Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы вялікі падатак, які заплаціў беларус — 27,8 мільярда рублёў


Каля 23 тысяч жыхароў Беларусі запоўнілі дэклярацыі аб сваім прыбытку ў 2014 годзе і ўнесьлі ў бюджэт краіны каля 200 мільярдаў рублёў. Такія лічбы назвала сёньня журналістам намесьніца кіраўніка ўправы Міністэрства па падатках і зборах Сьвятлана Шаўчэнка.

Яна патлумачыла, што гэта тычыцца людзей, якія

«...цягам апошніх пяці гадоў прадалі дзьве і болей кватэры, жылыя дамы, лецішчы, садовыя домікі, зямельныя ўчасткі. Магчыма, хтосьці ў 2014 годзе меў прыбытак ад продажу двух легкавых аўтамабіляў. Такія прыбыткі таксама падпадаюць пад абавязковае дэкляраваньне. Падатковыя дэклярацыі павінны былі прадставіць і асобы, якія атрымлівалі прыбытак за мяжой альбо з-за мяжы.

Летась дэклярацыі падалі каля 30 тысяч чалавек. Сёлета — меней. Але трэба ўлічваць, што хтосьці забыўся, а хтосьці ўхіляецца. На сёлета выявілі ўжо каля трох тысяч парушальнікаў падатковага заканадаўства, якія ўнесьлі 7,5 мільярда рублёў падаткаў у бюджэт».

На пытаньне Свабоды, хто заплаціў найбольшы падаходны падатак, чыноўніца паведаміла:

«Дэклярацыю прадставіла фізычная асоба, якая пражывае ў Менскай вобласьці. Падатак склаў 27,8 мільярда рублёў. Прыбытак быў атрыманы, наколькі я памятаю, ад продажу сваёй долі ў прадпрыемстве».

Спадарыня Шаўчэнка згадала, што пры разьліках за 2014 год стаўка падатку складала 12%. А ў наступным годзе прыйдзецца плаціць ужо з разьліку 13%:

«Стаўка 13% — адна з самых нізкіх ставак. А калі вы паставіце мэту параўнаць з краінамі Эўразьвязу, то пабачыце, што там чалавек плаціць да 50% падаткаў са свайго прыбытку».

«Адкінем убок карэктнасьць такога параўнаньня, а зьвернемся да гісторыі падаткаў у сучаснай Беларусі», — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, у нас таксама быў максымальны падатак 50%. І працоўныя салігорскага калійнага камбінату ўзьняліся. І тады вырашылі зьнізіць верхнюю стаўку да 30%. Калі празь месяц палічылі, высьветлілася, што гэта прынцыпова сытуацыю не зьмяняе. Калійшчыкі зноў падняліся, і ім падвысілі заробкі.

А мне давялося 12 гадоў пісаць і прапаноўваць усталяваць адзіны, так званы плоскі, падатак. І каб ён раўняўся 10%. Але дырэктары прадпрыемстваў і чыноўнікі сказалі, што ім больш падабаецца 13%.

Пасьля плоскі падатак увялі ў Расеі, у шэрагу іншых краін. Бо прагрэсіўны падатак — больш зарабляеш, больш плаціш — гэта падатак для Дэпард’ё. Французы зрабілі для такіх падатак 90%. І актор зьліняў у Расею.

Дарэчы, якія падаткі былі падчас мангола-татарскага іга? Колькі бралі заваёўнікі? 10%. Але ж гэта было іга! І гэта былі мярзотнікі. А тут бязь іга бяруць 13%. І кажуць, што гэта добра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG