Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра – вучэньні зь віетнамскай арміяй


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ў цяперашніх умовах надзвычай важна вывучаць новыя формы ваенных дзеяньняў, адсочваць зьменлівую абстаноўку ў сьвеце.

Паколькі спосабы і формы вядзеньня вайны істотна зьмяніліся. Арміі трэба дынамічна разьвівацца і ісьці ў нагу з часам, умець супрацьстаяць любым пагрозам сучаснасьці, перадаюць інфармацыйныя агенцтвы.

Таварышы афіцэры! Сядайце. Мы правялі вучэньні сумесна з кітайскай народнай арміяй супраць тэрарыстаў і незаконных бандфармаваньняў. Вучэньні прайшлі з адзнакай «выдатна». Мы з кітайскімі таварышамі сталі сапраўднымі братамі па зброі. І зараз мы гатовыя стаць поплеч перад пагрозамі і выклікамі часу. Калі ўмоўная тэрарыстычная групоўка зробіць спробу захапіць наш міжнародны аэрапорт, выкарыстоўваючы гаўбічную артылерыю, цяжкія калібры, сыстэмы залпавага агню, танкі і самаходныя гарматы, нам на дапамогу прыбудзе кітайская армія.

А сёньня, таварышы, да нас прыбылі афіцэры віетнамскай народнай арміі. Распрацуем на будучыню тактыку абароны буйнога чыгуначнага вузла ад бранятанкавых часьцей праціўніка, іншымі словамі, тэрарыстычнай групоўкі. Яе мэта паралізаваць чыгуначныя зносіны ў краіне. Трэба вывучыць віетнамскія словы. Дзеля ветлівасьці. Ім з нашымі рускімі таксама няпроста. Армія Quân đội, перамога chiến thắng, салдат lính, дружба tình bạn. Але самае цяжкае «аўтамат Калашнікава». Một khẩu súng trường Kalashnikov, язык зламаеш. Толькі Калашнікаў і можна зразумець. Хаця па-кітайску яшчэ горш — цёмны лес з герогліфаў, таварышы, сапраўдныя джунглі.

У маёра Буслова мазгі тармазілі ад азіяцкіх слоў і нечаканых баявых задач. Армія ваюе з арміяй, усё гэта безнадзейна састарэла. Замест меркаванага праціўніка заўсёды цяпер будуць тэрарысты, гібрыдныя апалчэнцы. Але не пасьпелі іх на палігоне ў Гожы накрыць некалі цяжкімі калібрамі, як яны сёньня з джыпаў пераселі на танкі. Суцэльныя кітайскія пісьмёны, а не вучэньні. Ну як беларусы і кітайцы разам будуць у лесе сапраўдных тэрарыстаў шукаць? Дзе гэты лес? У нас што, Белавеская пушча супольная? Мы што, суседзі па мяжы? А калі не, то ў чым сэнс такіх вучэньняў? Проста шахматная гульня?

А зь віетнамцамі што? Можа яны нядрэнныя хлопцы, можа баявыя, але ў якіх джунглях мы павінны разам змагацца з тэрарызмам? Зь якой арміяй у нас наступныя будуць манэўры? З вэнэсуэльскай? Бліжэй з украінцамі правесьці. Ці з палякамі. Палякі прыяжджалі, было некалі. Даўно. Войска польскае з нашымі. Па-суседзку. А цяпер паміж Менскам і Пэкінам на тысячы кілямэтраў – саюзьніца наша. Выходзіць, сэнс такіх вучэньняў у тым, што зь яе тэрыторыі на кітайскую або на нашу могуць пранікнуць збройныя бандфармаваньні? Ці не? Сёньня на кожным табе кроку: гаворым адно, думаем другое, робім трэцяе.

Усё цяпер з ног на галаву. У трактарыстаў і шахцёраў больш танкаў, чым у бундэсвэры, у французаў і чэхаў. Быццам на Курскую дугу сабраліся. Сьвежыя танкі проста так стаяць ня будуць, гэта ня ў змазцы на кансэрвацыі. Танкі як трактары, ім трэба ў поле. І якая тады антытэрарыстычная апэрацыя справіцца з такой армадай? Толькі дай загад наперад.

Галава забалець можа. ДНР не прызнаем, але лічым героямі, хоць самі туды гатовыя, калі каманда паступіць. Яны ж супраць нацыяналістаў, супраць украінскай мовы, каб усё было па-руску, як у нас у арміі. Мы Ўкраіне спачуваем афіцыйна, але праводзім на мяжы вучэньні (каб які калашнікаў шахцёрскі да нас ня трапіў). Мы саюзьнікі Расеі і ведаем, што яна гоніць у Данбас танкі. Ну ня мае Данбас іншай мяжы, толькі з суседкай, ну ня могуць жа цераз яе трапляць мангольскія? Ня могуць. Гэта толькі ў песьні старой было «Монгольские танки входят в города».

Бацька Буслову расказваў: віетнамцы вучыліся ў СССР, калі вайна ў іх была. Іх шкадавалі, яны былі героі. Хоць часам і раздражняліся, калі пачнуць у інтэрнаце селядцы смажыць. А да кітайцаў стаўленьне было іншым. Зусім нядаўна заваруха была на Даманскім: яны на востраў, а іх «Градам»… Так што не выклікалі асабліва даверу. А віетнамцам спачувалі. А потым Кітай напаў на Віетнам. Усе нашы былі супраць агрэсара, ТАСС асудзіў. Няхай самі сьледам улезьлі ў той Аўганістан. Але загад ёсьць загад.

Ну вось цяпер ідзі вучы, Буслоў, як па-іхнаму аўтамат Калашнікава будзе, язык толькі пашкадуй. А Даманскі Пуцін кітайцам сам перадаў, хай валодаюць кітайскія таварышы. То любоў, то нянавісьць, то зноў… каханьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG