Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: «Дзеля вызваленьня Статкевіча і ўсіх палітвязьняў гатовы на любыя крокі»


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Рух салідарнасьці «Разам» распачаў стварэньне штабу ў падтрымку Мікалая Статкевіча як патэнцыйнага кандыдата на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Штаб узначаліў прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Стваральнікі ініцыятыўнай групы плянуюць, што ўжо ў кароткатэрміновай пэрспэктыве да гэтай працы мае далучыцца ня менш за 200 сяброў і прыхільнікаў руху салідарнасці «Разам». З гэтай нагоды Мікалай Аўтуховіч адказаў на некалькі пытаньняў Свабоды:

— Узначаліўшы штаб у падтрымку Мікалая Статкевіча, вы вяртаецеся да грамадзка-палітычнай дзейнасьці, ці з вашага боку гэта акцыя салідарнасьці з палітвязьнем?

— Палітычны крок ёсьць тады, калі можна спадзявацца на пэўны вынік ад яго. Гэта ж акцыя салідарнасьці і падтрымкі Міколы Статкевіча. І я даў згоду ўзначаліць штаб менавіта ў падтрымку Міколы Статкевіча. Бо я лічыў і цяпер застаюся перакананы, што выбараў няма. Мяне пераконвалі і казалі, што так, мы таксама ведаем, што выбараў ня будзе, але мы павінныя прайсьці ўвесь шлях па вылучэньні Міколы Статкевіча: рэгістраваць, атрымаць адказ і тады ўжо казаць пра байкот. Нейкі крывы шлях, але няхай будзе так, калі гэта будзе мець карысьць. Мяне пераканалі ўзначаліць штаб падтрымкі, каб больш людзей падтрымалі гэтую ініцыятыву.

Гэта ня столькі перадвыбарчы штаб, колькі ініцыятыва ў падтрымку Міколы Статкевіча. Мая задача — паспрыяць сабраць як мага больш людзей, якія будуць дапамагаць галоўнаму штабу па вылучэньні Міколы Статкевіча і будуць падаваць заяву на рэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы.

Я б на гэты крок не пайшоў, але калі патрэбная салідарнасьць і падтрымка для Міколы, а таксама для ўсіх палітычных вязьняў, то неабходна ісьці на ўсе магчымыя крокі. Бо я ведаю, што такое сядзець у турме; калі з табой сядзіць падсадная качка з адміністрацыі — гэта вельмі цяжка. Альбо, калі ты сядзіш у адзіночнай камэры — гэта такая каморка, дзе, седзячы на ложку, дакранаесься рукой да ўсіх вуглоў і сьценаў гэтай камэры — гэта таксама вельмі цяжка. І калі хоць нешта можна зрабіць, каб вызваліць чалавека, то гэта неабходна рабіць. Я не адмаўляюся, што я вярнуся ў палітыку, але гэта будзе не такі крок, не праз выбары«.

— Вы ня верыце ў выбары з прычыны іх прагназаванага выніку альбо з прычыны магчымых наступстваў для іх удзельнікаў?

— Па-першае, ніхто ня будзе лічыць гэтыя галасы, і ўжо сёньня вядома, хто будзе прэзыдэнтам. Сёньня я таксама бачу, што робіцца ў палітычных партыях і паміж імі. Прыйшоў час, а ў іх няма ніякага агульнага пляну дзейнасьці. І таму трэба паказаць прыклад, што можна аб’яднацца. Я не прыхільнік ніякай палітычнай партыі ці руху і кажу пра гэта адкрыта. Бо з тымі людзьмі, якія працавалі ў гэтых палітычных партыях ці рухах, я не хачу мець нічога агульнага. Бо тое, што трэба было рабіць, за гэтулькі гадоў ня зробленае. Нічога не атрымалася, улада ня выкананала ніводнага патрабаваньня. Таму я лічу, што прыйдзе час, і зьявяцца людзі, якія будуць ня толькі патрабаваць, але і дамагацца выкананьня гэтых патрабаваньняў. Вось з такімі людзьмі можна будзе працаваць і ісьці зь імі хоць на вайну.

— Вы верыце, што зьявяцца такія людзі, ці яны ўжо ёсьць?

— Канечне ёсьць. Але зараз іх тут няма і яны не прымаюць ніякага ўдзелу ў розных кампаніях — і правільна робяць. Вось цяпер спатрэбілася маё імя, каб хоць неяк аб’яднаць людзей. Я кажу, што калі гэта хоць зь дзясятак чалавек дадасьць да супольнай працы, то варта гэта рабіць. Я не змагу таксама прымаць вельмі вялікі ўдзел у гэтай кампаніі, бо тут, у сябе на месцы, не магу галавы падняць: маю чатыры судовыя працэсы. Адзін ужо адбыўся, адзін на падыходзе і яшчэ будуць два. Мне тут стварылі такія ўмовы, што працаваць проста нельга — увесь час займаюся адпіскамі і хаджу ў суды.

— Гэта зьвязана з вашай прадпрымальніцкай дзейнасьцю?

— Гэта адбываецца досыць даўно — я не агалошваў гэтыя выпадкі, але, пэўна, усё ж варта было. Па-першае, на мяне тут пачалі ціснуць, што, нібыта, я зьбіраю людзей і адпраўляю ваяваць ва Ўкраіну. Гэтая справа ўжо прыціхла, але адбыліся допыты — мяне выклікалі і міліцыянты, і КДБісты. Пасьля на мяне тут распачалі справу, што, нібыта, я абмяняў камусьці буйную суму грошай. Знайшліся два сьведкі, адбыўся суд, але пасьля гэтыя сьведкі паведамілі, што ім загадалі гэтак казаць. Пасьля патрабуюць падаткі за той час, калі сядзеў у турме, санітарная станцыя таксама, транспартная служба не даюць дыхаць: то дакумэнты ня так зробленыя, то афармленьне аўтамабіляў. Прычым, усе разумеюць, што патрабаваньні неабгрунтаваныя, што маем рацыю — і тым ня менш. Мы ледзь страйк не ўчынілі з гэтай прычынай. Паабяцалі таксама, што працягнуць тэрмін нагляду з тае прычыны, што ў зьняволеньні я, нібыта, быў злосным парушальнікам. Каб перад выбарамі не займаўся чым — вось гэтак справу і арганізоўваюць.

— Не асьцерагаецеся таго, што пасьля таго, як узначаліце штаб у падтрымку Міколы Статкевіча, гэты ціск узмоцніцца?

— Я не сумняюся ў гэтым ні хвіліны. Вы ведаеце, якая магутная агентурная сетка, як сочаць за кожным крокам пры патрэбе. Так было, калі прыяжджаў Дашкевіч, і за намі сачылі з машынаў, а таксама хадзілі «мінакі зь дзіцячымі вазкамі». А мае тэлефоны праслухоўваюць ад 2004 году. Я цудоўна ведаю гэтую сытуацыю і разумею, што раблю. Проста імкнуся не даваць аніякіх падставаў для правакацыяў супраць мяне. З гэтай прычыны амаль не выходжу за тэрыторыю сваёй базы, дзе працую, са свайго дому — каб не даваць магчымасьці правакацыяў. Я яшчэ раз кажу, што я супраць гэтай ідэі — майго кіраваньня штабам, супраць выбараў, але толькі дзеля вызваленьня Мікалая Статкевіча і ўсіх палітычных вязьняў я гатовы працаваць у гэтым кірунку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG