Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сувэнірная» Ўкраіна на «Славянскім базары»


​Некалі «Славянскі базар у Віцебску» прэзэнтаваўся як фэстываль, мэта якога — прапагандаваць культурную спадчыну трох славянскіх краін, Украіны, Беларусі і Расеі. Але за апошнія гады прадстаўніцтва Ўкраіны на фэстывалі зьменшылася ў разы.

Некалі на «Славянскім базары» былі асобныя «Дні культуры» ўсіх трох краін, калі цягам цэлых сутак у горадзе праходзілі імпрэзы з нацыянальным калярытам, выступалі папулярныя ўкраінскія, беларускія і расейскія артысты і дзеячы мастацтваў. Цяпер гэтая традыцыя сышла ў нябыт: у праграме зьявіліся канцэрты «Саюзная дзяржава запрашае» з выступамі расейскіх і беларускіх выступоўцаў і мастацкіх калектываў.

Увасабленьне славянскага адзінства на магнітах з Чарнігава
Увасабленьне славянскага адзінства на магнітах з Чарнігава

Прадстаўніцтва Ўкраіны ў канцэртнай прасторы дужа невялікае. Але віцябляне і госьці ўражаныя: 10 ліпеня прайшоў паўфінал XXIV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песьні «Віцебск-2015», і выступ украінскай сьпявачкі Ганны Цьвердаступ распачаўся акордамі гімну «Ще не вмерла Україна» — такім чынам была аранжыраваная песьня «Тече вода». Ураджэнка Кіраваграду, спявачка Анніт (творчы псэўданім Ганны Цьвердаступ) спрабавала трапіць на конкурс і раней, але ёй удалося зрабіць гэта толькі сёлета, і падчас апошніх выступаў на радзіме артыстка абвясьціла дабрачынны збор грошай на сваю паездку ў Беларусь.

Значна шырэй, чымсьці ў канцэртных праграмах, Украіна прадстаўлена ў сувэнірных радах, якія разгарнуліся на цэнтральных вуліцах Віцебска. І папулярнасьць шырокавядомых брэндаў — вышыванак, вяночкаў, керамікі, іншых сувэнірных вырабаў — сьведчыць пра цікаўнасьць да краіны-суседкі. Віцябляне і госьці гораду зьбіраюцца каля павільёнаў з таварамі ня толькі каб нешта набыць, алё й каб пагаварыць з гандлярамі, што прыехалі з Чарнігава, Віньніцы, Івана-Франкоўску...

Госьці з Украіны імкнуцца не закранаць «палітыку», кажа гандлярка з Івана-Франкоўску:

«Мы прыяжджаем у Віцебск ужо другі год і вельмі баяліся, што распалохаем беларускіх пакупнікоў новымі коштамі. Вышыванкі крыху падаражэлі, мы просім у сярэднім ад 750 тысяч да 1 мільёна 200 тысяч. Нехта купляе. А найчасьцей бяруць вяночкі — яны ў нас па коштах ад 50 да 100 тысяч. Калі даведваюцца, што мы з Заходняй Украіны, то пачынаюць распытваць пра наша жыцьцё. Але ніякай агрэсіі няма — звычайныя людзі ня бачаць у нашых асобах ворагаў-«бандэраўцаў».

Знарок або выпадкова, але сувэнірны і прамысловы гандаль падзяліўся на зоны: тавары беларускіх вытворцаў прадаюцца збольшага ў павільёнах уздоўж вуліцы Леніна, расейскія тавары — уздоўж Замкавай. І тут жа прадае сваю кераміку віньніцкі майстар-гандляр.

Ідэалягічных канфліктаў няма: гаспадыні выбіраюць посуд, не зважаючы на яго «нацыянальную прыналежнасьць» і красамоўныя надпісы «За волю, за долю», або «Козацькому роду нема переводу».

Жоўта-блакітныя сьцяжкі толькі прывабліваюць пакупнікоў, ахвотных набыць сувэніры або адчаканіць памятную манэтку. І на віцебскіх вуліцах у натоўпе мінакоў усё часьцей можна сустрэць дзяўчыну ў вяночку або хлопца ў вышыванцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG