Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гляньце: чые мошчы прывезьлі (2)


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Душа рускага патрыёта ўзбударажаная. На Краснай плошчы кнігі з усяе Расеі. Мы ганарымся друкаваным словам!

Хоць паадсталі ад Амэрыкі, чытаем значна менш, ды кніг яшчэ хапае. Уся мудрасьць сёньняшняя наша прысутнічае на галоўнай плошчы. Ня толькі, скажам, папулярныя Марыніна, Данцова, таксама творы патрыётаў, вось яны і самі – Праханаў, Шаргуноў і сам Захар Прылепін! Але сюрпрыз сапраўдны зь іншай опэры сягоньня – сам патрыярх Кірыл пра старажытнага сьвятога Ўладзіміра там прэзэнтуе кнігу, напісаную ўласнаручна.

І, мала гэтага, заступнік сьвету рускага сучасны Ўладзімір, наш прэзыдэнт, прысутнасьцю сваёй асобы ўшануе сьвята кнігадруку на плошчы Краснай. І ўсё гэта ў прысутнасьці нябачнай Уладзіміра Ільліча, які вучыў нас некалі настойліва: чытаць, чытаць, таварышы, і трэці раз чытаць! Ён у маўзалеі, нагадаю. А памяць і прысутнасьць трох адразу Уладзіміраў узмоцніць патрыётаў рускіх і дасьць нам сілу на далейшыя, вядома, справы дабрадзейныя.

З Уладзіміраў пачалося, і будзе імі шлях асьвечаны наш надалейшы.Так, не хацеў ён закапаць, як лібэралы прагнулі, правадыра, стваральніка дзяржавы рабочых і сялян. Наш прэзыдэнт тады сказаў: няхай ляжыць ён зь мірам, дзе ляжаў, таварышы, дадаўшы — гаспада. Народ наш мошчы ўмацнялі ўсе вякі. Няхай і без крыжа таварыш Ленін, але свой. Рукі прэч! Адначасова думка прэзыдэнцкая шукала ў кнігах мудрых новага апірышча, якое аказалася, сябры, забытым безразважна, занядбаным. І ўспомнілі нарэшце Ўладзіміра, роўнаапостальнага князя, хрысьціцеля Русі ў пракаветныя часы.

І дарадчыкі прэзыдэнцкія, шчасьлівыя адкрыцьцём сваім неспадзяваным, паклалі рапарцічку галаве дзяржавы на стол службовы. І разгарнуўшы папку з гербам залатым з арлом любімым, галовы у якога на ўсход і захад, паверыў зь цяжкасьцю вачам сваім наш Уладзімір. Якая дата грандыёзная наперадзе чакае! Тысяча год мінае, як памёр сьвяты роўнаапостальны наш продак Уладзімір. У Херсанэсе Крымскім ён сваю нагу паставіў, тым забясьпечыўшы наперад празь вякі законныя правы валодаць Севастопалем і Крымам Фэдэрацыі Расейскай нашай.

І асяніла прэзыдэнта, як потым расказаў ён самазадаволена ў кінафільме «гораду і сьвету», князь Уладзімір наш менавіта спадзьвіг яго вярнуць нарэшце тое, што належала бяспраўна кіеўскім бандэраўцам, фашыстам. Даў слова прэзыдэнцкае сабе ён асабіста і выканаў, не замарудзіў: вось трыкалёр любімы залунаў над Крымам, хоць ты партрэт Уладзіміра на ім зрабі. Сьвятога Ўладзіміра, ясна. І дзесьці ў момант той прывід вядомай маці, калыскі рускіх гарадоў на даляглядзе залунаў. Дзе ён хрысьціў рукой рашучай, дзе прымушаў трымцець, дзе слаўна жыў і некалі памёр.

На плошчы Краснай кніга пра яго ад патрыярха, а мошчы езьдзяць сёньня у каўчэгу па гарадах і весях. І так прыемна на душы, таварышы, такі бярэ нас гонар за сябе, за Ўладзіміраў!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG