Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняму джазаваму вечару ў Менску пашкодзіла «партыя ў выкананьні АМАПу»


АМАПаўскі Джаз-кантроль, 20.06.2015. Фота: Anton Motolko
АМАПаўскі Джаз-кантроль, 20.06.2015. Фота: Anton Motolko

20 чэрвеня ў Менску прайшоў апошні з канцэртаў цыклю «Джазавыя вечары», што адбываліся ў чэрвені на менскай плошчы Свабоды пад адкрытым небам. Паводле водгукаў у інтэрнэце, апошняму канцэрту пашкодзілі ўмовы, да якіх музыканты ня мелі дачыненьня.

На папярэдніх канцэртах склалася асаблівая атмасфэра даверу, еднасьці і захапленьня музыкай, пісалі людзі ў сацыяльных сетках і сярод іншага адзначалі, што гэтаму спрыяла тое, што міліцыя ніяк не замінала зьбірацца і атрымліваць асалоду ад музыкі. «Калі на плошчы і было некалькі амапаўцаў, дык яны трымаліся далей і не заміналі», — заўважалі пра першыя канцэрты аматары джазу. Але сытуацыя зьмянілася ўвечары 20 чэрвеня, калі на плошчу Свабоды, каб паслухаць апошні канцэрт «Джазавых вечароў», сабралася больш за тысячу менчукоў. Гэтым разам наведнікам давялося прайсьці на плошчу праз рамкі мэталашукальнікаў, прычым, як адзначаюць некаторыя аматары джазу, уся атмасфэра на плошчы была далёкай ад сьвяточнай.

«Пад’яжджаючы сёньня зь сябрам у прызначаны час да ратушы, каб чарговым разам атрымаць асалоду ад джазу ў кампаніі прыемнай публікі, у мяне склалася ўстойлівае ўражаньне, што мы пад’яжджаем да нейкага рэжымнага аб’екту ці мітынгу апазыцыі — ня меней. Вялікая колькасьць аўтазакаў на кожным рагу... Па ўсім пэрымэтры ўсталявалі платы і КПП зь ператрусам і абавязковай відэаздымкай усіх, хто заходзіць. Выдатнае гета для менчукоў, якія жадаюць паслухаць джаз. Для паўнаты карціны не хапала калючага дроту і брэху аўчарак», — напісаў у камэнтары ў фэйсбуку Андрэй Ткачоў.

Чаму столькі міліцыі? «З аднаго боку я згодны, бясьпека найважней за ўсё. Але тады хай сядзяць па сваіх аўтазаках і мікрааўтобусах без абазначэньняў і нумароў ды не вылазяць адтуль. Навошта псаваць сьвята сваімі кіслымі мінамі?» — дзеліцца ўражаньнямі ў livejournal фатограф і блогер Антон Матолька.

«Прымусілі нават выкласьці ўсё з пакунку з набытымі толькі што сувэнірамі. Праўда, потым выбачаліся. Яны мусяць быць псыхолягамі і правяраць падазроных, а ня ўсіх запар. У нас быццам не тэрарыстычная краіна, каб рэальна трэба было псаваць людзям настрой перад сьвятам. Ніколі не згадаю такога пры ўваходзе на публічныя джазавыя канцэрты пад адкрытым небам у Нью-Ёрку», — меркаваньне дасьведчанага аматара джазу.

Ці насамрэч была патрэба задзейнічаць значную колькасьць міліцыянтаў уключна з АМАПам для аховы музычнага сьвята ў самым цэнтры Менску? Гэтае рашэньне было ўзгоднена з арганізатарамі сьвята, ці гарадзкая міліцыя ў гэткіх сытуацыях можа дзейнічаць без уліку іх інтарэсаў і інтарэсаў звычайных грамадзянаў?

Атрымаць адказы на гэтыя пытаньне ў прэсавай службе Менскай гарадзкой управы міліцыі не ўдалося — кіраўнік прэсавай службы адмовіўся ад камэнтару з прычыны знаходжаньня ў адпачынку, а гарадзкі тэлефон прэсавай службы не адказвае.

Фота: Anton Motolko

На першым джазавым вечары два тыдні таму
На першым джазавым вечары два тыдні таму

На другім вечары тыдзень таму настрой ужо псавала прысутнасьць АМАПу
На другім вечары тыдзень таму настрой ужо псавала прысутнасьць АМАПу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG