У дачыненні да затрыманага ў Данецкай вобласьці Ўкраіны расейскага маёра Ўладзімера Старкова заведзеная крымінальная справа па артыкуле аб тэракце.
У сераду на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Віктар Назаранка паведаміў, што Старкоў суправаджаў боепрыпасы з Данецка ў населены пункт Яснае. Груз прызначаўся для сілаў сэпаратыстаў у самаабвешчанай «ДНР».
Кіраўнік СБУ Васіль Грыцак, у сваю чаргу, распавёў, што спробы зьвязацца з роднымі расейскага маёра былі беспасьпяховымі.
У ноч на 26 ліпеня на кантрольным посьце «Бярозавае» ў Данецкай вобласьці ўкраінскія памежнікі затрымалі грузавік з боепрыпасамі, у якім знаходзіліся два чалавекі ў ваеннай форме. Адзін зь іх заявіў, што ён кадравы расейскі вайсковец у званьні маёра, а другі выявіўся прадстаўніком незаконных узброеных фармаваньняў «ДНР».