Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова і Украіна не зьбіраюцца дасылаць назіральнікаў за беларускімі выбарамі


Сяргей Лебедзеў і Лідзія Ярмошына
Сяргей Лебедзеў і Лідзія Ярмошына

Гэта выцякае зь інфармацыі, якую агучыў сёньня для журналістаў у Менску выканаўчы сакратар Садружнасьці незалежных дзяржаў Сяргей Лебедзеў. Ён пералічыў тыя восем краінаў, якія далі згоду быць прадстаўленымі ў місіі назіральнікаў СНД за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. З 11 дзяржаў, якія на сёньняшні дзень дэ-юрэ ўваходзяць у Садружнасьць, у гэтым сьпісе няма Беларусі, Малдовы й Украіны. Што тычыцца Беларусі, то прадстаўнікі краіны, у якой адбываюцца выбары, ніколі не ўключаюцца ў склад місіі СНД. А афіцыйныя Кішынёў і Кіеў дагэтуль не пацьвердзілі свайго ўдзелу ў назіраньні.

Да журналістаў Сяргей Лебедзеў выйшаў пасьля сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай. Зь яе рук ён атрымаў пасьведчаньне міжнароднага назіральніка за нумарам 1.

Падчас пратакольнай часткі гэтай сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў мэдыяў старшыня ЦВК паведаміла кіраўніку місіі СНД, што пяць з васьмі патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі ўжо перадалі подпісы на праверку ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Найбольшую колькасьць — больш за мільён — здала каманда Аляксандра Лукашэнкі. А вось ініцыятыўная група Тацяны Караткевіч здала яшчэ мала подпісаў. Ярмошына таксама паведаміла, што тры кандыдаты — Анатоль Лябедзька, Жанна Раманоўская і Віктар Цярэшчанка па-ранейшаму не перадалі на праверку ніводнага подпісу.

Місія назіральнікаў СНД фактычна прыступіла да працы ад сёньняшняга дня. А вось місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ), паводле спадарыні Ярмошынай, прыбудзе ў Беларусь напрыканцы жніўня. Ад БДІПЧ АБСЭ доўгатэрміновае назіраньне будуць весьці 40 замежных супрацоўнікаў.

На пытаньне журналістаў, чым падыходы назіральнікаў ад СНД да сваёй працы адрозьніваюцца ад падыходаў іхных калегаў ад БДІПЧ АБСЭ, Сяргей Лебедзеў адказаў так:

«Найперш павагай да законаў краіны, у якой мы вядзем назіраньне. У нас гэта жалезнае правіла. Мы сыходзім з заканадаўства краіны, дзе праводзяцца выбары. І мы ніколі не ставім перад сабою задачу кагосьці павучаць, у вас ня так, у вас няправільна...

І другое — добразычлівы падыход. Гэта заўжды адрозьнівае місію СНД. Мы прыяжджаем у Беларусь і ў іншыя краіны Садружнасьці як сябры, як партнэры».

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі заплянаваныя на 11 кастрычніка 2015 году. Для назіральнікаў ад СНД гэта будуць чацьвёртыя прэзыдэнцкія выбары, паколькі яны назіраюць за ўсімі выбарчымі кампаніямі, якія праходзяць у Беларусі, пачынаючы з 2001 году. І кожны раз місія СНД выносіць вэрдыкт, што за выключэньнем нейкіх дробязяў, гэтыя выбары праходзілі дэмакратычна, у адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам.

Дарэчы, калі сёньня журналісты запыталіся спадара Лебедзева, ці быў хоць адзін выпадак, калі б дзесьці на абшарах СНД хоць адны выбары прызнавалі недэмакратычнымі, ён адказаў, што такога выпадку не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG