Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы голас МЗС Расеі: «Вы пачуеце, што такое расейскія Грады»


Марыя Захарава
Марыя Захарава

Дыпляматычнай навіной дня стала прызначэньне кіраўніком дэпартамэнту інфармацыі і друку МЗС Расеі Марыі Захаравай.

Марыя Захарава (якая зьяўляецца першай жанчынай на гэтай пасадзе) стала вядомая шырокай публіцы па-за межамі свайго ведамства. Яна, як піша наш калега з расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў, ня толькі дыплямат, але і «патрыятычны блогер, які часта дае адпор ворагам курсу Крамля, не асабліва падбіраючы выразы».

Вось некаторыя цытаты з блогу Марыі Захаравай, які яна вядзе на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Пра ўкраінскае кіраўніцтва (у сувязі зь нязграбным выступам прэм’ер-міністра Ўкраіны Арсенія Яцанюка, у якім ён згадаў пра «ўварваньне СССР у Нямеччыну», не патлумачыўшы толкам, што менавіта мае на ўвазе): Заява Яцанюка — найлепшы доказ таго, што на Ўкраіне ўсё маштабней расквітае філязофія младабандэраўцаў, якія вылезьлі з гістарычнага падпольля і патрабуюць рэваншу за гады забыцьця сваіх патаптаных продкаў-злачынцаў.

Пра колішняе ўкраінскае кіраўніцтва: Кожны раз у ходзе перамоваў з амэрыканскімі калегамі стрымліваю сьмех, калі яны пачынаюць распавядаць, што лютаўскі захоп улады ў Кіеве і яго падтрымка Захадам былі вымушаным крокам, выкліканым ўцёкамі В. Януковіча. Пагадзіцеся, гэта вельмі сьмешна, улічваючы гістарычную цягу Вашынгтона падтрымліваць ўрады ў выгнаньні.

Пра эўрапейскія каштоўнасьці: Па меры станаўленьня нашага эўрапейскага «я» мы ператвараемся ў большых прыхільнікаў спрадвечных эўрапейскіх каштоўнасьцяў, чым сама Эўропа, якая зрабіла за апошняе дзесяцігодзьдзе пару галавакружных кідкоў сябе праз сваё ж сьцягно.

Пра Барака Абаму (пост носіць загаловак «Рвун на шматкі»): Чытаю новыя заявы Абамы пра посьпехі курсу на «ізаляцыю Расеі». Не камэнтую сутнасьць, таму што яе там няма. Упершыню бачу прэзыдэнта буйной краіны, які лічыць сябе цывілізаваным і шчыра ганарыцца тым, што зрабіў нешта дрэннае іншаму народу, не знаходзячыся зь ім у стане вайны.

Часам запісы ў блогу Марыі Захаравай стылістычна нагадваюць перадавіцы савецкіх газэт на міжнародныя тэмы — што крыху дзіўна, улічваючы, што кар’ера спадарыні Захаравай складвалася ў куды больш позьні час. Скончыўшы «МГІМО» ў 1998 годзе, яна працавала рэдактарам выданьня «Дыпляматычны весьнік», потым служыла ў прадстаўніцтве Расеі пры ААН, а з 2011 году была намесьнікам дырэктара дэпартамэнту інфармацыі і друку МЗС. Цяпер яна яго і ўзначаліла (былы кіраўнік гэтага падразьдзяленьня Аляксандр Лукашэвіч прызначаны кіраўніком расейскага прадстаўніцтва пры АБСЭ).

За нестандартны для дыплямата агрэсіўны публіцыстычны стыль Марыю Захараву любяць на расейскіх дзяржаўных тэлеканалах. У ток-шоў гэтых СМІ яе часта запрашалі ў якасьці апанэнта ўкраінскіх гасьцей. Вось адзін прыклад: выступ Захаравай ў праграме «Нядзельны вечар з Уладзімірам Салаўёвым» 7 чэрвеня сёлета. Раздражнёная пытаньнем апанэнта, Марыя Захарава кідае яму: «Дайце мне сказаць. Інакш вы зараз сапраўды пачуеце, што такое расейскія Грады».

Сама Захарава заяўляе, што працягне сваю дзейнасьць у сацсетках, тлумачачы гэта наступным чынам: «Там свая мова, свая манера зносін, таму выходзіць да карыстальнікаў сацыяльных сетак з бясконцай мзсаўскай заклапочанасьцю і выяўляць эмоцыі, якія дыпляматы выказваюць досыць скаванай мовай... Мы проста зразумелі, што аўдыторыя чакае ад нас нечага іншага. Думаю, што гэты жанр таксама застанецца, таму што ён запатрабаваны, вельмі добра пайшоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG