Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарніцы павышанай небясьпекі сасьпелі пад Магілёвам


Адзіны знак радыяцыйнай небясьпекі за пяць кілямэтраў ад Боўшава
Адзіны знак радыяцыйнай небясьпекі за пяць кілямэтраў ад Боўшава

У Магілёве у траціне здадзеных на праверку чарніцаў выяўлены высокі ўзровень радыяцыйнага забруджаньня. Пра гэта заяўляюць у занальным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі. Ягады з павышаным утрыманьнем радыёнуклідаў цэзія зьбіраліся ў шасьці раёнах Магілёўшчыны. Радыяцыйны элемэнт вышэй за норму выявілі ў 13 з 39 пробаў.

Найбольш забруджаныя чарніцы назьбіралі ў лесе каля вёскі Боўшава, што ў Магілёўскім раёне. У ягадах утрыманьне радыёнукліду цэзія перавысіла норму амаль у чатыры разы.

Наперадзе Боўшава
Наперадзе Боўшава

Жыхары Боўшава асабліва не зьдзівіліся, даведаўшыся ад журналіста, што ў чарніцах з навакольнага лесу завысокі ўзровень радыяцыі. Многія вяскоўцы заяўлялі: у ягады ды грыбы ня ходзім. Некаторыя даводзілі, што ведаюць мясьціны, дзе браць лясныя дары небясьпечна і туды не наведваюцца.

«Мы сваё спажываем з агароду. У лес зрэдку ходзім і бывае, што бяром і там ягады. А радыяцыя тут даўно. У свой час вёска ішла на адсяленьне, а потым неяк усё заціхла», — распавяла журналісту вясковая жанчына.

У вёсцы нямала хат засталіся без гаспадароў. Адна зь іх
У вёсцы нямала хат засталіся без гаспадароў. Адна зь іх

«Тут у вёсцы і засталося мо чалавек трыццаць карэнных насельнікаў. Што ім тут рабіць? Працы няма — ні ў горадзе, ні на вёсцы. Вось і зьбіраюць ягады. Знаю некаторых, якія нават і прадаюць. Правяраюць яны іх ці не — ня ведаю. Для сябе ж многія зьбіраюць. За столькі гадоў мы ўжо прывыклі да радыяцыі. Відаць, наш народ цяпер асабліва ні чым не напалохаеш. Боязна, вядома ж, але ня ўсё ж купіш», — тлумачыць жанчына.

Боўшава — за тры дзясяткі кілямэтраў ад Магілёва. У паселішчы больш за 120 сядзібаў. Нямала хат разбурыліся без гаспадара. Вёска паволі пераўтвараецца ў дачны пасёлак. Узімку пусьцее, а ўлетку ажывае. З вытворчых аб’ектаў у ёй — цялятнік ды піларама. Харчы прывозіць аўталаўка.

Адзін з вытворчых аб’ектаў у вёсцы – цялятнік
Адзін з вытворчых аб’ектаў у вёсцы – цялятнік

«Радыяцыя ў вёсцы зьявілася, як выбухнуў Чарнобыль, — даводзіць яшчэ адна жыхарка вёскі. — Ад таго часу і пачалося радыяцыйнае тутэйшае жыцьцё».

«Як даведаліся, што ў нас ягады ды грыбы з радыяцыяй, то па іх больш ня ходзім — ні наша сям’я, ні іншыя вяскоўцы, — пераконвала жанчына. — Гэта з гораду прыяжджаюць па ягады. Але і нашы некаторыя, папраўдзе, ходзяць, а потым возяць у горад прадаваць».

У радыяцыйным лесе сёлета чарніцы ёсьць, але дробныя
У радыяцыйным лесе сёлета чарніцы ёсьць, але дробныя

Разам з чарніцамі пасьпелі і маліны, аднак, ці «чыстыя» яны?
Разам з чарніцамі пасьпелі і маліны, аднак, ці «чыстыя» яны?

«Наша ўсё свойскае правяраюць, — пераконвала суразмоўніца. — У нас карова адна на ўсю вёску, дык малако правяраюць два разы на год. Яно чыстае. Гародніну правяралі. Адказ далі, што таксама ўсё чыстае, а як там насамрэч — хто яго ведае. Жывём, давяраем, ямо. У нас тут і дзеці, і ўнукі. Ды й самі лета тут жывём».

Паводле тутэйшых, неўзабаве пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у навакольлі асаджвалі радыяцыйныя аблокі, таму і лес у радыяцыйных плямінах. У некаторых тутэйшых мясьцінах узровень радыяцыі — як у зоне адчужэньня.

«Аблокі саджалі месцамі, дык там радыяцыя, а дзе іх не было, дык лес чысты», — даводзіць адзін зь вяскоўцаў.

«Тут ніхто ўжо нічога не баіцца. Колькі гадоў ад Чарнобыля мінула. Гэта па першым часе пасьля выбуху радыяцыя была. Тады і даплаты былі нам. А потым „грабавыя“ скасавалі і заявілі: радыяцыі няма. Цяпер і знакаў радыяцыйных няма. Ня хочуць усяго паказваць — усё ўпотай», — выказаўся вясковец.

Пяць кілямэтраў ад бабруйскай шашы да самае вёскі — толькі адзін знак радыяцыйнай небясьпекі. Паабапал грунтоўкі — засеяныя зерневымі палі ды папар з выгаралай праз сушу травой. Жыхары вёскі цьвердзяць, што некалькі знакаў радыяцыйнай небясьпекі выстаўленыя ў лесе.

Грунтоўка ў вёску. Уздоўж дарогі – засеяныя палі
Грунтоўка ў вёску. Уздоўж дарогі – засеяныя палі

«Сёлета ў ягады і грыбы не хадзі», — раіць сталага веку вяскоўка. Паводле кабеты, у іхных мясьцінах амаль два месяцы не было добрых дажджоў, і ўсё пасохла.

«Пра радыяцыю тут ужо ніхто і не гаворыць. Той, хто ёй заразіўся, той даўно памёр. Я вось ды яшчэ дзьве жанчыны засталіся радыяцыйныя, а так з майго году нараджэньня дык паўміралі ўсе. Пустая цяпер вёска. Толькі цяпер у хатах дзеці памерлых, з гораду прыяжджаюць. Пяцёра старых на вёску засталося», — кажа кабета.

Для жыхароў Боўшава большы за радыяцыю клопат — забарона паліваць з калёнак свае агароды. Скардзяцца на інспэктараў, якія прыяжджаюць і рэжуць шлангі. Даводзіцца вяскоўцам ваду дзеля паліўкі насіць вёдрамі.

Буслоў таксама радыяцыя не палохае
Буслоў таксама радыяцыя не палохае

У Магілёўскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі пацьвердзілі, што выяўлены ў ягадах радыёнуклід цэзія — наступства аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паводле супрацоўнікаў цэнтру, жыхары вёсак, паблізу якіх небясьпечныя праз радыяцыю мясьціны, ведаюць, што зьбіраць ягады ды грыбы нельга, аднак працягваюць гэта рабіць.

«Іншым разам правяраюць. Іншым разам кажаш людзям, што ўзровень забруджаньня высокі, а яны ўсё адно забіраюць ягады ці грыбы. Што яны зь імі потым робяць, невядома. Ядуць, відаць. І ўсё адно ходзяць, зьбіраюць у небясьпечных месцах. Многія і не правяраюць. Кажуць: «А навошта. Мы ж ужо прывыклі. Ужо наеліся, і нічога страшнага», — даводзіць супрацоўніца цэнтру.

Тым часам вяскоўцы з Боўшава зазначаюць: пра радыяцыю задумваюцца, калі пра яе пачынаюць гаварыць. Як толькі скончылі, дык і забыліся, што небясьпека існуе.

Летась у недалёкай ад Боўшава вёсцы Лежнеўка санэпідэмстанцыя таксама выявіла павышаны ўзровень радыяцыі ў чарніцах. Цэзія ў ягадах утрымлівалася больш, чым удвая болей за норму.

Краявід зь вёскі. Лес вабіць, але з радыяцыяй
Краявід зь вёскі. Лес вабіць, але з радыяцыяй

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG