Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь асуджаная на Эўропу


Піша вядомы кіеўскі журналіст Віталь Портнікаў.

24 гады таму беларускі парламэнт адразу пасьля ўкраінскага абвясьціў дзяржаўную незалежнасць сваёй краіны.

Для беларусаў гэта было яшчэ больш нечаканае рашэньне, чым для ўкраінцаў. Прыхільнікі дзяржаўнасьці ў гады перабудовы не складалі большасьці ў грамадзтве. Намэнклятура трывала ўтрымлівала пазыцыі ў кіраваньні краінай. Больш за тое, насельніцтва Беларусі было яшчэ больш савецкім, чым гэтая намэнклятура,— што і выявілася праз тры гады, калі першым — і пакуль апошнім — прэзыдэнтам краіны быў абраны аўтакрат і папуліст Аляксандар Лукашэнка.

Ці можна сьцьвярджаць, што для беларускага народу рашэньне аб незалежнасьці было заўчасным і прывяло да палітычнага і эканамічнага тупіку? Я б не спяшаўся з такімі заявамі. Так, практычна ўсе гады існаваньня Беларусі яе лідэры — спачатку прэм’ер Вячаслаў Кебіч, а потым Лукашэнка — гандлявалі беларускім сувэрэнітэтам ў абмен на захаваньне той маргінальнай эканомікі і грамадзкага жыцьця, якія да гэтага часу захоўваюць Беларусь у выглядзе савецкага музэя. Так, у беларускага грамадзтва не хапіла сіл для сур’ёзных рэформаў і адмовы ад савецкага досьведу. Так, Беларусь апынулася саюзнікам аднаго з самых агідных рэжымаў сучаснага сьвету. Так, саюз з Расеяй пагражае ня толькі сувэрэнітэту Беларусі — ён пагражае культуры, мове, самой душы самабытнай краіны. Таму што «саюзьнікі» ставяцца да ўсяго беларускага — як да ўсяго ўкраінскага — з адкрытай пагардай. Яны гатовыя плаціць менавіта за тое, каб сапраўднай эўрапейскай Беларусі ня ўзьнікла.

Але гэтая Беларусь паўстане менавіта таму, што гадзіньнік імпэрыі адлічвае апошнія гады да краху. У Беларусі няма выбару паміж Расеяй і Эўропай — нават калі большасьць грамадзян гэтай краіны гэтага яшчэ не разумее. Проста Расея неўзабаве перастане ўтрымліваць Беларусь, паміж дзьвюма краінамі пройдзе сапраўдная мяжа, расейскія войскі пакінуць тэрыторыю гэтай краіны — таму што ў Масквы ня будзе больш грошай на гэтую забаўку.

Беларусі давядзецца разгарнуцца на Захад і пачаць рэфармаваньне краіны. Беларусь асуджаная на сяброўства ў Эўразьвязе і НАТО — хоча гэтага сёньня яе насельніцтва ці не. Беларусь асуджаная на абарону сваёй мовы і адмову ад «саўка» — хоча гэтага сёньня яе насельніцтва ці не. Беларусь асуджаная на саюз з Польшчай, Украінай і Літвой — а не на саюз з Расеяй і Казахстанам. Зусім ня мае значэньня, што з гэтай нагоды думаюць сёньня ў Менску. Важна тое, што беларусам скажуць гісторыя, эканоміка і геаграфія.

Публікацыя паводле сайту espreso.tv.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG