Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саманта Паўэр: Расея актыўна ўдзельнічае ў канфлікце ў Данбасе


Саманта Паўэр падчас выступу ў Кіеве 11 чэрвеня 2015 году
Саманта Паўэр падчас выступу ў Кіеве 11 чэрвеня 2015 году

Сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Саманта Паўэр заявіла, што Расея ўдзельнічае ў падрыхтоўцы прамаскоўскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, іх узбраеньні, фінансаваньні і непасрэдна ў вядзеньні баявых дзеяньняў на іх баку.

Выступаючы ў чацьвер у Кіеве, Паўэр ня выключыла ўзмацненьня жорсткасьці санкцыяў у дачыненьні да Масквы.

Паўэр падкрэсьліла, што Злучаныя Штаты захоўваюць прыхільнасьць да Менскіх пагадненьняў, нягледзячы на гвалт, які працягваецца ў Данбасе.

Амэрыканскі дыплямат адзначыла, што большасьць парушэньняў перамір’я зьвязаная зь дзеяньнямі сэпаратыстаў, а таксама зь вяртаньнем на лінію судакрананьня бакоў адведзеных раней цяжкіх узбраеньняў.

Назіральнікі місіі АБСЭ ва Ўкраіне паведамляюць пра ўжываньне цяжкіх ўзбраеньняў і Кіевам, і сэпаратыстамі.

У чацьвер пры абстрэле з боку баевікоў самаабвешчанай ДНР у Аўдзееўцы былі параненыя двое мірных жыхароў.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў у інтэрвію «5 каналу», што пагроза поўнамаштабнага расейскага ўварваньня па-ранейшаму актуальная. Ён выказаў асьцярогу, што гэта можа адбыцца ў бліжэйшы час.

Паводле зьвестак ААН, з красавіка 2014 году ахвярамі канфлікту на ўсходзе Ўкраіны сталі ўжо больш за 6400 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG