Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага танкіста на Данбасе вылічылі па сэлфі


Бата Дамбаеў і Сайман Астроўскі на тым самым месцы ў Вуглягорску, Украіна
Бата Дамбаеў і Сайман Астроўскі на тым самым месцы ў Вуглягорску, Украіна

Амэрыканскі журналіст адшукаў расейскага танкіста, які ўдзельнічаў у штурме Дэбальцава.

«Расейскія салдаты ва Ўкраіне не ваююць», — кажа Ўладзімір Пуцін. «Нашых войскаў там не было і няма», — паўтараюць яго міністры і генэралы. З такога сьцьвярджэньня пачынаецца фільм «Сэлфі-салдаты» амэрыканскага рэпартэра і рэжысэра-дакумэнталіста Саймана Астроўскага, зьняты для каналу VICE news.

Астроўскі знайшоў у сацсетцы «Вконтакте» профіль танкіста Баты Дамбаева (цяпер гэтая старонка выдаленая), які выкладаў шматлікія фатаграфіі, зробленыя ў розных рэгіёнах Расеі (напрыклад, на палігоне ў Растоўскай вобласьці), а потым і за мяжой: на разбураным блёкпасьце ў раёне гораду Углягорск Данецкай вобласьці Ўкраіны. Белая павязка, зь якой пазіруе Дамбаеў, зьяўляецца апазнавальным знакам расейскіх вайскоўцаў і сэпаратыстаў. Украінская армія і Нацыянальная гвардыя выкарыстоўваюць павязкі жоўтага колеру.

Для фільму «Сэлфі-салдаты» Сайман Астроўскі знайшоў тыя самыя месцы, на якіх фатаграфаваўся Бата Дамбаеў, у тым ліку і блёкпост ва Ўглягорску, зрабіў такія самыя фатаграфіі, выклаў іх на аналягічную старонку ў сетцы «ВКонтакте», прыехаў ва Ўлан-Удэ, патэлефанаваў Бату Дамбаеву і прапанаваў зірнуць на гэтыя здымкі.

Сайман Астроўскі распавёў Дзьмітрыю Волчаку з расейскай службы Радыё Свабода пра працу над фільмам і пра тое, як адрэагавалі на яго расьсьледаваньне расейскія спэцслужбы.

РС: Сайман, калі вы працавалі над гэтым фільмам, ці заўважылі вы за сабой сачэньне, ці былі спробы перашкодзіць у вашым расьсьледаваньні?

Сайман Астроўскі: Я рабіў сваё расьсьледаваньне даволі таемным чынам, бо думаў, што такія праблемы могуць мець месца. Таму толькі ў самым канцы свайго расьсьледаваньня я абвясьціў аб’екту расьсьледаваньня тое, што я яго праводжу, таму што я не хацеў яго перапалохаць. Гэта салдат-танкіст Бата Дамбаеў, чые фатаграфіі я адсочваў «ВКонтакте». Але як толькі я ў самым канцы расьсьледаваньня зьвязаўся зь ім, празь некалькі гадзін у мой гатэль прыехалі нібыта супрацоўнікі міграцыйнай службы ні з таго, ні зь сяго, і менавіта мяне папрасілі. Зь імі былі два стажоры, яны назвалі сябе стажорамі, але я думаю, што гэта былі насамрэч супрацоўнікі ФСБ. Мяне пасьвілі літаральна да майго вылету з краіны.

РС: Гэта было ў Бураціі?

Сайман Астроўскі: І ў Бураціі, і ў Маскве. Спачатку я вылецеў з Бураціі, потым я прыляцеў у Маскву, там мяне таксама сустрэла група прывітаньня, якая складаецца з памежнікаў, хоць я мяжу не перасякаў, прыляцеўшы з Бураціі. Пакуль я не паляцеў, ад мяне не адсталі.

РС: Падобна на тое, сам Бата Дамбаеў паведаміў аб вашым званку?

Сайман Астроўскі: Так, безумоўна, так і было. Калі я патэлефанаваў Дамбаеву, я яму паведаміў, хто я такі, і сказаў яму, што праводжу такое расьсьледаваньне. Усё, што трэба было зрабіць, — гэта пашукаць маё прозьвішча ў базе дадзеных, каб знайсьці мяне ў гатэлі, дзе я быў зарэгістраваны.

РС: Сайман, чаму вы выбралі менавіта Бату Дамбаева? Як вы знайшлі яго на сайце «ВКонтакте»?

Сайман Астроўскі
Сайман Астроўскі

Сайман Астроўскі: Зь вялікай цяжкасьцю. У мяне, па-першае, была інфармацыя, якая яшчэ ў сакавіку была апублікаваная ў «Новой газете» пра іншага бурацкага салдата. І была інфармацыя пра тое, зь якіх частак былі салдаты, якія ў Дэбальцава паехалі з Бураціі. Гэта дзьве часткі, быў зводны батальён, створаны з 37-й мотастралковай брыгады на мяжы з Манголіяй, і яшчэ ёсьць адна база ў горадзе Ўлан-Удэ, якая, здаецца, называецца «Дывізіёнка». Зводны батальён з гэтых дзьвюх частак быў адпраўлены ва Ўкраіну. Я проста стаў шукаць у сетцы «Вконтакте» салдат, якія служаць у гэтых дзьвюх частках, стаў праглядаць кучу профіляў, праглядаць іх фатаграфіі, пакуль не знайшоў адпаведнага салдата. Мне трэба было знайсьці ня проста салдата, які быў ва Ўкраіне, а салдата, які запосьціў фатаграфіі сябе самога ва Ўкраіне. Таму гэта было вельмі складана зрабіць. Было шмат салдатаў, паводле профілю якіх можна было зразумець, што яны былі ва Ўкраіне, але не было на іх старонцы наўпроставых доказаў гэтага. Напрыклад, яны ставілі ўсякія спасылкі, зьвязаныя з Украінай, матэрыялы, у якіх апісвалася інфармацыя. Інтэрвію, якое было ў «Новой газете», многія з іх перапосьцілі. Відаць было, што ў гэтых салдат відавочная цікавасьць да бітвы пад Дэбальцавам. Але калі я знайшоў профіль Баты (мы гэтае расьсьледаваньне праводзілі разам з Атлянтычнай радай, мы дзяліліся інфармацыяй падчас яго распрацоўкі, я на яго нацэліўся.

РС: Пагадзіцеся, гэта абсурдная сытуацыя: дзяржава, у тым ліку і прэзыдэнт, адмаўляе ўдзел расейскіх войскаў у гэтай вайне, а доказы знаходзяцца ў сэлфі простых салдатаў, якія выкладваюць іх у сацыяльныя сеткі. Дзяржаўная таямніца адкрываецца дзякуючы самалюбаваньню салдатаў.

Сайман Астроўскі: Гэта цалкам абсурдная сытуацыя, якая кажа пра тое, што ў цяпер складана схаваць які-небудзь род інфармацыі. Мне здаецца, папулярнасьць гэтага матэрыялу (ён ужо за два дні набраў паўмільёна праглядаў), якраз ідзе ад таго, што мы ўсе можам убачыць сябе ў гэтым салдаце, мы ўсе робім сэлфі, мы ўсе здымаем адзін аднаго, мы посьцім гэта ў інтэрнэце, фэйсбуку, інстаграме. Але, у адрозьненьне ад гэтага салдата, мы не займаемся сакрэтнай місіяй на тэрыторыі іншай дзяржавы. Таму тут такая тупасьць таксама праглядаецца.

РС: Чаму вы вырашылі ўзяцца за гэтае расьсьледаваньне?

Сайман Астроўскі: Я вельмі доўга падазраваў, што Расея ўдзельнічае ў гэтым канфлікце, але ня меў наўпроставых доказаў, якія б дазволілі мне пра гэта адкрыта гаварыць у сваіх матэрыялах, таму што я не хацеў памыліцца, хацеў, каб усё было дакладна. Цяпер я магу з упэўненасьцю казаць пра тое, што так, Расея ўдзельнічае, выкарыстоўваючы сваіх дзейных вайскоўцаў, аддае загады, нясе непасрэдную адказнасьць за тое, што адбываецца там.

Бата Дамбаеў і Сайман Астроўскі ў Улан-Удэ
Бата Дамбаеў і Сайман Астроўскі ў Улан-Удэ

РС: Сайман, вы былі першым журналістам, якога ўзялі ў закладнікі ў Славянску, захопленым ДНР. Вы з таго часу былі ў гэтым горадзе?

Сайман Астроўскі: Так, я быў шмат разоў у Славянску пасьля таго, як туды вярнуліся ўкраінскія ўлады. Таму што ў часе бітвы за Славянск мая кампанія не дазваляла мне вяртацца на тэрыторыі, падкантрольныя сэпаратыстам, таму што яны баяліся, што са мной што-небудзь здарыцца. Пасьля нейкага часу я стаў зноў працаваць на гэтых тэрыторыях. Там да гэтага часу даволі небясьпечна для журналістаў. На днях там карэспандэнта «Новай газеты» Паўла Каныгіна зьбілі, выправадзілі ў Расею. Ён цяпер зь сіняком пад вокам ходзіць. Гэта жудасна — такая непавага да нашай прафэсіі. Я думаю, што журналістаў трэба паставіць у такую самую катэгорыю, як дыпляматаў або назіральнікаў. Дакранацца да іх — гэта павінна быць агульнапрызнаным злачынствам незалежна ад таго, якая краіна гэта робіць.

РС: У вашым фільме ёсьць невялікае інтэрвію з прадстаўніком АБСЭ, якая актыўна працуе на ўсходзе Ўкраіны. Вы яго наўпрост пытаеце аб удзеле расейскіх войскаў, і ён дае вельмі ўхілісты адказ. Як вы лічыце, чым тлумачыцца гэтая ўхілістасьць?

Сайман Астроўскі: Усё вельмі проста: без мандату ад Расеі і ўсіх астатніх членаў АБСЭ, АБСЭ не магла б там знаходзіцца. Калі Расея не захоча, каб АБСЭ там працавала, то яны больш там ня будуць працаваць. Мне здаецца, гэтым усё тлумачыцца.

РС: Як вы лічыце, пасьля выхаду гэтага фільму вы зможаце яшчэ раз прыехаць у Расею?

Сайман Астроўскі: Я і цяпер знаходжуся ў Расеі, але я б не сказаў, што ў мяне няма ніякіх праблемаў. Я на працягу паўтара годя спрабую атрымаць журналісцкую акрэдытацыю ад VICE News ў Міністэрстве замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі. Літаральна на днях, празь некалькі дзён пасьля таго, як я вярнуўся з Бураціі, мне прыйшоў ліст зь Міністэрства замежных справаў, дзе яны нарэшце сказалі, што мне ня будзе выдадзеная акрэдытацыя і што пра прычыны паведамяць мне пазьней. Прычыны так і не паведамілі, але напісалі, што акрэдытацыю ня выдадуць. Я гэта разглядаю як цэнзуру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG