Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка шукае грошы нават у Душанбэ


Таджыкістан - (зьлева направа) прэзыдэнты Беларусі - Аляксандар Лукашэнка, Таджыкістана - Эмамалі Рахмон, Расеі - Уладзімер Пуцін і Кыргызстана - Алмазбек Атамбаеў напярэдадні сэсіі АДКБ у Душанбэ, 15 верасьня 2015 году
Таджыкістан - (зьлева направа) прэзыдэнты Беларусі - Аляксандар Лукашэнка, Таджыкістана - Эмамалі Рахмон, Расеі - Уладзімер Пуцін і Кыргызстана - Алмазбек Атамбаеў напярэдадні сэсіі АДКБ у Душанбэ, 15 верасьня 2015 году

Сёньня ў Душанбэ праходзіць сэсія АДКБ — Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. У гэтую арганізацыю ўваходзяць шэсьць краін — Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан. Экспэрты прагназуюць, што АДКБ, якая стваралася як інструмэнт супрацьдзеяньня зьнешнім пагрозам, можа стаць мэханізмам здушэньня ўнутраных канфліктаў.

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Душанбэ ўвечары 14 верасьня. Сустракалі яго тут па-ўсходняму пышна — пад ногі Лукашэнку кідалі пялёсткі ружаў, а вянок з кветак быў такой велічыні і формы, што цяжка было ўтрымаць нават аберуч.

Паездку ў Душанбэ Лукашэнка спачатку скарыстаў дзеля асабістай сустрэчы з прэзыдэнтам Таджыкістану Эмамалі Рахмонам. Дагэтуль Лукашэнка некалькі разоў наведваў Таджыкістан, гэтаксама як Рахмон — Беларусь. У траўні 2014 году кіраўнікі дзьвюх дзяржаў з помпай падпісалі дамовы аб стварэньні ў Таджыкістане некалькіх сумесных прадпрыемстваў. Тады было шмат абяцанак, гаварылася пра вялікія пэрспэктывы гэтага супрацоўніцтва.

Вынік усяго гэтага наступны: таваразварот паміж Беларусьсю і Таджыкістанам летась склаў усяго 35 мільёнаў даляраў. Так кажа кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Дзе Таджыкістан, а дзе Беларусь? Гэтыя 35 мільёнаў — прыкладна ўсяго 0,05% ад таго, што Беларусь прадае за мяжу. Мы спадзяёмся, што праз сыстэму дзяржзаказу, якая дзейнічае ў таджыкаў, можна будзе дамовіцца зь мясцовымі чыноўнікамі аб продажы найперш трактароў. Ну, прададзім на 2–3 трактары болей, нават няхай на 10, але з умовай, што таджыкі аплацяць куплю праз два-тры гады. Але ж гэта ня продаж, гэта не стымуляваньне попыту на беларускую тэхніку.

Так што ня трэба тут нічога прыдумляць. Таджыкістан для Беларусі — гэта краіна так званай „дальняй дугі“. Калісьці мы разам былі ў адной савецкай імпэрыі. Ну і што з гэтага? Калі няма канкрэтных падставаў для супольнай супрацы, асабліва бізнэсу і інвэстараў, то тады хай хоць на галаву стане прэзыдэнт ці прэм’ер-міністар, нічога з гэтага не атрымаецца. Акрамя нейкіх намэнклятурных кантрактаў. Апошнія могуць мець месца, але яны, як паказала супраца з Вэнэсуэлай, заканчваюцца, як толькі скончыцца інтарэс канкрэтных чыноўнікаў».

На думку кандыдата гістарычных навук Яўгена Красуліна, паездка ў Таджыкістан для Аляксандра Лукашэнкі найперш важная дзеля таго, каб атрымаць грошы. Пра гэта можна паспрабаваць дамовіцца з Уладзімерам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым:

Яўген Красулін
Яўген Красулін

«Задача тут адна — дзе знайсьці грошы? Гэта ёсьць і спроба прасунуць беларускія тавары хоць бы на рынак гэтай арганізацыі — АДКБ. Дэ-факта гэта самы даступны рынак для нашай прадукцыі. Паколькі кіраўніцтва Беларусі хапаецца за любую магчымасьць, каб хоць неяк разгрузіць склады, то і тут будзе такая спроба».

Увага да сёньняшняга саміту АДКБ падаграецца тым, што ў Таджыкістане нядаўна адбыўся ўнутраны канфлікт — супраць афіцыйных уладаў выступілі прыхільнікі былога намесьніка міністра абароны Абдухаліма Назарзады. Пакуль сілы хуткага рэагаваньня АДКБ ня ўдзельнічалі ў гэтым канфлікце, як і раней падчас падзеяў у Кіргізстане. Аднак экспэрты непакояцца, што АДКБ, якая стваралася як інструмэнт супрацьдзеяньня зьнешнім пагрозам, стане мэханізмам здушэньня ўнутраных канфліктаў на тэрыторыі любой зь дзяржаў-удзельніц Дамовы.

Беларускі экспэрт Вячаслаў Пазьняк, які шмат гадоў вывучае міжнародныя вайсковыя структуры, падазрае, што такі мэханізм ужо існуе:

«АДКБ пасьля кіргіскіх падзеяў, уласна кажучы, выбудавала працэдуры, калі хочаце, пратакол, паводле якіх можна аказваць экстраную дапамогу любой краіне Дамовы. Яна патрэбная для „разрульваньня“ ўнутраных крызісаў, якія зьвязаныя з экстрэмізмам, тэрарызмам і гэтак далей. І выключыць такі сцэнар ня толькі нельга, а наадварот, ён магчымы. То бок АДКБ на сёньня ў стане праводзіць такія мерапрыемствы і акцыі. Іншая справа, што дакумэнты пра гэта ў адкрыты доступ ня выкладзеныя.

Я думаю, што ў самым агульным выглядзе, гэтаксама як і ў сыстэме НАТО, патрабуецца кансэнсус дзяржаў, якія ўваходзяць у АДКБ. Але зразумела, што ў гэтай структуры вядучая дзяржава — Расея. І нават калі кансэнсусу ня будзе, Расея можа пайсьці на аднабаковыя дзеяньні па-за рамкамі АДКБ, калі яна палічыць, што просьба нейкай краіны мае пад сабой абгрунтаваньне і што такім чынам будзе не дазволена разгарнуцца крызісным падзеям».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG