Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Ганна Кандрацюк


Ганна Кандрацюк
Ганна Кандрацюк

Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Świerubska) нарадзілася ў Кутлоўцы на Падляшшы. Скончыла Варшаўскі ўнівэрсытэт. Ад 1993 году працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Аўтарка шматлікіх рэпартажаў, як з Падляшша, так і зь Беларусі ды Ўкраіны. Піша на беларускай і польскай мовах. Апублікавала чатыры кнігі: «W stronę Tarasiewicza» (два выданьні, 2002 і 2004), «Царская трызна» (2007), «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.» (2010), «Беларусь. Любоў і маразм» (2013). Выпусьціла кампакт-дыск з запісам старадаўніх падляскіх песень: «Žuryłasie Kateryna» (2005). Пачынаючы ад 1995 году, праводзіць семінары па журналістыцы для дзяцей і моладзі — гэтак званыя «Сустрэчы Зоркі». З моладзьдзю рэдагуе дадатак да «Нівы» — «Зорку». Супрацоўнічае зь літаратурнымі часопісамі ў Польшчы і Беларусі. Жыве ў Беластоку.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Думаю, што пішу для чытачоў «Нівы», сярод якіх людзі і з базавай, і з вышэйшай адукацыяй. Гэта прымушае пісаць зразумела, шчыра, прыгожа. Стараюся, каб мая пісаніна спадабалася людзям, якіх люблю: дачцэ, сястры, мужу, маме, брату, прыяцелям (асабліва тым, якія самастойна вывучылі беларускую мову, каб чытаць Ганну К.).

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Для мяне гэта складанае пытаньне. Пішу там, дзе даводзіцца жыць, а ў сувязі з тым, што цягам апошніх 23 гадоў жыла ў розных 11 дамах і заўсёды «на валізках», магу пісаць нават у рэдакцыі. Ідэалам для мяне ёсьць пісьмовы стол пры акне.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Мне ніколі не прыходзіла ў галаву думка, што нехта напісаў кніжку «за мяне». Калі нейкая кніжка мне моцна спадабаецца, я ахоўваю тэрыторыю аўтара. А мары? Ну, хацела б напісаць нешта падобнае, як «Прывід Шаўковага Шляху» Коліна Туброна.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Алёша з «Братоў Карамазавых».

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

У мяне, мабыць, з сотня улюбёных пісьменьнікаў. А калі рашыцца на аднаго, то гэта будзе Анатоль Сыс і яго «Пан Лес».

6. Што вы цяпер чытаеце?

Чытаю вершы і апавяданьні жыхараў з палескага Высоцка, там касьмічная сувязь чалавека і дрэва...

7. На якіх замежных мовах (польская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Чытаю на рускай, украінскай, калісь таксама па-нямецку.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Найноўшая: «Беларусь. Любоў і маразм». Яна найбольш сьпелая.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Хачу напісаць яшчэ 5 кніжак, у тым ліку дзьве пра гісторыю сваёй сямі — пра Анастасію Анацік, сястру маёй бабулі, якая была лётчыцай; пра Бацькоў (мой бацька выкраў маці зь яе вясельля). Цяпер пішу рэпартаж з вандроўкі па ўкраінскім Палесьсі. Мяне там прычаравалі.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Найбольш свабоднай адчуваю сябе ў момант, калі адашлю рэдактару гатовы тэкст, бо тады магу чытаць кніжкі іншых аўтараў. І калі ў нядзельку выходжу з царквы — мне тады здаецца, што часу яшчэ хопіць на ўсё.

***

Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця і працягнуць сябрамі журы гэтай прэміі. Цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG