Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі


На сайце амэрыканскага ўрадавага весьніка Federal Register ў сераду зьявіліся адразу два паведамленьні, зьвязаныя з санкцыямі супраць Расеі.

У першым зь іх гаворка ідзе пра чарговыя ўдакладненьні санкцый, ужо уведзеных супраць Расеі ў сувязі з яе ўмяшаньнем у падзеі ва Ўкраіне. Гэтыя санкцыі ўжо ўдакладняліся і пашыраліся месяц таму ў адказ на спробы расейскіх кампаній іх абысьці. Тады, 30 ліпеня, у санкцыйны сьпіс трапілі 11 грамадзян Расеі, у тым ліку сваякі блізкіх да расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна алігархаў Генадзя Цімчанкі і Барыса Ратэнберга, а таксама 15 кампаній — пераважна даччыных структур фірмаў, якія трапілі пад санкцыі і якія выкарыстоўваліся для іх абыходу.

Гэтага аказалася недастаткова і цяпер, каб забясьпечыць эфэктыўнасьць санкцый, яны будуць распаўсюджвацца на ўсе даччыныя кампаніі «Раснафты», Іжэўскі мэханічны завод, канцэрн «Іжмаш», шэраг прадпрыемстваў зь Фінляндыі, Швэйцарыі, Украіны (у асноўным, зарэгістраваных у Крыме і Данецку), Вялікабрытаніі і Кіпра. Таксама пашыраецца сьпіс абсталяваньня, забароненага для паставак «Раснафце» і яе «дочкам» — як піша расейскае выданьне «Коммерсант», гаворка ідзе пра тэхналёгіі і тавары, «неабходныя для асваеньня сланцавых і арктычных радовішчаў, а таксама глыбакаводнага шэльфа».

У другім паведамленьні на сайце Federal Register гаворка ідзе пра санкцыі супраць пяці расейскіх прадпрыемстваў абароннага комплексу, уведзеныя з-за парушэньня амэрыканскага закону аб нераспаўсюджваньні зброі масавага паражэньня. За пастаўкі ядзерных і ракетных тэхналёгій Ірану, Паўночнай Карэі і Сірыі пакараныя ня толькі расейскія кампаніі, але і фірмы з Кітаю, Судану, Турэччыны і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Расея патрапіла ў гэты сьпіс, як лічаць апытаныя Радыё Свабода экспэрты, у першую чаргу з-за паставак ракетных комплексаў С-300 Ірану. Санкцыі будуць накладзеныя на тульскае Канструктарскае бюро прыборабудаваньня «Катод», «НВА машынабудаваньня», карпарацыю «МіГ», а галоўнае, на «Рособоронэкспорт» — асноўнага прадаўца расейскай вайсковай тэхнікі за мяжу.

На думку ваеннага экспэрта, дырэктара Цэнтру міжнароднай бясьпекі Інстытуту міжнароднай эканомікі і міжнародных адносін РАН Аляксея Арбатава, гэтыя абмежаваньні будуць вельмі балючыя для Расеі, бо з-за санкцый ЗША з кампаніяй «Рособоронэкспорт» могуць адмовіцца супрацоўнічаць і фірмы зь іншых краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG