Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскіх марпехаў перакідваюць ў Міжземнамор’е для хуткага рэагаваньня на расейскую пагрозу


Амэрыканскія марскія пяхотнікі на вучэньнях
Амэрыканскія марскія пяхотнікі на вучэньнях

Сотні амэрыканскіх марскіх пяхотнікаў будуць несьці службу на эўрапейскіх баявых караблях у Міжземным моры ў якасьці сіл хуткага рэагаваньня ў выпадку дзеяньняў Расеі супраць краін НАТО ва ўсходняй Эўропе, піша брытанская газэта The Times.

Паводле дадзеных выданьня, адным з караблёў, які прыме амэрыканскіх марпехаў, стане ўнівэрсальны дэсантны верталётаносьбіт Ocean брытанскага Каралеўскага ВМФ. Гэта адзіны карабель, здольны прыняць амэрыканскіх вайскоўцаў, узброеных канвэрталётамі MV22 Osprey. Усяго на Ocean будуць базавацца 150 амэрыканскіх і брытанскіх марпехаў з трыма канвэрталётамі Osprey.

Як піша выданьне, амэрыканцы вымушаныя разьлічваць на караблі саюзьнікаў, бо іх уласныя намаганьні сканцэнтраваны цяпер на Блізкім Усходзе. З гэтай прычыны ЗША ня маюць магчымасьці ўтрымліваць пастаянныя групы хуткага рэагаваньня ў Эўропе. 15-ты экспэдыцыйны корпус марской пяхоты ЗША, які звычайна базуецца ў Міжземнамор’і, цяпер ажыцьцяўляе падтрымку амэрыканскіх вайскоўцаў у Іраку.

Акрамя Ocean, амэрыканскіх марпехаў прыме італьянскі авіяносьбіт Cavour. Менавіта на ім будуць праводзіцца выпрабаваньні па бясьпечным ўзаемадзеяньні з эўрапейскімі саюзьнікамі: канвэрталёты Orsey прад’яўляюць павышаныя патрабаваньні да трываласьці карабельнай палубы.

Акрамя таго, амэрыканскія пяхотнікі разьмесьцяцца на караблях Гішпаніі, Францыі і Нідэрляндаў. «Ва ўсіх гэтых краінах ёсьць авіяносьбіты, якія могуць выкарыстоўвацца сіламі хуткага рэагаваньня з канвэртаплянамі Orsey», — заявіў брыгадны генэрал Норман Кулінг, намесьнік камандуючага марской пяхотай ў Эўропе і Афрыцы.

Першыя марпехі прыбудуць у Эўропу ў верасьні для ўдзелу ў вайсковых манэўрах Trident Juncture, якія пройдуць у Італіі, Гішпаніі і Партугаліі. Гэта будуць самыя буйныя вучэньні НАТО за апошнія 10 гадоў, у якіх будзе задзейнічана больш за 25 тысяч вайскоўцаў.

Раней паведамлялася, што ЗША плянуюць павялічыць колькасьць сваіх вайскова-паветраных сілаў у Эўропе на фоне росту напружанасьці ў адносінах з Расеяй і могуць разьмясьціць там зьнішчальнікі пятага пакаленьня F-22 у якасьці дэманстрацыі сілы. Таксама стала вядома, што ЗША зьбіраюцца накіраваць у краіны Балтыі і Ўсходняй Эўропы цяжкую вайсковую тэхніку.

У чэрвені СМІ са спасылкай на амэрыканскіх чыноўнікаў паведамілі пра намер Вашынгтону накіраваць у краіны Балтыі і Ўсходняй Эўропы цяжкую вайсковую тэхніку. Польшча і Літва пацьвердзілі перамовы аб разьмяшчэньні на сваёй тэрыторыі вайсковых складоў. Паводле ўкраінскіх уладаў, намеры ЗША выкліканыя асьцярогай перад «расейскай агрэсіяй». Улады Расеі прыгразілі Захаду разьмясьціць «Іскандэры» у Калінінградзкай вобласьці.

Напярэдадні прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас адкрыцьця міжнароднага вайскова-тэхнічнага форуму «Армія-2015» адзначыў, што сёлета ядзерныя сілы Расіі папоўняць больш за 40 новых міжкантынэнтальных балістычных ракет. А пазьней, на прэс-канфэрэнцыі са сваім фінскім калегам Саўлі Нііністэ, пракамэнтаваў намеры ЗША. «Мы ўсё будзем аналізаваць, уважліва сачыць за гэтым, але пакуль я нічога ня бачу такога, што магло б прымусіць нас моцна хвалявацца. Гэта ўсё хутчэй палітычныя знакі стаўленьня да Расіі», — адзначыў Пуцін. «Калі нехта пагражае нашай бясьпецы, мы павінны будзем нацэліць нашы ўдарныя сілы і сродкі на тыя тэрыторыі, зь якіх зыходзіць пагроза», — падкрэсьліў ён.

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг назваў словы Пуціна «працягам лініі паводзін Расеі». «Гэта бразганьне зброяй з боку Расеі неабгрунтаванае, небясьпечнае і дэстабілізуе сытуацыю. І гэта адна з прычын, чаму мы павялічваем боегатовасьць нашых сіл. Мы павінны быць упэўненыя, што нашы сілы будуць гатовыя да любой пагрозы для кожнага члена НАТО», — сказаў Столтэнбэрг, словы якога прыводзіць сайт НАТО. Акрамя таго, у суаўтарстве з камандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТО ў Эўропе Філіпам Брыдлавам ён апублікаваў артыкул у The Wall Street Journal, у якім заявіў пра гатовасьць альянсу супрацьстаяць любым пагрозам.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што словы Пуціна супярэчаць духу Дамовы аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў і яны не маглі не турбаваць яго.

Памочнік прэзыдэнта РФ Юры Ушакоў у адказ заявіў, што Расея не зьбіраецца ўдзельнічаць у гонцы ўзбраеньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG