Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суполкі 80-х гадоў пачаў вывучаць адмысловы Цэнтар дасьледаваньняў


Цэнтар дасьледаваньняў грамадзянскай супольнасьці, які зарэгістраваны ў Літве, пачынае працу па вывучэньні грамадзянскай актыўнасьці ў Беларусі ў пасьляваенны пэрыяд.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды распавяла кіраўніца цэнтру Паліна Сьцепаненка.

«Цэнтар будзе вывучаць нацыянальна-арыентаваныя суполкі 80-х гадоў і тое, што папярэднічала ім. Усе гэтыя актыўнасьці недастаткова вывучаныя ў нас. Хоць шмат рабілася ўжо, але мы хочам сыстэматызавана гэтым заняцца. Праблема ў тым, што цяпер сыходзяць людзі, якія ўдзельнічалі ў падзеях. Пакуль чалавек жывы, здаецца, што яго можна яшчэ будзе пра ўсё распытаць. А пасьля чалавека няма, і вельмі часта разам зь ім зьнікаюць зь нейкіх прычын яго архівы. І жывая гісторыя, якая перад намі проста сыходзіць у нябыт, бо яе ніхто не зафіксаваў. Якраз гэты момант пераходу жывога жыцьця ў гісторыю мы хацелі б захапіць. То бок пераводзіць жывое жыцьцё ў гістарычны пласт, у музэй. Бо вельмі шмат практыкі, якая яшчэ не асэнсаваная».

Паліна Сьцепаненка
Паліна Сьцепаненка

Да стварэньня Цэнтру дасьледаваньняў грамадзянскай супольнасьці мае дачыненьне праваабаронца Алесь Бяляцкі, распавяла Паліна Сьцепаненка.

«Фактычна гэтая ініцыятыва ўзьнікла, калі Алесь яшчэ быў у зьняволеньні. Яна нарадзілася з кніг, якія я дапамагала Алесю Бяляцкаму рабіць — гэта „Халоднае крыло радзімы“ і „Асьвечаныя беларушчынай“. Бо падчас працы над кнігамі мне даводзілася шмат хадзіць па бібліятэках, сустракацца зь людзьмі. У працэсе высьвятлялася, што нейкага чалавека ўжо няма, і даводзілася нешта высьвятляць. Зьявілася шмат інфармацыі, якая не ўвайшла ў кнігі. Вось у працэсе гэтай працы высьветлілася, што ёсьць такі недахоп. А таксама — што некаторыя рэчы ў нашых дзяржаўных архівах недаступныя. Напрыклад, я ведаю, што бюлетэнь праваабарончага цэнтру „Вясна“ „Права на волю“ ў 1998 годзе мы здавалі ў Нацыянальную бібліятэку. Яны там ёсьць, але ўзяць я іх там ня здолела, бо іх няма ў каталёгах».

Паліна Сьцепаненка з архівам фатографа Ўладзімера Сапагова
Паліна Сьцепаненка з архівам фатографа Ўладзімера Сапагова

У Цэнтар дасьледаваньняў грамадзянскай супольнасьці ўжо трапіў фотаархіў фатографа Ўладзімера Сапагова, які ў 1998 годзе супрацоўнічаў зь «Вясной», быў карэспандэнтам бюлетэня «Права на волю». У 80-я гады ён здымаў Купальлі, якія ладзіла «Талака», а таксама шмат якія іншыя акцыі.

«Ён ніколі не разьвітваўся з фотаапаратам. Ён жыў у інтэрнаце трактарнага заводу, быў самотным чалавекам. Я пачала яго шукаць, і аказалася, што яго ўжо тры гады няма ў жывых. У інтэрнаце рабілі рамонт і выкінулі фатаздымкі. Але яго сябар Міхаіл Мякіш здолеў уратаваць нэгатывы, якія аддала камэндантка інтэрнату. Мы хочам цяпер зь імі працаваць, іх шмат, дзесяць каробак. Гэта трэба вывучаць. Дзякуючы гэтым матэрыялам мы хацелі б зрабіць выставу Ўладзімера Сапагова і прысьвяціць яе таксама 30-годзьдзю „Талакі“».

Тэчкі з архівам
Тэчкі з архівам

У 2015 годзе Цэнтар дасьледаваньняў грамадзянскай супольнасьці разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» распачаў працу над дакумэнтальнай кнігай пра беларускага дысыдэнта Міхася Кукабаку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG