Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы пакет дапамогі Грэцыі — 86 мільярдаў эўра


Прадстаўнікі Эўразьвязу адзначылі, што прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас прыняў кампраміс, вылучаны крэдыторамі на чале з Нямеччынай па прыватызацыі грэцкіх дзяржаўных актываў, якія трэба прадаць, каб пагасіць доўг.

Як адзначае Reuters, грэцкі лідэр таксама прыняў умовы міжнародных крэдытораў, якія прапанавалі Атэнам 86 мільярдаў эўра фінансавай падтрымкі. Прыняцьце Грэцыяй гэтых умоваў канцлер Нямеччыны Ангэла Мэркэль назвала неабходнымі, каб атрымаць падтрымку пляну ў бундэстагу.

Па словах Мэркэль, якія прыводзіць Associated Press, эўразона гатовая палегчыць даўгавы цяжар Атэнаў, аднак гаворкі аб сьпісаньні запазычанасьці не ідзе.

Парлямэнт Грэцыі павінен да 15 ліпеня прыняць асноўныя законы па рэформах, у прыватнасьці, рэформе падатку на даданую вартасьць, рэарганізацыі нацыянальнага статыстычнага агенцтва, зьменаў у пэнсійнай сыстэме, праінфармавала Мэркель. Толькі пасьля гэтага, адзначыла яна, можна будзе прагаласаваць па пытаньні трэцяй праграмы дапамогі Грэцыі ў нацыянальных парлямэнтах.

Жорсткія ўмовы, прапанаваныя міжнароднымі крэдыторамі на чале з Нямеччынай, могуць выклікаць пратэсты у Грэцыі і прывесьці да адстаўкі ўраду Цыпраса. Яшчэ да таго, як канчатковыя ўмовы сталі вядомыя, міністар працы Грэцыі Панос Скурлеціс выступіў на дзяржаўным тэлебачаньні і асудзіў ўмовы крэдытораў. Паводле яго словаў, умовы крэдытораў непрымальныя і, магчыма, у Грэцыі спатрэбяцца новыя выбары. Гэта стала яшчэ адной прыкметай таго, што Цыпрасу будзе складана пераканаць сваю ўласную партыю СІРЫЗА прыняць умовы міжнародных крэдытораў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG