Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійская «чацьвёрка» ператварылася ў «пяцёрку»: Кіргізстан далучыўся разам з новымі выклікамі


Кіргізстан сёньня стаў паўнавартасным чальцом Эўразійскага эканамічнага саюзу разам з Армэніяй, Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам. Чаго чакаюць ад гэтага ў Кіргізстане і Беларусі?

Дамова аб далучэньні Кіргіскай Рэспублікі да дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе ўступіла ў сілу 12 жніўня. Сёньня з удзелам прадстаўнікоў урадаў прайшла афіцыйная цырымонія адкрыцьця мытных межаў Казахстана і Кіргізстана.

Саму дамову аб далучэньні Кіргізстана да ЭАЭС падпісалі 23 сьнежня 2014 году.

Задача Кіргізстана — дагнаць Расею, Беларусь і Казахстан.

Доктар эканамічных навук, прафэсар Джумахат Акінееў заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што Кіргізстан ад уступленьня ў Эўразійскі эканамічны саюз толькі выйграе.

Па словах Акінеева, з аднаго боку, адкрыцьцё межаў рэзка павысіць экспартны патэнцыял Кіргізстана, а з другога боку — прыцягне ў краіну бізнэс з Казахстана і Расеі.

«У нас лібэральная эканоміка, 12% ПДВ, танная электраэнэргія, танная працоўная сіла. Сабекошт любой прадукцыі, якая вырабляецца сёньня ў Казахстане ці Расеі, у нас на 25–30% меншы. Таму прадпрымальнікі будуць прыходзіць сюды і адкрываць прадпрыемствы», — упэўнены кіргіскі экспэрт.

Акінееў падкрэсьліў, што важнае значэньне для Кіргізстана мае і праблема кіргіскіх працоўных мігрантаў, якіх, паводле розных ацэнак, налічваецца ад 800 тысяч да 1 мільёна. Цяпер працоўныя мігранты змогуць вольна перамяшчацца і працаваць у краінах ЭАЭС без атрыманьня дазволу на працу, іх дыплёмы аб вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі будуць прызнаныя на ўсёй прасторы эўразійскай інтэграцыі, яны змогуць працаваць па спэцыяльнасьці і, як вынік, змогуць больш зарабляць.

«У цэлым мы лічым, што ўступленьне Кіргізстана ў Эўразійскі эканамічны саюз павялічыць аб’ёмы нашай эканомікі ў пэрспэктыве ў некалькі разоў. Трэба ставіць задачу ў бліжэйшыя 5–10 гадоў дагнаць па ўзроўні эканамічнага разьвіцьця Беларусь, Казахстан і Расею, дагнаць па ўзроўні заработнай платы і пэнсіяў», — заявіў экспэрт.

«Перажылі Савецкі Саюз, перажывем і эўразійскі»

Дырэктар Цэнтральнаазіяцкага інстытуту свабоднага рынку (CAFMI) Мірсулжан Намазаліеў у інтэрвію Радыё Свабода, наадварот, зьвярнуў увагу на тыя пагрозы, якія нясе для Кіргізстана ўступленьне ў ЭАЭС:

«Гэта пытаньне таго, якім чынам цяпер кіргіскія прадпрымальнікі змогуць адаптавацца пад новыя ўмовы, пад больш высокія імпартныя пошліны, пад тыя стандарты, якія нясе з сабой Эўразійскі саюз для таго, каб нашы тавары накіроўваліся на тэрыторыю Казахстана, Расеі, Беларусі. Таму што на самой справе, акрамя тарыфных бар’ераў паміж краінамі, якія будуць прыбірацца, ёсьць нетарыфныя бар’еры. Гэта значыць — трэба адпавядаць стандартам, трэба атрымліваць лябараторныя сэртыфікаты. На жаль, да цяперашняга часу кіргіскія прадпрымальнікі не гатовыя да гэтага. Тым больш — улічваючы, што ў асноўным кіргіская эканоміка складаецца з малога бізнэсу і сельская гаспадарка ў нас аналягічная. Гэта значыць, у нас няма такіх прадпрымальнікаў, якія маюць сотні гектараў зямель і, адпаведна, маюць магчымасьць прайсьці лябараторныя дасьледаваньні, атрымаць сэртыфікаты».

Намазаліеў падкрэсьлівае, што на першым часе адносна Кіргізстана ў ЭАЭС будуць дзейнічаць пэўныя льготы, і гэты час краіна павінна выкарыстаць эфэктыўна.

«Калі б усе цэны, усе тарыфы імгненна б узьляцелі ўверх, то, сапраўды, Кіргізстану было б вельмі дрэнна. Цяпер нам будзе паволі дрэнна станавіцца ад таго, што тарыфы будуць патроху расьці. Калі гэтыя магчымасьці будуць выпушчаныя, то потым нам вельмі цяжка будзе ўзьняцца. Кіргізстану, каб ня стаць сыравінным прыдаткам, цяпер трэба вельмі актыўна папрацаваць, пакуль ёсьць ільготны пэрыяд», — адзначае дырэктар CAFMI.

Па словах Намазаліева, успрыманьне кіргіскім грамадзтвам уступленьня ў ЭАЭС было вельмі разнастайнае: літаральна 1–2 гады назад прыхільнікаў і праціўнікаў далучэньня да эўразійскага праекту было прыкладна 50 на 50.

«Пасьля людзі, разумеючы, што Эўразійскі саюз вось-вось прыйдзе, зьмірыліся: ну, Бог зь ім, прыйдзе — і паглядзім, што будзе. Мы перажылі Савецкі Саюз, мы перажылі постсавецкі крызіс, і цяпер усё перажывем. Так што цяпер людзі ўжо гатовыя сустрэць новае аб’яднаньне», — кажа экспэрт.

Намазаліеў таксама адзначае, што яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што кіргіскаму грамадзтву так і не было дасканала і аргумэнтавана растлумачана, што менавіта гэты саюз дае Кіргізстану і што ён можа даць канкрэтнаму чалавеку.

«Будучыня ЭАЭС не зьяўляецца простай і празрыстай»

Беларускі палітоляг, дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што сёньня цяжка сказаць, як паўплывае на будучыню эўразійскага праекту далучэньне Кіргізстана да ЭАЭС, але пэўныя выклікі для ўдзельнікаў саюзу гэтая падзея ў сабе нясе.

Аляксандар Казакевіч
Аляксандар Казакевіч

«Увогуле, будучыня эўразійскага аб’яднаньня не зьяўляецца простай і празрыстай, таму што вельмі шмат залежыць ня столькі ад інстытуцыйных дамоўленасьцяў, колькі ад стасункаў і кантактаў лідэраў дзяржаў, нефармальных дамоўленасьцяў і г.д. Таму, вядома, дакладны прагноз зрабіць досыць складана. Але калі мы кажам пра Кіргізстан, то трэба ўлічыць некалькі аспэктаў. Па-першае, гэта вельмі бедная краіна. Сапраўды цікава будзе паглядзець, як у межах эўразійскай інтэграцыі будзе працаваць мэханізм супрацоўніцтва паміж адносна заможнымі краінамі і беднымі, як Кіргізстан. Гэта першы выклік. Другі выклік — гэта міграцыя з гэтага рэгіёна ў сувязі з тым, што эканамічная сытуацыя ў Кіргізстане — на досыць невысокім узроўні, і там традыцыйна вялікая колькасьць насельніцтва выяжджала ў Расею або далей у пошуках працы. Ці паўплывае гэта на міграцыйную сытуацыю ў Беларусі, пакуль цяжка сказаць, бо тут і вялікая адлегласьць, і ўвогуле рынак працы ў Беларусі цяпер не актыўны, ён не расьце. Але ў пэрспэктыве гэта таксама выклік. Таксама выклікам можна лічыць пытаньні, зьвязаныя з транзытам наркотыкаў, бо гэта Сярэдняя Азія, і з суседзямі Кыргызстана існуе досыць празрыстая мяжа. Цяпер складана сказаць, ці здолее кіргіская дзяржава і наднацыянальныя структуры прадухіліць пагрозы, зьвязаныя з пранікненьнем перш за ўсё наркотыкаў, але таксама зброі, ісламскага радыкалізму. Але пэўным выклікам для інтэграцыйнага аб’яднаньня гэта таксама зьяўляецца», — кажа палітоляг.

Казакевіч лічыць, што далучэньне Кіргізстана да ЭАЭС з эканамічнага пункту гледжаньня для Беларусі мала што зьменіць:

«Таваразварот паміж Беларусьсю і Кіргізстанам мінімальны, і цяжка сабе ўявіць, што ён будзе нейкім чынам значна расьці. Тым больш што ўвогуле, калі мы кажам пра эўразійскае аб’яднаньне, то, хутчэй, ёсьць тэндэнцыя да зьніжэньня ўзаемнага гандлю, а не яго павелічэньня, нават паміж краінамі, якія і так былі моцна зьвязаныя ў інтэграцыйным аб’яднаньні. Таму малаверагодна, што гандаль паміж Беларусьсю і Кіргізстанам або нейкія сумесныя праекты будуць разьвівацца высокімі тэмпамі».

На думку Казакевіча, у палітычным сэнсе далучэньне Кіргізстана да ЭАЭС можа паўплываць на расклад сіл унутры гэтага інтэграцыйнага аб’яднаньня.

«Цяжка сказаць, што канкрэтна зьменіцца, таму што, зноў жа, тут вызначаюць асноўныя кірункі інтэграцыі не інстытуты, а нейкія пэрсанальныя кантакты, ня толькі эканамічныя інтарэсы, але і палітычныя, калі мы кажам пра Расею. З аднаго боку, пашыраецца поле для манэўру, стварэньня кааліцыяў, заключэньня дамоўленасьцяў, каб, напрыклад, ураўнаважваць Расею пры прыняцьці некаторых пытаньняў. Але Расея таксама можа выкарыстоўваць новы суб’ект дзеля таго, каб мець перавагу ў гэтым інтэграцыйным аб’яднаньні. Трэба ўлічыць, што ўплыў Расеі на Кіргізстан досыць высокі, ну, і гэта таксама будзе ўплываць на пазыцыю Кіргізстана па шмат якіх пытаньнях у межах Эўразійскага саюзу», — кажа беларускі экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG