Сёньня каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны адбыліся сутыкненьні паміж сіламі правапарадку і маніфэстантамі, якія патрабавалі не прымаць зьмены ў Канстытуцыю. Зьмены прадугледжваюць пашырэньне паўнамоцтваў і асаблівы статус Данбасу.
Пасьля галасаваньня, якім у першым чытаньні былі ўхваленыя зьмены ў Канстытуцыю, маніфэстанты пайшлі штурмам на Раду і пачалі кідаць дымавыя шашкі. Потым у шэрагі міліцыі і Нацгвардыі кінулі баявую гранату.
Міліцыя затрымала каля 30 чалавек, у тым ліку таго, хто, верагодна, і кінуў гранату пад Радай.
Колькасьць параненых ацэньваецца ў 100 чалавек. Як паведаміў дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка, ад раненьня, атрыманага ў сутычках каля Вярхоўнай Рады, ў шпіталі сёньня памёр баец Нацыянальнай гвардыі.
Паводле Герашчанкі асобы, якіх ён назваў правакатарамі, акрамя гранат, выкарыстоўвалі таксама агнястрэльную зброю.
Міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў вінаваціць уу сёньняшніх падзеях партыю «Свабода» і яе лідэра Алега Цягнібока. Паводле Авакава, Гранату ў праваахоўнікаў пад Вярхоўнай Радай Украіны кінуў Ігар Гумянюк, які зьяўляецца чальцом партыі «Свабода» і байцом дабравольніцкага батальёну «Січ».