Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША падоўжыў санкцыі супраць беларускіх уладаў


Барак Абама
Барак Абама

Барак Абама распарадзіўся захаваць надзвычайны рэжым у адносінах зь Беларусьсю, падоўжыўшы дзеяньне ўказу 2006 году.

Прэыдэнт ЗША Барак Абама выдаў распараджэньне аб «працягу надзвычайнай сытуацыі ў сувязі зь дзеяньнямі і палітыкай, якая праводзіцца некаторымі сябрамі ўраду Беларусі і іншымі асобамі, што пагражаюць дэмакратычным працэсам або інстытутам».

У дакумэнце гаворыцца:

«16 чэрвеня 2006 году Ўказам прэзыдэнта была абвешчаная надзвычайная сытуацыя ў адпаведнасьці з Законам аб эканамічных паўнамоцтвах у выпадку міжнародных надзвычайных сытуацыяў (50 USC 1701-1706), у сувязі з беспрэцэдэнтнай і надзвычайнай пагрозай, якую ўяўлялі для нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі Злучаных Штатаў дзеяньні і палітыка, якая праводзіцца некаторымі сябрамі ўраду Беларусі і іншымі асобамі, якія пагражаюць дэмакратычным працэсам і інстытутам».

Як падкрэсьліваецца далей, гэтая палітыка знайшла «сваё адлюстраваньне ў абсалютна недэмакратычных выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2006 году», а таксама у парушэньнях названымі асобамі правоў чалавека і палітычных рэпрэсіях, якія ўключаюць затрыманьне і зьнікненьне людзей, і карупцыі, якая палягае, у прыватнасьці, у нямэтавым выкарыстаньні дзяржаўнай маёмасьці і злоўжываньні службовым становішчам.

У распараджэньні прэзыдэнта адзначаецца, што «дзеяньні і палітыка, якая праводзіцца некаторымі сябрамі ўраду Беларусі і іншымі асобамі, працягваюць уяўляць беспрэцэдэнтную і надзвычайную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі Злучаных Штатаў».

«Таму, — гаворыцца далей, — рэжым надзвычайнай сытуацыі, абвешчаны 16 чэрвеня 2006 году, і захады, прынятыя ў той дзень у сувязі з гэтай надзвычайнай сытуацыяй, павінныя па-ранейшаму дзейнічаць пасьля 16 чэрвеня 2015 году».

«У сувязі з гэтым, — заяўляе прэзыдэнт Абама, — у адпаведнасьці з разьдзелам 202 (d) Закона аб эканамічных паўнамоцтвах у выпадку міжнародных надзвычайных сытуацыяў (50 USC 1701-1706), я падаўжаю на 1 год надзвычайную сытуацыю, абвешчаную Указам прэзыдэнта 13405», цытуе дакумэнт «Голас Амэрыкі».

У 2006 годзе ЗША ўвялі візавыя і фінансавыя абмежаваньні для дзесяці чалавек: Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Лукашэнкі (памочнік прэзыдэнта), Лідзіі Ярмошынай (старшыня ЦВК), Віктара Галаванава (былы міністар юстыцыі), Віктара Шэймана (памочнік прэзыдэнта па асаблівых даручэннях), Дзмітрыя Паўлічэнкі (тады — камандзір САХРа), Сьцяпана Сухарэнкі (тады — старшыня КДБ), Аляксандра Зімоўскага (тады — старшыня Белтэлерадыёкампаніі), Уладзімера Навумава (тады — міністар унутраных спраў), Натальлі Пяткевіч (тады — намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта). Амэрыканскім кампаніям забаронена заключаць зьдзелкі з гэтымі людзьмі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG