Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Гайдар атрымала ўкраінскае грамадзянства за месяц. Добраахвотнікі, якія ваююць за Ўкраіну, па-ранейшаму чакаюць


Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка ўручыў сёньня ўкраінскі пашпарт расейскаму палітыку Марыі Гайдар, прызначанай на пасаду намесьніка губэрнатара Адэскай вобласьці. Раней Парашэнка падпісаў адпаведны ўказ, паведамляе прэс-служба ўкраінскага лідэра.


«Я тут у цяжкі для Ўкраіны час для таго, каб падзяліць лёс украінскага народу. У нас агульны вораг — аўтарытарны рэжым, які забівае людзей, як у Расеі, так і тут», — сказала Гайдар, атрымліваючы пашпарт.

Разам з Гайдар грамадзянства Ўкраіны атрымаў былы галоўны рэдактар "Forbes Украіна" Ўладзімір Фядорын.

Пра тое, што Марыя Гайдар зойме пасаду віцэ-губэрнатара Адэскай вобласьці і будзе курыраваць сацыяльную сфэру, у сярэдзіне ліпеня абвясьціў кіраўнік абласной адміністрацыі, былы прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Гайдар тады заявіла, што прыме грамадзянства Ўкраіны, аднак адмаўляцца ад расейскага грамадзянства ня мае намеру.

Тымчасам беларусы, якія ваююць у добраахвотніцкіх атрадах за незалежнасьць Украіны, дагэтуль не дачакаліся ўкраінскага грамадзянства, абяцанага колісь прэзыдэнтам. Яшчэ ў сьнежні летась, у Вярхоўнай Радзе Парашэнка публічна паабяцаў даць украінскае грамадзянства тым замежнікам, якія ваююць за Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі.


«Я хачу перадаць прывітаньне маім баявым пабрацімам: ваш зварот да прэзыдэнта Ўкраіны адносна прадстаўленьня ўкраінскага грамадзянства беларусам, расейцам, якія са зброяй у руках разам з вамі абаранялі гонар і незалежнасьць дзяржавы... Як я і абяцаў, я падпішу ўказ аб прадстаўленьні ім украінскага грамадзянства, яны прайшлі гэтае выпрабаваньне», — сказаў Парашэнка.


Месяц таму прэсавы сакратар партыі «Правы Сэктар» Арцём Скарападзкі паведаміў Свабодзе, што заяўка «Правага сэктару» на прадстаўленьне ўкраінскага грамадзянства для 40 чалавек, якія ваююць за Ўкраіну, дагэтуль не разгледжаная.

«Атрыманьне ўкраінскага грамадзянства — вельмі складанае пытаньне. Нягледзячы на свае абяцаньні, улады нічога ня робяць дзеля таго, каб дапамагчы людзям, якія ваююць за іхнюю краіну,» — апісваў сытуацыю ў інтэрвію Свабодзе добраахвотнік зь Беларусі з пазыўным Кім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG