Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 прычынаў, чаму ў Беларусі немагчыма правесьці выбары


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч шмат гадоў, яшчэ з канца 90-х, займаецца назіраньнем за выбарчымі кампаніямі ў Беларусі. На сайце сваёй арганізацыі спадар Стэфановіч выклаў шэсьць прычынаў, чаму ў Беларусі немагчыма правесьці дэмакратычныя, свабодныя і празрыстыя выбары.

Свабода пераказвае гэтыя тэзісы ў скароце.

1. Адсутнасьць у краіне канкурэнтнага палітычнага працэсу

У Беларусі ўжо даўно не існуе публічнага, канкурэнтнага палітычнага працэсу. Пры такой палітычнай сыстэме выбары ператварыліся ў набор адміністрацыйных працэдур і ў рэальнасьці не забясьпечваюць рэалізацыю права грамадзян удзельнічаць у кіраваньні сваёй краінай і права абіраць уладу. Нашы выбары ўсё больш і больш набліжаюцца да савецкіх стандартаў, асноўныя складнікі якіх — загадзя вызначаны вынік і добры буфэт.

2. Манапалізацыя СМІ

Немагчыма правесьці свабодныя выбары ў несвабодным грамадзтве, дзе няма месца плюралізму і галоснасьці, а палітычныя апанэнты, у тым ліку тыя, хто браў удзел у выбарах, сядзяць у турмах.

Як ва ўмовах манапалізаваных дзейнай уладай СМІ можа зьявіцца рэальная альтэрнатыва ўладзе? Зьяўленьне альтэрнатыўных кіраўніку дзяржавы кандыдатаў на тэлеэкранах у парачцы перадвыбарчых тэледэбатаў (у запісе) аніяк не ўплывае на агульную сытуацыю на фоне бязьмежных інфармацыйных, адміністратыўных і фінансавых рэсурсаў, якімі валодае дзейны кіраўнік краіны.

3. Адсутнасьць незалежных выбарчых камісіяў

Не сакрэт, што выбары ў Беларусі праводзяцца не ЦВК і ня Лідзіяй Міхайлаўнай Ярмошынай, а прэзыдэнцкай вэртыкальлю. Менавіта мясцовыя выканкамы, раённыя адміністрацыі, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, ВНУ і іх ідэолягі — асноўныя арганізатары выбараў. Менавіта яны адказныя за фармаваньне і склад выбарчых камісіяў усіх роўняў, забесьпячэньне яўкі выбарцаў на ўчасткі, забесьпячэньне адпаведных вынікаў галасаваньня.

Фармаваньне камісіяў паводле «вытворчага» прынцыпу, з прадстаўнікоў аднаго і таго ж працоўнага калектыву, забясьпечвае іх надзейнасьць і кантроль над імі. Апазыцыянэрам там ня месца, таму ў камісіі трапляюць лічаныя асобы, вылучаныя ад апазыцыйных партыяў. Так было і так будзе. Гэта аснова нашага выбарчага працэсу.

4. Датэрміновае галасаваньне

Ніякіх дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі немагчымасьць прымаць удзел у выбарах у асноўны дзень, прад’яўляць ня трэба. На практыцы гэта прыводзіць да неабмежаванага выкарыстаньня ўладамі адміністрацыйнага рэсурсу ў выглядзе «арганізаванага» датэрміновага галасаваньня студэнтаў, вайскоўцаў, жыхароў працоўных інтэрнатаў і проста працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Нярэдка гэта суправаджаецца фактычным прымусам да такога галасаваньня і груба парушае прынцып добраахвотнага ўдзелу ў выбарах.

5. Непразрыстая працэдура падліку галасоў

Непразрыстая працэдура падліку галасоў — бадай, самая вялікая сыстэмная праблема нашага выбарчага заканадаўства. Яе найбольш крытыкуюць як нацыянальныя назіральнікі, так і міжнародныя.

Сапраўды, тое, якім чынам павінен адбывацца падлік галасоў, ніяк не прапісана ў Выбарчым кодэксе. Як правіла, падлік вядуць адразу ўсе сябры камісіі, кожны зь якіх лічыць свой невялікі стос бюлетэняў, запісвае вынік падліку на паперку і перадае старшыні камісіі. Старшыня камісіі падсумоўвае ўсе «паперкі» і запаўняе выніковы пратакол. Выходзіць, што спраўдзіць, ці адпавядае такі вынік рэальнаму падліку галасоў, немагчыма, дый няма каму (глядзі разьдзел пра склад камісіяў). Пры такой сыстэме падліку ня тое што назіральнікі — самі сябры камісіі выніку ня ведаюць. Менавіта таму нацыянальныя назіральнікі, прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, а таксама БДІПЧ АБСЭ настойваюць, каб у выбарчым кодэксе быў замацаваны такі парадак падліку, калі бюлетэні лічыць адзін сябра камісіі і кожны бюлетэнь дэманструецца як сябрам камісіі, так і назіральнікам, а таксама іншым асобам, якія маюць права прысутнічаць падчас падліку галасоў на ўчастку.

6. Немагчымасьць паўнавартаснага назіраньня за ўсімі выбарчымі працэдурамі

Падчас назіраньня за выбарамі рознага роўню мы неаднаразова адзначалі, што цэлыя этапы выбарчай кампаніі застаюцца па-за ўвагай назіральнікаў.

Мы заўсёды зыходзілі з таго, што назіральнік мае права прысутнічаць і атрымліваць неабходную інфармацыю пра ўсе выбарчыя працэдуры і на ўсіх этапах выбараў, аднак на практыцы справа выглядае па-іншаму.

Напрыклад, назіральнікам традыцыйна адмаўляюць у прысутнасьці падчас працы тэрытарыяльных (акруговых) выбарчых камісіяў пры праверцы подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі па вылучэньні кандыдатаў ці то ў дэпутаты, ці то ў прэзыдэнты. Такім чынам, назіральнікі ня могуць назіраць за гэтай працэдурай.

Таксама назіральнікам, зарэгістраваным у тэрытарыяльных камісіях, традыцыйна адмаўляюць у праве прысутнічаць у гэтых камісіях у момант перадачы выніковых пратаколаў і выбарчых бюлетэняў з участкаў для галасаваньня. Гэтая частка працэсу — цалкам негалосная, закрытая, яна можа суправаджацца рознымі маніпуляцыямі і «карэкціроўкамі» атрыманых пратаколаў.

Знайсьці ж інфармацыю пра вынікі галасаваньня па ўсёй краіне з разьбіўкай па кожным выбарчым участку таксама немагчыма, бо такая інфармацыя нідзе публічна не разьмяшчаецца. Гэта не дазваляе сацыёлягам, палітолягам, назіральнікам аналізаваць гэтыя дадзеныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG