Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакінь надзею, альбо чаму Лукашэнка ня стане рэфарматарам


Адно з галоўных пытаньняў, якое цяпер хвалюе экспэртную супольнасьць, — што будзе пасьля выбарчай кампаніі? Тут шмат розных прагнозаў. Прадказваюць дэвальвацыю рубля, рост цэнаў на камунальныя паслугі па патрабаваньні замежных крэдытораў.

Некаторыя лічаць, што Аляксандар Лукашэнка будзе вымушаны пайсьці на рынкавыя рэформы. Вось былы кіраўнік Нацыянальнага банку ў нядаўняй перадачы на нашым радыё даў такі прагноз: «Я думаю, што пасьля выбараў Лукашэнка будзе вымушаны абвясьціць праграму структурных і інстытуцыйных пераўтварэньняў. Бяз гэтага ён проста не ўтрымае ўладу».

І вось на мінулым тыдні кіраўнік Беларусі даў адказ. Ён прымаў з дакладам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова. З выказваньняў Лукашэнкі падчас сустрэчы можна зразумець, што кіраўнік ураду прыйшоў з прапановай рынкавых рэформаў. Але Лукашэнка яе адрынуў. І растлумачыў, чаму:

«І самае галоўнае, калі ўжо казаць пра канцэптуальныя вашы прапановы, — я не хачу стварыць такое буржуазнае або буржуазна-дэмакратычнае грамадзтва, дзе будзе прорва паміж багатымі, чытай, нашымі бізнэсоўцамі, прадпрымальнікамі, можа, нейкімі чынушамі і гэтак далей, і звычайным народам. Вось гэтая прорва абавязкова прывядзе да скандалу, як мінімум. А як максымум, і мы гэта ўжо праходзілі,— да рэвалюцыяў. Дэстабілізавана будзе грамадзтва, і, можа, мы яшчэ раней і хутчэй паўторым украінскі варыянт», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

І дадаў: «Я ўбачыў, што многія дзяржавы гэта перажывалі, і бачу наступствы падобных рэформаў. У нас таксама ў некаторых сьверб, у часткі нашага грамадзтва: вось не атрымліваецца, патрэбныя нейкія перамены».

Думаю, гэта не перадвыбарчы піяр. Тут Лукашэнка шчыры. Пужаючы народ паўтарэньнем украінскага варыянту, ён разумее, што цяперашняя беларуская сацыяльная мадэль — аптымальная, каб утрымліваць уладу. А рэформы гэтую мадэль разбурылі б, стварылі б непатрэбныя рызыкі і пагрозы для непадзельнага панаваньня.

Наконт рынкавых рэформаў у Лукашэнкі існуе некалькі фобіяў. Па-першае, гэта «сындром Гарбачова». Лёс першага прэзыдэнта СССР, які пачаў трансфармацыю савецкай сыстэмы з мэтай яе ўмацаваць, а на фінішы атрымаў супрацьлеглы вынік, стаў для Лукашэнкі паказальным урокам. Тое самае можна сказаць і пра Барыса Ельцына, які ў выніку рэформаў катастрафічна страціў давер расейскага грамадзтва. І беларускі лідэр баіцца апынуцца ў такой ролі.

Па-другое, рынкавыя рэформы патрабуюць пашырэньня эканамічнай свабоды. А гэта павялічвае грамадзкія зоны, непадкантрольныя дзяржаве, і можа пацягнуць за сабой патрабаваньні палітычных зьменаў. Можа пачацца ланцуговая рэакцыя, якую ён кантраляваць ня зможа.

Па-трэцяе, досьвед рынкавых рэформаў у Расеі і Ўкраіне паказаў, што іх вынікам становіцца зьяўленьне алігархаў, то бок — багатых асобаў, якія пачынаюць уплываць на палітыку, ствараюць свае партыі, фракцыі ў парлямэнце, мэдыі і інш. А ён 21 год вытоптвае палітычнае поле, каб там ня ўзьніклі нават кволыя парасткі канкурэнцыі. А тут яму прапануюць амаль што ўласнымі рукамі ствараць сабе апанэнтаў.

Па-чацьвёртае, калі Лукашэнка пачне рэформы, то ён прызнае палітычную праўду за апазыцыяй. І ўзьнікне лягічнае пытаньне: чаму ты 21 год вёў краіну ня ў той бок?

Па-пятае, рынкавыя рэформы запатрабуюць ад Лукашэнкі зьмены вобраза. Трэба будзе памяняць ідэйную парадыгму, зьмяніць ідэю парадку і стабільнасьці на ідэю разьвіцьця, імідж рэстаўратара і захавальніка старой сыстэмы — на вобраз мадэрнізатара. А гэта як апэрацыя па зьмене полу.

Па-шостае, яму давядзецца памяняць электарат. Дасюль яго галоўнай і надзейнай сацыяльнай апорай былі сацыяльныя аўтсайдэры, то бок людзі, ня здольныя ўпісацца ў рынкавую эканоміку. Гэта пэнсіянэры, сельскае насельніцтва, рабочыя дзяржпрадпрыемстваў. А ў выпадку рэформаў яму трэба будзе зрабіць сваёй сацыяльнай апорай сярэднюю клясу, моладзь. І ня факт, што гэтыя новыя слаі прызнаюць Лукашэнку сваім, павераць яму. У выніку можа атрымацца, што ён страціць стары электарат і не набудзе новы. Так часта адбываецца з рэфарматарамі.

І, нарэшце, апошняе. Вы можаце ўявіць Лукашэнку без ручнога кіраваньня эканомікай? Безь бясконцых паседжаньняў зь міністрамі і дырэктарамі з крыкам і разносамі, без сэлектарных нарадаў падчас уборачнай і пасяўной, без рэгулярных паездак па заводах і палях, каб, як кажуць у Паўночнай Карэі, «ажыцьцяўляць кіраваньне на месцы»? І ўвогуле, што ж гэта за прэзыдэнт, які ня можа звольніць дырэктара заводу, што ж застанецца ад ягонай улады? Пры такім варыянце гэта ўжо будзе не Лукашэнка, а, прабачце, нейкі Абама.

Таму, як было напісана на браме пекла ў «Боскай камэдыі» Дантэ, «пакінь надзею, хто сюды ўваходзіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG