Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч: Я ў шоку, як улады зымітавалі «лібэралізацыю»

абноўлена

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, які ўчора выйшаў з турмы пасьля 4 год і 8 месяцаў зьняволеньня, распавёў пра два асноўныя ўражаньні ад першых гадзінаў на волі.

«У мяне насамрэч пакуль мала ўражаньняў, бо часу прайшло няшмат. Сёньня лёг спаць каля 6 раніцы, прачнуўся некалькі гадзін таму і вось зьбіраемся з жонкай ў Баранавічы, да бацькі, які ўжо чакае», — адказаў Мікалай Статкевіч праз тэлефон каля другой гадзіны дня.

Мікола Статкевіч — на волі!
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:57 0:00
Наўпроставы лінк

Паводле апазыцыйнага палітыка, асноўных уражаньняў ад першых гадзін на волі ў яго два і яны вельмі кантрастныя.

«Калі ў аўтобусе ехаў з Магілёву ў Менск, дык папрасіў мабільны і пачаў званіць сваякам, распавядаць ім, што і як. Зразумела, гэтыя размовы пачулі папутчыкі, ўсё зразумелі і я відавочна пачуў па цішыні, якая ўсталявалася, што людзі ня проста зацікавіліся, а спужаліся, з кім гэта яны едуць. Гэта была такая атмасфэра нейкай сапраўднай засьцярогі, нават страху. Гэтыя бялыніцкія жанчынкі, якія ехалі ў аўтобусе — якімі вачыма яны на мяне глядзелі! Праўда, да Менску яны амаль павыходзілі, а мужчыны, што засталіся, дык нават і ўсьміхаліся на выхадзе, але ўсё роўна, пра настроі ў грамадзтве можна меркаваць толькі па гэтай сустрэчы.

І другое ўражаньне — ня менш моцнае. Гэта калі прыехалі на Ўсходні аўтавакзал ў Менску, і колькі вольных, адкрытых людзей там мяне сустракала! Якія нічога не баяліся, якія не хавалі сваіх эмоцый, сваіх думак, якія радаваліся майму вызваленьню, як асабістай волі! Вось гэтакі кантраст, гэтакія ўражаньні. То бок у нас у грамадзтве гэтыя плыні засталіся: адная — запалоханыя, недаверлівыя, якіх можа ўсё больш, але і другая — непакорлівыя, вольныя, гатовыя змагацца, якія ня зьніклі, як камусьці хацелася».

— Як Вы ацэньваеце палітычнае становішча ў краіне як палітык і якой Вам бачыцца мэта гэтага ўказу аб памілаваньні?

— Указ як раз і сьведчыць пра становічша. Што грошай на дыктатуру ўжо не хапае і трэба тэрмінова прасіць грашовую дапамогу, у тым ліку і Расею крыху запалохаць тым, што нібыта паляпшаюцца адносіны з Захадам. Увогуле, я ў шоку ад таго, як удала ўлады зымітавалі гэтак званую «лібэралізацыю». Чакалі да апошняга, да канца дня 21-га жніўня, калі былі пададзеныя подпісы за кандыдатаў, пераканаліся, што сапраўдных апазыцыянэраў там няма і блізка, што ім нічога не пагражае, тады і зьявіўся гэты ўказ пра «памілаваньне» — яшчэ адзін элемэнт спэктаклю. У запалоханым грамадзтве такія рэчы праходзяць лёгка, гэта зразумела. І далей спэктакаль будзе працягвацца ў выглядзе рэгістрацыі кандыдатаў, нібыта агітацыі і нібыта выбараў. Пакуль народ ня верне сябе права насамрэч свабодна абіраць, падобныя спэктаклі будуць паўтарацца.

— Як Вас вызвалілі і ці ўдалося Вам у турме разьвітацца з тымі, з кім там сядзелі?

— Не, вядома, я ж сядзеў у адзіночцы. Была рэальнай пагроза новых правакацыяў супраць мяне, таму я напісаў заяву, каб трымалі ў адзіночцы. Таму з кім мне там было разьвітвацца, не з ахоўнікамі ж? Учора мяне проста вывелі з камэры пад аховай ды павялі на склад па рэчы. Калі б ведаў дакладна, што будуць вызваляць, пакінуў бы шмат рознай драбязы, якую раней перадалі ў пасылках. Але я ж не выключаў, што павязуць куды ў іншую турму, як бывала раней, таму ўсё забраў, што там было. І раптам кажуць, што іду на волю. Таксама добра. Я ж сачыў за выказваньнямі Лукашэнкі і нечага такога не выключаў. Гэтак і атрымалася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG