Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля эўфарыі: чаму Статкевіч не павінен паўтарыць шлях Казуліна


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

«У нашых пераважна сумных палітычна-жыцьцёвых рэаліях кадры сустрэчы Статкевіча на вакзале — як павеў ветра ў задушлівы дзень, як добрая кава раніцай, як халодная вада пасьля цяжкай фізычнай працы. Неабходна, натхняе, бадзёрыць. Давайце запомнім гэта адчуваньне».

Гэты допіс я пакінуў у сваім Фэйсбуку ўначы на нядзелю пасьля прагляду жывога эфіру сустрэчы Міколы Статкевіча на менскім аўтавакзале. І сапраўды, хацелася б, каб гэтае адчуваньне гонару, радасьці, натхненьня затрымалася ў нас як мага болей.

Але — эмацыйны пад’ём не адмяняе патрэбы паспрабаваць крытычна прааналізаваць сытуацыю, якая складваецца ў беларускай апазыцыі пасьля вызваленьня Статкевіча. Ці можа трыюмфальная сустрэча Статкевіча на вакзале працягнуцца ягоным трыюмфальным вяртаньнем у палітыку?

Перш за ўсё, давайце прызнаемся — беларусы не такія людзі, для якіх факт зьняволеньня аўтаматычна азначае прызнаньне за гэтым чалавекам права на маральнае і палітычнае лідэрства. Ня варта спадзявацца, што шырокія народныя масы, ды нават і апазыцыйныя лідэры зараз аўтаматычна скажуць: «Мікола, ты наш Вацлаў Гавэл, наш Нэльсан Мандэла — усе пойдзем за табой, гавары, што рабіць».

Статкевіч — апрача іншага, жывы дакор тым, хто, у адрозьненьне ад яго, ня здолеў пайсьці да канца, пагадзіўся напісаць просьбы аб памілаваньні, рабіў нейкія кампрамісныя заявы ці зьехаў з краіны

Статкевіч — апрача іншага, жывы дакор тым, хто, у адрозьненьне ад яго, ня здолеў пайсьці да канца, пагадзіўся напісаць просьбы аб памілаваньні, рабіў нейкія кампрамісныя заявы ці зьехаў з краіны. Натуральна, мы ня маем ніякага маральнага права патрабаваць ад іншых палітыкаў бескампраміснага гераізму на ўзроўні рызыкі для жыцьця — але адзін з іх паказаў, што такі шлях магчымы.

Калі разважаць, як Мікола Статкевіч можа ўвайсьці ў палітычнае жыцьцё, то варта ўзгадаць некаторыя іншыя прыклады і аналёгіі, якія будуць тут дарэчнымі. У жніўні 2008 году пад ціскам міжнароднай грамадзкасьці (якая на той момант найбольш эфэктыўна праявілася ў трох літарах — МВФ) з турмы вызвалілі былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.

Многія разглядалі яго на той момант як ці не адзіную пэрсанальную альтэрнатыву Лукашэнку і лідэра, здольнага аб’яднаць усю апазыцыю. Але Казулін, здаецца, так і ня вызначыўся, кім ён хоча стаць — прапаведнікам (на першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля вызваленьня ён гаварыў пра сьвятло і цемру ды іншыя філязофскія абстракцыі), праваабаронцам ці палітыкам. У выніку, фактычна за некалькі месяцаў бязьдзеяньня і пустых развагаў, ён перастаў успрымацца як актыўны палітычны лідэр.

Наступны прыклад — трошкі зь іншай сфэры, але таксама мае дачыненьне да нашай тэмы. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе Аляксандар Мілінкевіч і фармальна, і паводле рэйтынгу быў безумоўным лідэрам аб’яднанай апазыцыі. Але — адсутнасьць выразнай стратэгіі, пасіўнасьць, невыразнасьць плянаў на будучыню прывяла да таго, што іншыя апазыцыйныя лідэры ўжо праз год скінулі Мілінкевіча з гэтага п’едэсталу.

Ёсьць усе падставы меркаваць, што Мікола Статкевіч — чалавек з зусім іншым характарам. Статкевіч — дасьведчаны і прынцыповы палітык, які ніколі не саромеўся ісьці супраць большасьці ў апазыцыйным асяродку. Нагадаю толькі два факты, не даючы ім ніякай ацэнкі. У 2000 годзе, калі ўся тытульная апазыцыя вырашыла байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў (каб не дапусьціць прызнаньня Палаты міжнароднай супольнасьцю), партыя Статкевіча БСДП (Народная Грамада) была, фактычна, адзінай апазыцыйнай структурай, якая брала ўдзел у гэтых выбарах — чым выклікала традыцыйныя абвінавачваньні ў здрадніцтве. У 2004-м, калі чарговыя парлямэнцкія выбары былі спалучаныя з рэфэрэндумам аб дазволе на бестэрміновае прэзыдэнцтва Лукашэнкі — Статкевіч разам зь Севярынцам былі, фактычна, адзінымі зь вядомых палітыкаў, хто выйшаў тады на стыхійную акцыю пратэсту. У неарганізаваным загадзя шэсьці прыняло ўдзел усяго некалькі сотняў чалавек, а Статкевіч за гэта атрымаў свой першы тэрмін зьняволеньня.

калі Мікола ня хоча паўтарыць лёс Казуліна, калі хоча «вяртацца ў барацьбу» (ягоныя словы) у якасьці лідэра, яму давядзецца дзейнічаць вельмі актыўна і нават агрэсіўна, не заўсёды зьвяртаючы ўвагу на інтарэсы і меркаваньне розных апазыцыйных структураў, давер да якіх шмат у чым падарваны

Зараз у Статкевіча на хвалі ягонай безумоўнай маральнай перамогі ёсьць даволі моцны крэдыт даверу ад найбольш палітычна актыўнай часткі беларускага грамадзтва — якая ня бачыць рэальнай барацьбы з рэжымам, і менавіта таму прызнае ў Статкевічы свайго лідэра. Але калі Мікола ня хоча паўтарыць лёс Казуліна, калі хоча «вяртацца ў барацьбу» (ягоныя словы) у якасьці лідэра, яму давядзецца дзейнічаць вельмі актыўна і нават агрэсіўна, не заўсёды зьвяртаючы ўвагу на інтарэсы і меркаваньне розных апазыцыйных структураў, давер да якіх шмат у чым падарваны. Па-першае, нават невялікая «паўза» на тыдзень-другі (для сямейных справаў) можа змазаць унікальнасьць і непаўторнасьць моманту. Па-другое, і сам Статкевіч ужо казаў пра гэта на вакзале падчас сустрэчы — ён павінен будзе прапанаваць сваім прыхільнікам і паплечнікам нейкія канкрэтную пэрспэктыву, стратэгію дасягненьня гэтай мэты.

Статкевічу не ўпершыню ісьці насуперак большасьці і рабіць рэзкія крокі. Але на гэты раз яму значна прасьцей прымаць нестандартныя рашэньні — бо цяпер ніхто не насьмеліцца абвінаваціць яго ў здрадніцтве ці гульні на баку ўлады.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG