Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ДНР рассыпаецца як картачны домік»


Са сваім пэрфомансам у Празе выступіў украінскі мастак з Данецку Сяргей Захараў.

Мастак перажыў палон ДНР, дзе яму паламалі рэбры і тройчы выводзілі на расстрэл. Арыштавалі яго як верагоднага аўтара карыкатурных выяваў дзеячоў ДНР, у тым ліку Стралкова-Гіркіна.

Карыкатуры пачалі зьяўляцца ў Данецку нават ва ўмовах камэнданцкай гадзіны. З палону Захарава выратавалі сувязі яго каханай і талент — кажа, што дапамог размаляваць адну з машын у камуфляжныя колеры. Малюнкі з натуры ў палоне рабіць ня мог: на некалькі дзён яго правую руку прыкавалі наручнікамі да рукі іншага вязьня. Намаляваў па памяці, калі ўжо перабраўся у Кіеў.

Інсталяцыя «Картачны домік», якую 10 чэрвеня маглі бачыць наведнікі праскай галерэі «Докс», хісткая і нестабільная, як самі ДНР і ЛНР. На картах — твары іх дзеячоў, якія тусуюцца ў калодзе. Цягам пэрфомансу з-пад доміку выбіваецца карта з тварам Пуціна і ўся піраміда сыплецца як шэраг даміно.

Гэтую рухомую інсталяцыю бачылі жыхары Славянску, Краматорску і Марыюпалю пасьля вызваленьня ад сэпаратыстаў. І хаця з таго часу канфлікт на Данбасе крываточыць далей, аўтар мэтафары спадзяецца на ажыцьцяўленьне яго мастацкай празорлівасьці: непрызнаныя лідэры ДНР і ЛНР ужо адракаюцца ад сваёй незалежнасьці і просяцца ў склад Украіны. Праўда, пакуль з асаблівым статусам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG