Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб апрануць дзіця ў школу, трэба каля 12 мільёнаў. Грошы зьбіралі ўсё лета»


Школьны базар
Школьны базар

Да пачатку новага навучальнага году засталіся лічаныя дні. З гэтай прычыны колькасьць наведнікаў школьных кірмашоў і аддзелаў школьнага адзеньня ў менскіх крамах павялічылася ўдвая. Павышаны попыт на школьныя тавары не пацярпеў нават ад падзеньня курсу беларускага рубля і высокіх цэнаў, кажа прадавачка вулічнага павільёна ўнівэрсальнай крамы «ГУМ» Сьвятлана.

Прадавачка: «Пасьля дваццатага чысла асабліва шмат людзей стала, бо дзяцей прывозяць зь лягераў, лецішчаў, і менавіта цяпер асноўны паток ідзе».

Карэспандэнтка: «На гэты час якраз прыпала падзеньне курсу беларускага рубля. Ці адчувалася гэта праз пакупнікоў?»

школьны базар
школьны базар

Прадавачка: «Не, мы гэтага ніяк не адчулі. Бо дзяцей усё роўна трэба зьбіраць у школу. Хочаш ня хочаш, а школьную форму набываць будзеш».

Карэспандэнтка: «На якую суму звычайна набываюць?»

Прадавачка: «Па-рознаму. Калі, да прыкладу, у нас набыць вопратку, сарочку, туфлікі, то гэта абыдзецца прыкладна ў два мільёны. Але гэта без уліку таго, што дзіцяці патрэбныя шкарпэткі, ніжняя бялізна, блюзка, заплечнік, зьменны абутак, спартовая форма і гэтак далей...»

Карэспандэнтка: «На вашу думку, гэта дорага?»

Прадавачка: «Дорага. Вельмі...»

Для школьнага адзеньня і абутку, канцылярскіх тавараў буйныя крамы адводзяць асобныя аддзелы. У перадшкольны сэзон, каб не ствараць натоўпаў і задаволіць усіх наведнікаў, пры ўваходах стаўляюць часовыя намёты і павільёны. Размаўляю з наведнікамі аднаго з такіх вулічных шатроў каля сталічнай крамы «Няміга»:

Школьны базар
Школьны базар

Бабуля: «Выпраўляю ў школу ўнучку — пятая кляса. Адзеньня выбар вялікі, і, можна сказаць, даступныя кошты».

Карэспандэнтка: «Гэта якія даступныя?»

Бабуля: «Ну, да прыкладу, блюзка — 250 тысяч рублёў. Але мы ня ўсё набываем — шмат што засталося. А ўвогуле — у нас вялікая сям’я, і ёсьць такая ўзаемавыручка: калі нешта добрае трэба набыць, то дапамагаем адно аднаму».

Карэспандэнтка: «А падзеньне курсу беларускага рубля неяк паўплывала на вашы набыткі?»

Бабуля: «Канечне, паўплывала. Як жа не паўплывала, калі заробкі на месцы, а кошты растуць?»

Школьны базар
Школьны базар

Шэрагі школьнага адзеньня — суцэльны масіў чорнага сукна дзьвюх-трох мадэляў. Многія пакупнікі разам зь дзецьмі падоўгу выбіраюць, прымяраюць — а купляюць не заўсёды. Яшчэ адна бабуля, якая таксама зьбірае ў школу ўнучку, кажа, што школьныя зборы абцяжараныя ня гэтулькі коштамі, колькі дрэннай якасьцю і малой разнастайнасьцю тавараў.

Бабуля: «Шукаем форму, спаднічку альбо сарафан: каб модненькае было, арыгінальнае. Але пакуль нічога такога не знайшлі. Тое, што ёсьць, не задавальняе якасьцю. Па коштах — таксама было б добра ўкласьціся ў пэўную суму...»

Карэспандэнтка: «Якую менавіта? І — ці моцна перашкодзіць вам падзеньне беларускага рубля?»

Школьны базар
Школьны базар

Бабуля: «Добра было б, каб мільён ці каля таго. Але справа нават ня ў суме і ў курсе беларускага рубля, а ў якасьці тавараў. Каб кошт і якасьць, зьнешні выгляд адпавядалі адно аднаму. Справа ў густах нашых вытворцаў. Вось чорнае — і... што хочаш, тое і рабі».

Каб прывабіць пакупнікоў, шмат якія буйныя менскія крамы, як «Няміга», ЦУМ, ГУМ, «Беларусь» і іншыя, прапаноўваюць зьніжкі на школьныя тавары да 20%. Але і з такімі зьніжкамі кошты на адзеньне, абутак і канцылярскія тавары застаюцца для пакупнікоў вельмі высокімі. Размаўляю з матуляй, якая выбірае адзеньне для хлапчукоў у ЦУМе:

Матуля: «Пакуль што дрэнна выбіраецца: то памер неадпаведны, то колер, то мадэль. Адзінае, што — якасьць добрая».

Карэспандэнтка: «Колькі дзяцей зьбіраеце ў школу і колькі на гэта патрэбна грошай?»

Школьны базар
Школьны базар

Матуля: «Траіх сыноў. І патрэбна на гэта... Ну, дзесьці каля дванаццаці мільёнаў. Гэта калі без асеньне-зімовага адзеньня і абутку: куртак, ботаў. Гэта толькі ў школу адправіць».

Карэспандэнтка: «А вы з мужам колькі зарабляеце?»

Матуля: «Значна менш. Эканомілі ўсё лета: на адпачынку, лецішча было дапамогай, бабулі — на ўсім. Так проста ўзяць і сабраць дзяцей у школу проста нерэальна».

Карэспандэнтка: «Цяжка гадаваць дзяцей?»

Матуля: «Цяжка... Вельмі цяжка... Гэта адназначна. Каб раней сказалі, то і не паверыла б...»

Карэспандэнтка: «Ад дзяржавы падтрымка ёсьць?»

Матуля: «Ну, ёсьць... Гэта аднаразовая дапамога. Але гэта такая драбяза, што казаць не выпадае. Ну, хіба на якія канцылярскія тавары — і тое добра».

Яшчэ адна сям’я — мама, тата і двое дзяцей — выбірае адзеньне для хлопчыка. Як і іншыя мае суразмоўцы, доўга выбіраюць і ахвотна дзеляцца сваімі ўражаньнямі і перажываньнямі:

Матуля: «У нас ужо дзяўчына амаль дарослая, і ёй школьная форма не патрэбная, дзякаваць богу. Вось толькі сыну. І то ў нас уся надзея на тату: працуе, падпрацоўвае — як можа, гэтак і зарабляе. А інакш было б цяжка. Толькі на заробак немагчыма пражыць».

Школьны базар
Школьны базар

Тата: «Як казала адна высокапастаўленая асоба, „кручуся“».

Карэспандэнтка: «Курс даляра ўплывае на гэтыя зборы?»

Матуля: «Паколькі ў нас тата зарабляе ў тым ліку і ў далярах, то нам яшчэ нібыта і выгадна. А калі б толькі ў беларускіх, то было б вельмі цяжка. Мы як бы ўпраўляемся дзякуючы тату нашаму».

Карэспандэнтка: «Якія спадзяваньні на будучыню і на каго іх ускладаеце?»

Матуля: «На ўлады спадзяваньняў няма. На тату нашага і на саміх сябе — толькі. Ні на кога спадзявацца нельга».

Тата: «Спадзяваньні на сябе і на працу: жыць і працаваць. Бывае горш. А ёсьць праца — і гэта ўжо добра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG