Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жывым эфіры LifeNews павіншавалі зьняволенага Алега Сянцова ВІДЭА


У эфіры расейскага прапагандысцкага каналу «LifeNews» запрошаны ў студыю ірляндзкі кінарэжысэр Джоні О’Райлі павіншаваў з Днём кіно свайго ўкраінскага калегу Алега Сянцова, які асуджаны ў Расеі на 20 год нібыта за спробу тэракту.

27 жніўня ў Расеі адзначаецца Дзень кіно. У ранішні наўпроставы эфір Джоні О’Райлі быў запрошаны разам з расейскім акторам Алегам Доліным каб распавесьці пра сумесны ірляндзка-расейскі фільм «Масква ніколі ня сьпіць», прэм'ера якога ў Расеі прызначаная на 3 верасьня. У сваім прывітальным слове ірляндзец павіншаваў усіх з Днём кіно і дадаў:

— Таксама хачу павіншаваць аднаго чалавека, які зараз сядзіць у турме па палітычных матывах — гэта Алег Сянцоў. Гэта важна што мы яго не забываем, асабліва ў гэты дзень.

Вядучыя ніяк не зрэагавалі, наступныя дзьве хвіліны да канца эфіру размова ішла пра фільм. Запіс гэтай размовы вісіць на ютубаўскім канале LifeNews

Крымскі кінарэжысэр Алег Сянцоў, прыхільнік Эўрамайдану і праціўнік далучэньня Крыму да Расеі, быў захоплены расейскімі спецслужбамі ў траўні 2014 г. у Сымфэропалі. Яму было прад’яўлена абвінавачваньне ў падпалах офісаў расейскіх арганізацый і спробе ўзарваць помнік Леніну. Нягледзячы на тое, што ўсе доказы віны былі заснаваныя на паказаньнях двух чалавек, адзін зь якіх на судзе адмовіўся ад сваіх паказаньняў, заявіўшы што яны былі зь яго выбітыя, 25 жніўня Сянцоў быў асуджаны на 20 год.
Джоні О’Райлі на працягу 12 гадоў жыў у Маскве, і сваім фільмам «Масква ніколі ня сьпіць» хацеў паказаць замежным гледачам, як у Расеі жывуць людзі. У карціне зьняліся вядомыя расейскія акторы: вядомы апазыцыйнымі выступамі Алег Яфрэмаў, выканаўца галоўнай ролі ў «Левіяфане» Аляксей Серабракоў, падпісант у падтрымку палітыкі Пуціна Юры Стаянаў і іншыя.
Слоган фільму: «Гэты горад перавярне тваё жыцьцё». А адзін з герояў, бізнэсмэн, што бароніццца ад дзяржаўных чыноўнікаў, кажа: «Ты ніколі не задумваўся, што Масква — гэта турма?.. Як зьбегчы з турмы, якую любіш?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG