Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка шукае 5000 эўра на лячэньне


Былому прэтэндэнту на ўдзел у выбарах прэзыдэнта Віктару Цярэшчанку прапанавалі правесьці паглыбленае мэдычнае абсьледаваньне ў Вільні ў амэрыканска-літоўскім шпіталі.

Лекары паабяцалі даць поўную карціну стану здароўя беларускага палітыка, а таксама знайсьці ядавітыя рэчывы, якімі ён быў атручаны, — паведаміў сёньня Свабодзе Сяргей Скрабец — давераная асоба спадара Цярэшчанкі:

«Зараз шукаем грошы. Гэта ня танная рэч. Каб правесьці поўнае абсьледаваньне і прызначыць неабходны курс лячэньня, трэба заплаціць 5000 эўра. А ў Віктара няма цяпер такіх грошай. Усе грошы, якія былі, пайшлі на выбарчую кампанію».

Сяргей Скрабец кажа, што сёньня раніцай Віктар Цярэшчанка паехаў у родныя мясьціны на Браслаўшчыну падыхаць сьвежым паветрам, проста адаспацца:

«Ён харахорыцца, што яму нібыта лепш. Не, ня лепш. Я ж бачу, што ён самастойна і сто крокаў ня можа прайсьці, каб не пахіснуцца».

Увечары 17 верасьня Віктар Цярэшчанка і Сяргей Скрабец наведалі амбасаду Францыі. Былы прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду ў Беларусі падараваў кіраўніцы дыпмісіі Дамінік Газюі сваю новую кніжку «Выхад з крызісу знойдзены. Ці пасьпеем выйсьці?». У размове Віктар Цярэшчанка назваў цяперашнія прэзыдэнцкія выбары «несвабоднымі», а ўмовы для розных кандыдатаў «неаднолькавымі».

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй. Экс-кандыдат лічыць, што яго атруцілі.

Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў Віктара Цярэшчанку афіцыйным кандыдатам на прэзыдэнта, палічыўшы, што той ня здолеў сабраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў выбарцаў. Гэткая колькасьць подпісаў — мінімум, які неабходны для рэгістрацыі. У кандыдата прызналі сапраўднымі менш за 7 тысяч подпісаў.

Акрамя цяперашняй выбарчай кампаніі, Віктар Цярэшчанка спрабаваў балятавацца на пасаду прэзыдэнта на выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў. Аднак толькі ў 2010 годзе быў зарэгістраваны кандыдатам. Тады, паводле афіцыйных дадзеных Цэнтравыбаркаму, за яго прагаласавалі 1,19% выбарцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG