Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць з Расеі прывёз у Беларусь Сталіна. Фотафакт


Жыхары Магілёва са зьдзіўленьнем заўважылі на вуліцах горада машыну жыхара Расеі, абклееную савецкай атрыбутыкай ды фрагмэнтамі савецкай кінахронікі часоў Другой усясьветнай вайны.

На адным баку аўтамабіля — выява Сталіна, пад якім надпіс: «Кто до нас с мечом придёт, тот от меча и погибнет».

Грамадзянін Расеі цьвердзіць, што гэтак ён выяўляе свае патрыятычныя пачуцьці і скардзіцца, што ягоны NISAN не пускаюць ва Ўкраіну і Эўразьвяз:

«Мяне туды ня пусьцяць. У Польшчу не пусьцілі. Відаць, праз наш патрыятызм. Але ў ім жа ў прынцыпе нічога кепскага няма...Гэтыя нарэзкі ўзятыя з гісторыі. Яны ні ў якім разе не канфліктныя. Мы ж патрыёты сваёй краіны, — даводзіць сваю пазыцыю госьць з Расеі. — Клеем іх ды езьдзім у Берасьце на Дзень Перамогі. Нічога кепскага ў гэтым няма. Гэта як георгіеўская стужка. Тут усе вядомыя салдаты: маршал Жукаў і наша тэхніка. Гэта ж усё было».

Пакуль машына расейскага госьця стаяла прыпаркаванай на вуліцы Першамайскай, нямала магілёўцаў зьдзіўлена аглядалі яе. Пракамэнтаваць убачанае, аднак, наважваліся нямногія — пераважна тыя, хто не ўхваляў учынак расейца:

«Прыкольна выглядае. А калі б гэтак машыну размаляваць у беларускім нацыянальным калярыце. Каб Купала быў, Колас. Нашы беларускія архітэктурныя славутасьці — колькі б разоў даішнікі спынілі?», — заўважае дзяўчына, якая спатыкнулася, узіраючыся ў расфарбаванае аўто.

«Па-мойму, Сталін — не зусім пазытыўная гістарычная асоба, — працягвае думку іншая дзяўчына. — Навошта ім упрыгожваць дарагую машыну? Проста дзіўна!»

«Мой дзед ваяваў, і я не хацела б, каб ягоную памяць выкарыстоўвалі ў такіх прапагандысцкіх мэтах, — выказвае свой пункт гледжаньня яшчэ адна жыхарка Магілёва. — Так, я перакананая, што мэты гэтыя прапагандысцкія. Навошта ён сюды прыехаў на сваёй машыне? У яго ёсьць свая краіна і немалая. Усё жыцьцё можа езьдзіць там і не аб’езьдзіць яе. Нам тут свайго Данбасу ня трэба», — кажа іншая жыхарка Магілёва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG