Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: Маёй дачцы пагражалі, патрабуючы ад мяне паказаньняў на Саньнікава і Статкевіча


У чарговай перадачы сэрыі «Кандыдаты прэзыдэнцкіх навук» кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Віталь Рымашэўскі распавядае, чаму не было агульнага пляну Плошчы, хто павёў людзей з Кастрычніцкай на Плошчу Незалежнасьці і пра што ён пісаў пасьля затрыманьня ў тлумачальнай запісцы на імя Лукашэнкі.

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць пятыя ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. Свабода працягвае цыкль інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Усіх калісьці зарэгістраваных кандыдатаў мы спытаем, што яны цяпер кажуць пра свой удзел у выбарах, што думаюць пра сёлетнюю кампанію, і што думаюць наконт таго. якім шляхам у Беларусь прыйдуць пераменыНа выбарах 2010 году кандыдат ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, паводле афіцыйных дадзеных, набраў 1,1 працэнта галасоў. У ноч пасьля галасаваньня яго затрымалі, і вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе 1 студзеня — пасьля таго, як Рымашэўскі напісаў «тлумачальную запіску» на імя Лукашэнкі

Цыганкоў: Калі вы сёньня глядзіце на свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году, як вы ацэньваеце яе вынікі — і для вашай партыі, і для вас асабіста? Ці не шкадуеце, што вы былі кандыдатам — улічваючы ўсё тое, што адбылося потым?

Рымашэўскі: Тое, што БХД узяла ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі, і я прадстаўляў нашу партыю — гэта цалкам станоўча паўплывала на імідж партыі, на новых людзей, якія да нас далучыліся, урэшце, на вядомасьць партыі. Зразумела, азіраючыся назад, я бачу, што шмат чаго можна было зрабіць па-іншаму. Але, як кажуць, не памыляецца той, хто нічога ня робіць. Сёньня я магу сказаць, што тое рашэньне было адзіным правільным. І сёньня я прыняў бы такое самае рашэньне.

Цыганкоў: Калі ўзгадваць некаторыя відэазапісы падзеяў 19 сьнежня 2010 году, то ўзгадваецца ваш вобраз з перавязанай галавой з мэгафонам у руках. Ці можаце вы ўзгадаць, як вы атрымалі гэтую траўму?

Рымашэўскі: Гэтую траўму я атрымаў на прыступках Дома Ўраду перад першым наступам спэцвойскаў на ўдзельнікаў мітынгу. Я як раз спрабаваў спыніць іхні шэраг, стоячы перад імі з мэгафонам у руках і спрабуючы зь імі гаварыць. Людзі ўцякалі, а я застаўся амаль адзін. Я нават памятаю таго хлопца, праз шлем я бачыў ягоныя вочы і твар. Долі сэкунды ён вагаўся, біць ці не, бачачы маю незразумелую рэакцыю — я адзін не бягу і нешта ад яго патрабую. Але потым добра стукнуў раз-другі, і натоўп аманаўцаў прайшоў праз мяне. Потым мяне паднялі, і я здолеў прайсьці да трыбуны, хаця спачатку кепска сябе адчуваў.

Цыганкоў: Далей вас затрымалі, і адпусьцілі ў ноч на 1 студзеня са сьледчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе пасьля таго, як вы напісалі тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі. Вы аб’явілі, што 4 студзеня зьбіраецеся даць прэс-канферэнцыю, але вымушаны былі зьмяніць свае пляны, бо ў КДБ папярэдзілі: у выпадку правядзеньня прэс-канферэнцыі вас зноў зьмесьцяць пад варту. І калі не памыляюся, вы шчыра і падрабязна так і не распавялі, што было ў той запісцы.

Рымашэўскі: Тое, што было ў гэтай запісцы, я шмат разоў агучваў. Там былі досыць простыя рэчы — я прашу садзейнічаць майму вызваленьню, а таксама лічу, што трэба вызваліць усіх затрыманых удзельнікаў гэтай палітычнай кампаніі і акцыі пратэсту, бо гэта нанясе вялікую шкоду беларускай замежнай і ўнутранай палітыцы. Урэшце, вялікага значэньня гэтая запіска ня мела. Калі я заявіў пра намер правесьці прэсавую канфэрэнцыю, гэта ўжо было парушэньнем тых умоваў, якія мне паставілі пры маім вызваленьні.

Яны разьлічвалі, што я падпішу дамову аб супрацоўніцтве. Пасьля таго, як я гэтага не зрабіў, выхадкі КДБ цягнуліся вельмі доўга. Для мяне гэта быў самы цяжкі год, ад паклёпаў у СМІ да асабістага ціску і пагрозаў. Маёй сям’і, у тым ліку маёй двухгадовай дачцэ пагражалі ад імя Лукашэнкі, пагражаў былы кіраўнік КДБ Зайцаў, патрабуючы ад мяне паказаньняў на Саньнікава і Статкевіча.

Я гатовы адказваць за кожнае сваё слова, кожны ўчынак. Але шчырая размова пра Плошчу магчымая будзе толькі пасьля выхаду апошняга палітвязьня, Міколы Статкевіча. Многія рэчы мной былі скажоныя. Я публічна казаў няпраўду, прыкрываючы тое, што адбывалася на Плошчы. Рана ці позна гэта будзе патрабаваць агучваньня, і я гэта зраблю пасьля таго, як усе будуць на свабодзе.

Цыганкоў: Вялікая прэтэнзія дэмакратычнай грамадзкасьці да кандыдатаў 2010 году палягае ў тым, што ў іх не было адзінага пляну паводзінаў. Ці сапраўды ня ведалі, куды ідзем і для чаго ідзем?

Рымашэўскі: Сапраўды, не было ўзгодненага пляну. На прыватных сустрэчах кандыдатаў я і мая каманда ставілі катэгарычнае патрабаваньне нерадыкалізацыі дзеяньняў на Плошчы, прынамсі, каб

Па сутнасьці, быў намер ісьці і браць у атачэньне будынак Адміністрацыі прэзыдэнта на знак пратэсту. Ніякага намеру браць штурмам адміністрацыйныя будынкі не было.

не было правакацыяў. Нам давалі такія абяцаньні, але насколькі яны былі вытрыманыя — мяркуйце самі. Многія спасылаліся на тое, што адзіны плян не патрэбны, бо калі ён будзе, то адразу стане вядомы спцэслужбам. Таму трэба будзе дамаўляцца на Плошчы. Па сутнасьці, быў намер ісьці і браць у атачэньне будынак Адміністрацыі прэзыдэнта на знак пратэсту. Ніякага намеру браць штурмам адміністрацыйныя будынкі не было.

Паход у бок Плошчы Незалежнасьці відавочна быў сплянаваны спэцслужбамі. Бо калі ўважліва пачытаць паказаньні, якія былі агучаны на судзе, то напрыклад, адзін з начальнікаў ДАІ піша — «я ішоў пасярод праспэкту наперадзе натоўпу людзей і кіраваў рухам». Шлях туды быў вольны, а ў самім Доме ўраду ўжо чакалі ўзброеныя людзі, — гэта было відаць праз дзьверы. І калі б некаторым дэманстрантам удалося трапіць унутр будынку, то я перакананы, што былі б і летальныя сыходы. Што тычыцца нашай партыі і мяне асабліста, то я зрабіў усё магчымае, каб зьмякчыць тыя наступствы, якія маглі адбыцца.

Так што — вяртаючыся да вашага пытаньня — пляну не было. Мы азіраліся на іншых, разумеючы, што трэба падтрымліваць партнэрскія адносіны. На сёньня я думаю, што зрабіў бы па-іншаму адну рэч: я б агучыў свой уласны сцэнар. Хай бы з гэтым плянам не пагадзіліся іншыя кандыдаты, але гэта быў бы плян мірнага пратэсту.

Я адчуваю сваю асабістую віну за кожнага зьбітага чалавека на Плошчы, бо я ня ўсё зрабіў, каб гэтага не дапусьціць. Але падкрэсьліваю, што адказнасьць нясе дзейная ўлада.

Цыганкоў: У прэзыдэнцкай кампаніі-2015 БХД не ўдзельнічае, вы не вылучалі свайго кандыдата, і нават не падтрымліваеце ніякіх іншых кандыдатаў. Ці можна сказаць, што гэтае рашэньне стала вынікам асэнсаваньня кампаніі 2010 году ці проста ў краіне зьмяніліся ўмовы, што вымушае вас да новых падыходаў?

Рымашэўскі: Гэта наша рашэньне — і асэнсаваньне 2010 году, і наша рэакцыя на няздольнасьць беларускіх дэмакратычнх сілаў вылучыць адзінага кандыдата. Мы як партыя нікога не падтрымліваем, але мы супрацоўніычаем з тымі палітычнымі сіламі, хто стаіць на пазыцыях змаганьня з рэжымам Лукашэнкі, а не падыгрываньні яму. Ведаю, што некаторыя нашы людзі далучыліся да кампаніі Анатоля Лябедзькі —для кантактаў з людзьмі, для прасоўваньня сваіх каштоўнасьцяў. Але, безумоўна, ісьці галасаваць мы нікога не заклікаем. Я сам галасаваць не пайду, і лічу, што адзіная роля, у якой могуць прысутнічаць на выбарчых участках дэмакратычныя людзі — гэта ў якасьці назіральнікаў.

Цыганкоў: Калі ў сёньняшняй сыстэме ўлады выбары ня могуць прынесьці зьмены ўлады, то якім чынам павінны прыйсьці перамены ў Беларуі?

Рымашэскі: Перамены прыйдуць тады, калі ў краіне знойдзецца крытычная колькасьць людзей, асобаў, грамадзян, якія пэрсанальна будуць гатовыя несьці адказнасьць за палітычную будучыню краіны. Многія сёньня чакаюць новага Лукашэнку, але «добрага Лукашэкну» з апазыцыі, які прыйдзе і зьменіць усё да лепшага. Але самі пры гэтым не жадаюць нешта рабіць для гэтага. Вось калі крытычная колькасьць такіх людзей зьявіцца, то тады надыйдуць зьмены. Мэханізм — гэта дэталі. Альбо праз Плошчу, альбо праз нацыянальных страйк, альбо доўгімі пратэстамі.

Сёньня ж гэтыя зьмены практычна немагчымыя, бо недастаткова такіх людзей. Адсюль і залішняя крытыка апазыцыі, бо людзі крытыкуюць апазыцыю, маючы на ўвазе, што «гэта — не я», прыдумваюць любыя адмазкі, каб ня несьці адказнасьць за палітычную будучыню сваёй краіны. Таму я хацеў бы пажадаць чытачам і журналістам Свабоды, каб у нас была магчымаць чуць інтэрвію ня толькі былых кандыдатаў на прэзыдэнты, але і былых прэзыдэнтаў краіны. Пакуль гэтага ня будзе, мы будзем краінай-ізгоем у эўрапейскім сьвеце.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG