Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армянскі блогер: Расея сама правакуе размовы пра Майдан


Тыгран Качаран
Тыгран Качаран

Некаторыя назіральнікі трапна ахрысьцілі падзеі ў Ерэване «Электрамайданам».

Дык ці варта чакаць новага Майдану, гэтым разам у Закаўказьзі? Сытуацыю для Беларускай службы Радыё Свабода пракамэнтаваў вядомы армянскі блогер, экспэрт у інфармацыйнай бясьпецы Тыгран Качаран:

«Напярэдадні ў мэдыяполе было ўкінута, што ў Армэніі пачынаецца Майдан. Збольшага гэта прыдумка, бо мы тут жывём і ня бачым, каб было нешта падобнае да падзеяў ва Ўкраіне. Так, ёсьць акцыі пратэсту супраць росту тарыфаў на электрычнасьць, адносна чаго ўжо другі год запар уносіць прапановы РАО ЕЭС. Прычым, у адпаведную камісію, якая рэгулюе цэны, адпачатку паступіла просьба падвысіць кошты адразу на 40% — уяўляеце, што гэта для насельніцтва, бальшыня якога і так жыве, мякка кажучы, у ня вельмі добрых умовах? Пасьля доўгіх разборак і пратэстаў камісія прыняла рашэньне павялічыць на 16-17%, але народ усё роўна застаўся незадаволены, і пачаліся акцыі пратэсту.

Сымбалі акцыяў пратэсту супраць падаражэньня электраэнергіі ў Армэніі.
Сымбалі акцыяў пратэсту супраць падаражэньня электраэнергіі ў Армэніі.

На жаль, як мы ведаем, паліцыя ўвайшла ў раж і, замест таго, каб задаволіцца, што праспэкт Баграмяна ачышчаны ад мітынгоўцаў, сілавікі пачалі даганяць, зьбіваць у розных месцах гораду і пратэстоўцаў, і актывістаў, і журналістаў, у тым ліку — разьбіваць камэры і г.д. Можна сказаць, перапрацавалі звыш меры, што выклікала

бурнае незадавальненьне ва ўсіх асяродках.

Тым ня меней, клясычнага Майдану, які спрабуюць тут убачыць ня толькі ўкраінскія, а нават расейскія СМІ, у Армэніі няма, таму што ў асноўных патрабаваньнях няма ніякіх прэтэнзіяў да Расейскай Фэдэрацыі ці нейкіх антырасейскіх лёзунгаў. Сапраўды, падчас шэсьця можна было пабачыць сьцягі Эўразьвязу, але яны былі прыбраныя на патрабаваньне саміх арганізатараў, бо пратэст канцэнтруецца перадусім на тым, што не павінна быць падаражэньня электраэнэргіі. Нават намесьнік шэфа паліцыі напярэдадні сказаў, што ягоныя калегі гэтаксама супраць гэтага падвышэньня, але, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, мусяць падтрымліваць грамадзкі парадак.

Канечне, калі усё пяройдзе ў патрабаваньне адстаўкі прэзыдэнта ці ўраду, вываду расейскай ваеннай базы ці нацыяналізацыі тут расейскай маёмасьці, безумоўна, грамадзтва зноў расколецца. Але пакуль галоўнае адрозьненьне ад майданных справаў, якія былі ў іншых краінах, у тым, што паліцыя паказала: будуць спыняцца ўсе антызаконныя, на меркаваньне сілавікоў, патрабаваньні, шэсьці і мітынгі. Зрэшты, нікому ня хочацца, каб быў працяг падзеяў узору раніцы 23 чэрвеня. Калі б улада змагла знайсьці агульную мову з грамадзтвам — а дэманстранты прадстаўляюць сабой усё армянскае грамадзтва — гэта быў бы найлепшы сцэнар.

Было б добра, каб Расея нарэшце навяла парадак у сваіх даччыных арганізацыях, бо асноўныя прэтэнзіі да «Интер РАО ЕЭС» у тым, што вялізныя сумы, аформленыя як інвэстыцыі, былі патрачаныя на прадметы раскошы, на «расьпіл», не нейкія незразумелыя тэндэры. У выніку народ лягічна абурыўся: чаму ён павінен кампэнсаваць даўгі бізнэс-арганізацыяў? Таму Маскве неабходна тэрмінова перагледзець палітыку сваіх прадпрыемстваў на тэрыторыі Армэніі — калі яны ня хочуць, каб гэтая сытуацыя была выкарыстана «заходнікамі», якія працуюць у антырасейскім полі. Бо нагоду стварыла сама Расея: калі СМІ пішуць пра Майдан і антырасейскія настроі, то трэба памятаць, што штуршок да гэтага дала менавіта расейская арганізацыя, якая папрасіла падвысіць тарыфы на электраэнэргію адразу на 40%.

І вельмі незразумела нашай краіне, якая вырабляе электраэнэргію ў вялікіх аб’ёмах, чаму ў нас павінна быць самая дарагая электраэнэргія на тэрыторыі СНД?»

Цяпер кіляват электраэнэргіі для армянскіх спажыўцоў (фізычных асобаў) каштуе блізу 40 драм. Ад 1 жніўня гэты паказьнік прапануецца падвысіць да 48 драм, то бок, у сярэднім будзе 10-12 цэнтаў за кіляват. Дзеля параўнаньня, максымальны тарыф у Беларусі зараз складае 7 цэнтаў за кіляват электрэнэргіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG