Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі беларускія кампаніі не перафарматуюцца, пойдуць на дно за расейскім рублём


Абясцэньваньне расейскага рубля на фоне зьніжэньня коштаў на нафту аўтаматычна аслабляе пазыцыі беларускай нацыянальнай валюты, якая ў валютным кошыку наймацней прывязаная якраз да расейскіх грошай. За два тыдні дэвальвацыя беларускага рубля да амэрыканскага даляра склала 4%, а да эўра — 6,5%.

Чым пагражае такая тэндэнцыя шараговым грамадзянам? Ці варта чакаць чарговай хвалі пераводу рублёвых зьберажэньняў у валютныя?

Паводле афіцыйных дадзеных, на пачатку 2015 году насельніцтва трымала ў дзяржаўных і камэрцыйных банках зьберажэньняў больш як на 134 трыльёны рублёў. Пры гэтым толькі траціна ад гэтай сумы захоўвалася ў рублях, астатнія — у замежнай валюце. Найперш, адзначаюць экспэрты, такую дыспрапорцыю справакавалі дзьве значныя дэвальвацыі ў 2011 годзе і пры канцы 2014-га. Гэта, на погляд спэцыялістаў, паказвае ступень даверу беларусаў да сваіх грошай.

Пакуль у банкаўскіх установах адносны штыль — ваганьні не такія сур’ёзныя, каб выклікаць паніку. Да таго ж па выніках сёньняшніх біржавых таргоў рубель умоўна ўмацаваўся адносна даляра — на 17 рублёў. Эўра, праўда, вырас на 30 рублёў.

Хоць беларускія ўлады абвясьцілі курс на дэдалярызацыю эканомікі, цэны ў крамах па-ранейшаму шчыльна прывязаныя да валютных разьлікаў за імпарт. Адпаведна, любое ваганьне рубля цягне за сабой перапісваньне цэньнікаў — найперш гэта тычыцца тавараў, набытых за мяжой за даляры ці эўра.

Аналягічная карціна, паводле лёгікі, павінна назірацца і на камэрцыйных рынках, дзе большая палова асартымэнту мае імпартнае паходжаньне. Тым ня меней, як кажа менскі прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук, пакуль што затарвацца ў Расеі нават выгадна — са зьніжэньнем спажывецкага попыту тамтэйшыя аптавікі не рызыкуюць моцна карэктаваць адпускныя цэны. Аднак, лічыць суразмоўца, наўрад ці такая вольніца працягнецца доўга:

Вячаслаў Піліпук
Вячаслаў Піліпук

«Гэта так, бо падае кошт тавару ў даляравым эквіваленце. І паколькі там пакупніцкая здольнасьць таксама нізкая, расейскія гандляры ня так хутка ўздымаюць цэны, як на такога кшталту ваганьні рэагуюць нашы. Тым ня меней, яны ўсё роўна ўсё пералічаць, бо пакуль што хочуць распрадаць стары тавар. Справа ў тым, што шмат тавару завезена па шэрых схемах, і ў такіх „шэрых“ прадпрымальнікаў ёсьць пэўная маржа — мы ж ведаем, што ў Расеі практычна 80% пастаўляецца па сумнеўных схемах. І першае пацьверджаньне гэтаму — тое, што яны не даюць ніякіх дакумэнтаў нашым прадпрымальнікам на аптовых рынках. То бок атрымліваецца, што шмат чаго завезена па старых коштах, і сытуацыя пакуль яшчэ дазваляе трымаць цану досыць нізкай, абы толькі падсыціць пакупніцкі попыт. Дарэчы, расейцы ў гэтым пляне нашмат лепш зарыентаваліся, чым нашы чыноўнікі, якія толькі ставяць палкі ў колы».

Тым ня меней, перакананыя аналітыкі, павальная прывязка беларускай эканомікі да расейскага рынку ўжо ў агляднай будучыні можа выліцца ў сур’ёзныя страты. На фоне ўзмацненьня заходніх санкцыяў эканамісты прадракаюць Расеі сур’ёзны эканамічны спад, што ўрэшце адаб’ецца і на попыце на беларускую прадукцыю. Як кажа кіраўнік парталу probusiness.by Віталь Валянюк, найбольш разумныя паводзіны ў такой сытуацыі — пошук альтэрнатыўных пляцовак беларускай прысутнасьці:

Віталь Валянюк
Віталь Валянюк

«Кампаніям, арыентаваным на расейскі рынак, вядома ж, давядзецца перафарматавацца — то бок і шукаць новыя рынкі, і зьніжаць выдаткі. Для іх гэты год (а магчыма, і наступны) будзе досыць складаны. У той жа час гэта выклік, і калі зрабіць правільныя высновы, насамрэч можна выйсьці з крызісу ў досыць добрай спартовай форме, быць больш канкурэнтаздольным, чым да яго. Адназначна, мы ня можам гандляваць з Расеяй, не арыентуючыся на тую дынаміку расейскага рубля, якую назіраем. Прагнозы, як ведаеце, самыя розныя: ад пэсымістычных, што нафта абваліцца да 40 даляраў за барэль і нават ніжэй, да аптымістычных, што кошт нафты стабілізуецца і будзе расьці — адпаведна, дэвальвацыя расейскага рубля спыніцца і можа нават здарыцца некаторы адскок. Таму рыхтавацца трэба да самых розных сцэнараў — як кажуць, арыентавацца на горшы, але спадзявацца на лепшы. А тым часам шукаць новыя нішы, новыя рынкі і падвышаць сваю канкурэнтаздольнасьць».

У пік сэзону адпачынкаў працэсы на фінансавым рынку закранулі і турыстычную галіну. Пасьля таго як турфірмам забаранілі браць з кліентаў плату ў цьвёрдай валюце, цяпер даводзіцца запасацца рублямі. Пры гэтым на сайтах кампаніяў курс вызначаны прыкметна большы, чым падае Нацбанк — у сярэднім 16 000 за даляр і 17 500 за эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG