Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Позьняя кветка» з правінцыі Антарыё


Эліс Манро
Эліс Манро

Юля Цімафеева

Калі ў кастрычніку 2013 Швэдзкая акадэмія замест Сьвятланы Алексіевіч назвала ўладальніцай Нобэлеўскай прэміі па літаратуры зусім іншую пісьменьніцу, я адчула лёгкае расчараваньне, бо, у адрозьненьне ад многіх, зусім не лічу, што гэтая прэмія можа нечым нашкодзіць нашай літаратуры, або што проза Алексіевіч зусім ня «наша». Я б таксама парадавалася за саму пісьменьніцу. І хто ведае, магчыма, нарэшце прайшоў бы гэты штогадовы журналісцкі сьверб на ўсіх сайтах, газэтах і фэйсбуках, і мы нарэшце зажылі б спакойна, не чакаючы імгненнага сусьветнага прызнаньня.

Канечне, гучалі б меркаваньні, што Барадулін ці Быкаў былі б больш вартымі такога ганаровага званьня, як адзіны беларускі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Але ўсё адно страсьці суцішыліся б, і кожны кастрычнік журналісты і журналісткі рознай ступені абазнанасьці ў прадмеце не задаваліся б пытаньнем, ці атрымае сёлета Беларусь свайго нобэля. Магчыма, яны проста пераключыліся б на фізыкаў, хімікаў, мэдыкаў, ну ці прынамсі на міратворцаў, прэцэдэнты ж прэзыдэнцкай міратворчасьці былі... Чаму ўсе спадзевы ўсклалі на літаратуру, калі яе «ўсё роўна ніхто цяпер не чытае»?!..

Магчыма, спачатку нам трэба дачакацца «сур’ёзных» прэмій? У той жа Канадзе, а менавіта там пражывае ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 2013 году, ужо ёсьць пяць прэмій па хіміі, тры па фізіялёгіі і мэдыцыне, столькі ж па фізыцы, яшчэ два нобэлі міру і адна эканамічная прэмія.

Падаецца, імя ляўрэаткі — Эліс Манро (Alice Munro) — у шырокіх беларускіх літаратурных колах тады мала каго зацікавіла. Жанчына, канадка, аўтарка кароткай прозы, ды і нобэля ёй далі за «майстэрства сучаснага апавяданьня». У 2013 годзе на рускую было перакладзена ўсяго некалькі яе твораў, якія друкаваліся ў часопісе «Иностранная литература». А між тым, у англамоўным сьвеце яна была ўжо даволі вядомай, любімай і высока ацэненай аўтаркай. Міжнароднага Букера за сукупны літаратурны набытак, напэўна, проста так не даюць.

«Я прыдумляю гісторыі, колькі сябе памятаю», — гаворыць Эліс Манро ў інтэрвію, прыязна ўсьміхаючыся. (Часам яна сьмяецца ва ўвесь рот, схіляючы ці закідваючы назад галаву, як дзяўчынка-падлетак. Я таксама хачу так адкрыта і весела сьмяяцца, калі дажыву да васьмідзесяці).

Дзяўчынка Эліс зь неспакойным характарам і багатай фантазіяй нарадзілася ў 1931 годзе ў мястэчку Ўінгэм (правінцыя Антарыё) у сям’і школьнай настаўніцы і фэрмэра, які гадаваў лісаў і норак. Пра свае складаныя стасункі з бацькамі ў дзяцінстве аўтарка расказвае ў апошнім зборніку «Дарагое жыцьцё» (Dear Life, 2012).

Напаўжартам Эліс Манро апісвае пачатак сваёй літаратурнай кар’еры наступным чынам. Яшчэ маленькай яна чытала «Русалачку» Ганса Хрысьціяна Андэрсана і калі дайшла да сумнага фіналу, то была проста абураная. Будучая пісьменьніца выскачыла на вуліцу і наразала колы вакол дома, пакуль не прыдумала шчасьлівы канец для гэтай гісторыі.

Сваё першае апавяданьне маладая пісьменьніца надрукавала ў 1950 годзе падчас навучаньня ва Ўнівэрсітэце Заходняга Антарыё. У 20 гадоў яна кінула вучобу і выйшла замуж. У 22 нарадзіла першае дзіця. У сям’і зьявілася чацьвёра дачок, адна зь якіх памерла празь 15 гадзін пасьля нараджэньня. У горадзе Вікторыя, куды сям’я пераехала, яны з мужам адчынілі кнігарню пад назвай «Кнігі Манро» (Munro’s Books). Кнігарня працуе дагэтуль. У 1972 годзе Эліс Манро разьвялася са сваім першым мужам і вярнулася ў Антарыё, каб у родным унівэрсытэце зрабіцца «writer in residence». Празь некалькі гадоў пісьменьніца зноў выйшла замуж і разам з мужам пераехала ў мястэчка Клінтан у правінцыі Антарыё, дзе жыве і цяпер, пасьля сьмерці другога мужа.

Слава да Эліс Манро прыйшла досыць позна, калі пісьменьніцы было ўжо каля сарака. «Я позьняя кветка (late bloomer) » — кажа яна пра сябе і зноў хітравата ўсьміхаецца. Дэбютны зборнік Манро «Танец шчасьлівых ценяў» (Dance of the Happy Shades, 1968) адразу атрымаў найвышэйшую літаратурную ўзнагароду Канады. Але аўтарка неаднойчы прызнавалася, што марыла пісаць раманы, аднак жыцьцё хатняй гаспадыні і маці траіх дзяцей ня надта спрыялі зьдзяйсьненьню гэтай мары. «Доўгія гады я думала, што апавяданьні былі проста практыкаваньнямі, пакуль у мяне ня зьявіцца час, каб напісаць раман. А пасьля я зразумела, што яны — гэта ўсё, на што я здольная, і мне давялося зьмірыцца. Думаю, мае спробы так шмат укласьці ў апавяданьні — гэта кампэнсацыя» — сказала яна ў інтэрвію часопісу «Нью-Ёркер» у 2012 годзе.

Аднак жанр другой кнігі Эліс Манро «Жыцьцё дзяўчат і жанчын» (Lives of Girls and Women) быў вызначаны як раман, хоць кніга ўсё адно складаецца з апавяданьняў, аб’яднаных адной гераіняй. Выданьне кнігі аказалася ў нечым скандальным: Манро атрымлівала гнеўныя лісты з пагрозамі ад жыхароў свайго роднага гораду, бо кніжны гарадок Джубілі вельмі нагадваў мястэчка Ўінгэм, дзе аўтарка нарадзілася, а Дэл Джордан, гераіня твору, якая робіцца пісьменьніцай — саму Манро ў юнацтве.

Цягам жыцьця Эліс Манро выдала 14 зборнікаў апавяданьняў. Па дзіўным зьбегу абставінаў за некалькі месяцаў да прысуджэньня ёй нобэля пісьменьніца абвясьціла, што больш ня будзе пісаць: «Падаецца, для мяне прыйшоў час спыніцца і проста расслабіцца». А таму, калі новых кніг нам пабачыць ня ўдасца, будзем чытаць тыя, што ёсьць.

«Зашмат шчасьця» (Too Much Happiness, 2009)

Дзеяньне практычна ўсіх твораў Эліс Манро адбываецца ў яе роднай правінцыі Антарыё. Галоўныя гераіні — хатнія гаспадыні, як некалі яна сама, пісьменьніцы на пэнсіі, маладыя настаўніцы. Што асаблівага зь імі можа адбывацца? Аднак Манро ня ведае спагады да сваіх пэрсанажаў.

Зборнік «Зашмат шчасьця» адкрываецца творам пад назвай «Вымярэньні». Яго галоўная гераіня Доры, маладая дзяўчына ў 17-гадовым узросьце, выходзіць замуж за Лойда, былога хіпі, сябра ейнай нядаўна памерлай маці, нараджае ад яго траіх дзяцей... Аднак вар’яцтва і рэўнасьць прыводзяць Лойда да жорсткага забойства ўсіх траіх. Гора і здольнасьць яго перажыць, справіцца зь бядой — адна з асноўных тэмаў гэтага твору. Страта дзяцей — неспасьцігальная трагедыя, гераіня ня ў стане яе ні прыняць, ні, падаецца, нават усьвядоміць. Ідэя вар’ята-забойцы пра тое, што дзеці могуць быць недзе жывымі і шчасьлівымі, у «іншым вымярэньні», спроба ўхапіцца за самую неверагодную надзею, каб толькі ня думаць пра зьдзейсьненае, «дораць сьвятло» гераіні, але ці можа яно вывесьці дзяўчыну да нармальнага жыцьця?..

Другое апавяданьне ў зборніку — «Fiction» («Мастацкая літаратура»). Назва раскрывае і асноўную тэму гэтага твору — адносіны паміж літаратурай і жыцьцём. Сярод шматлікіх гасьцей на шумным юбілеі свайго другога мужа галоўная гераіня сустракае маладую жанчыну, якая аказваецца аўтаркай кнігі кароткай прозы. З характэрнай для яе іранічнасьцю Эліс Манро заўважае: «Зборнік апавяданьняў, не раман. Гэта само па сабе расчараваньне. Яно быццам бы зьмяншае важкасьць кнігі, робячы аўтара падобным да таго, хто чапляецца за браму Літаратуры, замест таго, каб бясьпечна ўладкавацца за ёю». Сюжэт аднаго апавяданьня моцна ўзрушвае галоўную гераіню, бо ў пэрсанажы твору яна бачыць сябе ў далёкім мінулым. Але ці сапраўды яна — гераіня кнігі? У адным з інтэрвію Эліс Манро заўважыла: «Ты заўжды спрабуеш зрабіць сваіх герояў больш цікавымі за тых людзей, якіх ты ведаеш у жыцьці». У гэтым творы аўтарка ня толькі іранізуе са сваёй адданасьці кароткай прозе, з сучаснага інстытуту сям’і, але і спрабуе паказаць, што літаратура — гэта перш за ўсё фантазія, і нават калі яна падобная да праўды, то зьяўляецца ёю толькі ў мастацкім сэнсе, а не як дакумэнт.

Усяго ў кнізе дзесяць апавяданьняў. Гэта гісторыі пра тое, як падлеткі сыходзяць з дому і пасьля не вяртаюцца; пра тое, як удава выправаджвае злодзея, які забіраецца ў яе дом; пра тое, якую страшную таямніцу пранесьлі праз жыцьцё дзяўчынкі-падлеткі, якія пастараліся забыцца адна пра адну...

Апошняе апавяданьне, якое і дало назву зборніку, «Зашмат шчасьця» прысьвечанае Соф’і Кавалеўскай. Гэта гісторыя рускага матэматыка, раманісткі і вучонай, якая дзеля адукацыі і працы вымушаная зьехаць за мяжу. У апавяданьні апісаныя апошнія тыдні жыцьця жанчыны, якая яшчэ так шмат плянавала зрабіць у літаратуры, навуцы, асабістым жыцьці. І апошнімі яе словамі былі: «Зашмат шчасьця».

Натуральна, апавяданьні Эліс Манро я б раіла чытаць у арыгінале: ў яе лёгкі і празрысты стыль, поўны іранічнасьці і эмпатыі нават да самых сваіх «злосных» герояў. Наколькі я ведаю, на беларускую мову існуе пераклад толькі аднаго яе апавяданьня «Чырвоная сукенка ўзору 1946 году» (пераклаў П. Касцюкевіч), затое па-расейску — 7 кніг. Шчасьця ў чытача зашмат не бывае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG