы памылак», — жартуе суразмоўца.

Мастак у жыцьці расейскамоўны. Дык навошта яму тады праект беларускамоўнай скіраванасьці?

«Мая праца — гэта спроба самому ўзгадаць беларускую мову. У школе мы яе вывучаем, але штодзённа на ёй мала хто гаворыць. Спрабую гэткім чынам і папулярызаваць яе. Асабліва сярод моладзі. Ёй дужа падабаюцца мае малюнкі. Яны, як новае слова ў беларускай культуры, як новы погляд на беларускі альфабэт з ракурсу сучаснага мастацтва», — кажа Павал Сідаровіч.

Павал Сідаровіч
Павал Сідаровіч

На думку мастака, сытуацыя, у якой апынулася беларуская мова — вынік стаўленьня да яе і саміх беларусаў.

«Калі б беларуская мова не была ў такім бядотным стане, то і майго праекту, відаць, не было, — разважае Павал. — Мастак — гэта такі чалавек, які адчувае цяперашні час. Ён яго патлумачыць ня можа, але перадае яго ў сваіх творах. Магчыма я адчуў гэтую праблему і выклаў яе ў такім выглядзе. Мова — гэта ж аснова культуры народу. Безумоўна, хацелася б далейшага разьвіцьця мовы і культуры. Праблема ёсьць, і яна адчуваецца».

Графіку Паўла Сідаровіча, прысьвечаную беларускаму альфабэту, пабачылі жыхары шэрагу гарадоў Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Малюнкі выстаўлялася і ў Гомелі. Паводле мастака, водгукі на іх пазытыўныя.

Пазытыўна пра выставу Сідаровіча «Літаразнаўства» выказваліся і мінакі, якія разглядалі арыгінальныя малюнкі ў вокнах бібліятэкі.

Многія адзначалі, што ня часта бачаць у вітражных выставах гарадзкой бібліятэкі беларускамоўе.

«Мне выстава падабаецца, — заўважае адна зь магіляўчанак. — Вобраз мысьленьня і фантазія мастака своеасаблівыя. Напрыклад, тут чалавечка падвесілі дагары нагамі, а тут нажніцамі папалам перарэзалі. А вось там малюнак з труною і тэлефон да яе далучаны».

«Трэба ўдумліва чытаць вершы, каб зразумець малюнак. А што ў мастацтве мусіць быць усё прычэсана? Прыкольна. Малюнкі добра б глядзелася на графіці», — кажа малады чалавек.

Разам з малюнкамі Сідаровіча бібліятэка знаёміць і зь беларускімі кнігамі
Разам з малюнкамі Сідаровіча бібліятэка знаёміць і зь беларускімі кнігамі

У бібліятэцы кажуць, што зацікавілі малюнкі Сідаровіча, бо імі ён у незвычайнай форме ўздымае пытаньне адраджэньня беларускай мовы ды культуры.

«Гледачы былі ўражаныя гэтымі малюнкамі, — адзначае супрацоўніца бібліятэкі Ірына Панцюшэнка. — Спачатку для многіх яны былі не зразумелыя, але разабраўшыся ў незвычайнай форме падачы інфармацыі аўтарам, рэакцыя толькі пазытыўная».

Пасьля таго як выстава аб’едзе ўсю Беларусь, Павал Сідаровіч зьбіраецца перадаць яе ў музэй Уладзімера Караткевіча ў Воршы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG