Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла амэрыканскі «Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі» у пералік замежных і міжнародных няўрадавых арганізацый, дзейнасьць якіх прызнаная непажаданай на тэрыторыі Расеі.
Як паведамляе агенцтва «Інтэрфакс», адпаведны запіс зьявіўся на афіцыйным сайце міністэрства.
«Арганізацыя ўключаная ў пералік ў адпаведнасьці з фэдэральным законам «Аб мерах узьдзеяньня на асобаў, якія маюць дачыненьне да парушэньняў асноватворных правоў і свабодаў чалавека, правоў і свабодаў грамадзян Расеі» і «на падставе рашэньня намесьніка генэральнага пракурора РФ», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы расейскага міністэрства юстыцыі.
Генэральная пракуратура Расеі напярэдадні прызнала непажаданай
замежнай арганізацыяй на тэрыторыі РФ амэрыканскі «Нацыянальны
фонд у падтрымку дэмакратыі», бо палічыла яго дзейнасьць пагрозай «канстытуцыйнаму ладу, абароназдольнасьці і бясьпекі РФ».
«Выкарыстоўваючы магчымасьці падкантрольных расейскіх камэрцыйных і
некамэрцыйных арганізацый, Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі
удзельнічаў у працы па прызнаньні нелегітымнымі вынікаў выбарных кампаній, арганізацыі палітычных акцый з мэтай уплыву на рашэньні органаў улады, дыскрэдытацыі службы ва Ўзброеных Сілах Расеі», — адзначалася ў паведамленьні, апублікаваным на сайце Генпракуратуры.
У гэтых мэтах, паводле яе дадзеных, у 2013-2014 гадах фонд прадаставіў
расейскім камэрцыйным і некамэрцыйным структурам фінансавую дапамогу памерам каля $5,2 мільёнаў.