Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыяна Шчоткіна і капіталізм


Марыяна Шчоткіна на першамаі-2014
Марыяна Шчоткіна на першамаі-2014

Калі вы абараняеце нейкую чарговую «сацыяльную заваёву», на якую ад роспачы падымае руку Лукашэнка, — то павінны разумець, што тым самым ускосна абараняеце ўвесь гэты дзяржаўна-паліцэйскі сацыялізм

Беларуская грамадзкасьць на розных форумах працягвае актыўна абурацца выказваньнем міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, якая заявіла, што беларусы павінны «круціцца» і, магчыма, працаваць, ня толькі на адной працы.

Натуральна, калі б лібэральны публіцыст альбо эканаміст сказаў па сутнасьці тое самае («каб лепш жыць, трэба круціцца, больш працаваць, бо мы жывем не па сродках»), то гэта ўсе ўспрынялі б нармальна, — урэшце, мы 25 гадоў такое слухаем і пагаджаемся. Ну а калі тое самае кажа міністар — то гэта, натуральна, глыбока антынародны акт злачыннай улады.

Я, напрыклад, рады, што такія выказваньні зьяўляюцца — гэта сьведчыць пра магчымы пачатак разрыву той самай нефармальнай сацыяльнай дамовы паміж уладай і маўклівай большасьцю беларускага народу — «мы забясьпечваем дастатковы матэрыяльны ўзровень, а вы не патрабуеце правоў і свабодаў». Калі ў сілу абставінаў цяперашні рэжым, які 20 гадоў будаваў «моцную сацыяльную дзяржаву», вымушаны будзе зрабіць хоць нейкія крокі да больш лібэральнай эканомікі, капіталізму, то я буду толькі рады.

Але гэта толькі рэпліка, я хачу пагаварыць пра больш глыбокія рэчы. Любімы занятак многіх беларусаў — гэта скардзіцца на цэны ў краіне і параўноўваць іх з суседзямі. Аднак рэч у тым, што ў цану кожнага стэйка ў беларускім рэстаране ўкладзены кошт дабротаў беларускага дзяржаўнага рэпрэсіўнага сацыялізму. Празьмерныя падаткі зь бізнэсу, мыты на імпарт дзеля абароны свайго спажыўца, бясплатная (нібыта) мэдыцына, самая вялікая колькасьць бальнічных ложкаў на душу насельніцтва, добрыя дарогі, чыстыя вуліцы, плітка, якая на гэтых вуліцах, сто тысяч мянтоў, якія ахоўваюць гэтыя вуліцы, парады, салюты і шэсьці, датацыі заводам ды пабудова аграгарадкоў, армія чыноўнікаў, якая загадвае, як правільна смажыць стэйк — усё гэта робіць цану кожнага канкрэтнага беларускага стэйка (ня самай лепшай якасьці) у разы даражэйшым чым у Кіеве, Вільні ці Варшаве. Пры нашай моцнай дзяржаве, вялікіх бюджэтных затратах і абароне свайго вытворца мы асуджаныя на тое, каб цэны былі высокія, а заробак маленькім (бо грошы ідуць на бальніцы і чыстыя вуліцы).

Але, наколькі я перакананы, калі паставіць пытаньне, што выбіраюць беларусы, то большасьць, безумоўна, выбірае першае — «сацыяльныя заваёвы працоўных», сацыялізм, калі па-простаму. Я не даю ацэнкі, я толькі канстатую факт — сацыялізм у большасьці беларусаў, як праўладных, гэтак і апазыцыйных, укаранёны нашмат мацней, чым прынята думаць.

Сацыялізм можа і падыходзіць для сытай Эўропы, але ў адсталай краіне немагчыма зрабіць моцны эканамічны рывок бяз пэўных жорсткіх рэчаў. Менавіта Польшча, дзе была самая рэзкая шокавая тэрапія, на выхадзе паказала найлепшыя вынікі ва Ўсходняй Эўропе. Кітай ня думае пра сацыяльныя заваёвы працоўных, таму і бяжыць наперад. У ЗША няма такіх моцных прафсаюзаў, як у Эўропе, таму і прадукцыйнасьць працы там большая і ўзровень жыцьця вышэйшы.

У Беларусі ж сацыялізм і дзяржава зьнітаваныя як нідзе, усё ў адным фляконе — больш сацыяльных дабротаў азначае больш чыноўнікаў, больш бюджэту, «больш дзяржавы». А значыць і моцная ўлада, магутны дзяржаўны мэханізм, у тым ліку бюракратычны і карна-паліцэйскі.

Таму калі вы абараняеце нейкую чарговую сацыяльную заваёву, на якую ад роспачы падымае руку Лукашэнка, абараняеце чарговы працоўны калектыў ад скарачэньня (а скарачаюць яго выключна не ад злой волі ўлады, а ад таго, што ніхто не купляе прадукцыю, якую завод выпускае на варштатах 50-х гадоў) — то вы павінны разумець, што тым самым ускосна абараняеце ўвесь гэты дзяржаўна-паліцэйскі сацыялізм.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG