Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пройдзе ўнікальная канфэрэнцыя па анкалёгіі з удзелам пацыентаў


Гэта першая ў Беларусі канфэрэнцыя пра анкалягічныя захворваньні, удзел у якой возьмуць і навукоўцы-практыкі, і пацыенты.

Старшыня Цэнтру падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцьця» Ірына Жыхар перад пачаткам кангрэсу паведаміла Свабодзе:

Ірына Жыхар
Ірына Жыхар

«Такой канфэрэнцыі яшчэ ніколі не было ў Беларусі і наагул у нашым блізкім суседзтве. Да нас едуць прадстаўнікі навуковых колаў і практыкі-анколягі зь Літвы, Латвіі, Польшчы і іншых краін. Прычым гэта будуць ня толькі прадстаўнікі дзяржаўных сыстэмаў аховы здароўя, але і недзяржаўныя арганізацыі анкапацыентаў.

Мы будзем разглядаць вопыт нашых краін у справе якасьці жыцьця анкапацыентаў: ад дыягностыкі і выяўленьня хваробы да лекаваньня і рэабілітацыйнага пэрыяду — як складаецца далейшы лёс гэтага чалавека. Да прыкладу, у нас у Беларусі на гэты момант няма такой праграмы на дзяржаўным узроўні, якая б дапамагала чалавеку адаптавацца ў далейшым жыцьці. У іншых краінах такія праграмы ёсьць, і гэты вопыт нам вельмі цікавы і патрэбны. Разам з мэдыкамі і сацыяльнымі службамі мы маем стварыць сваю праграму рэабілітацыі пасьля раку і гэткім чынам падтрымаць нашых хворых.

Якасьць жыцьця — гэта тэма надзённая для кожнага чалавека. На канфэрэнцыі дапускаецца магчымасьць дыялёгу паміж зацікаўленымі бакамі, а гэта і дактары, і сацыяльныя работнікі, і анкапацыенты. І ў гэтым яе ўнікальнасьць, бо ёсьць магчымасьць улічыць інтарэсы ўсіх бакоў: і дзяржавы, і недзяржаўнага сэктару. Вельмі важна таксама ўлічыць вопыт замежных краін, якія, магчыма, ужо зрабілі першыя крокі ў тых кірунках, якія мы яшчэ толькі пачынаем рабіць. Важна ўлічыць іх вопыт і падзяліцца сваім бачаньнем — гэтак сынхранізаваць нашы высілкі».

Карэспандэнтка: «Як вам падаецца, наколькі рэальна ўвасобіць у жыцьцё гэтыя напрацоўкі, пра якія вядзецца гаворка?»

«Мы будзем разважаць якраз аб практыцы, абапіраючыся на навукова-практычныя дасьледаваньні. Анкалягічнае захворваньне — гэта вельмі непрадказальнае захворваньне, якое пры аднолькавай дыягностыцы можа працякаць вельмі па-рознаму. Таму вакол гэтага працэсу бывае шмат людзей, якія маюць ня толькі гуманітарны, а і камэрцыйны інтарэс. Таму наша канфэрэнцыя — навукова-практычная, каб можна было абапірацца на тыя шматлікія дасьледаваньні, якія праводзяцца сярод вялікай папуляцыі людзей, каб адсачыць тэндэнцыі дзеля ўліку іх у далейшай практыцы. І гэта вельмі важна. Спадзяёмся, што наша канфэрэнцыя стане першай і традыцыйнай — мы маем такую прэтэнзію на рэгулярнасьць. Мы плянуем нашы супольныя рашэньні рэалізоўваць на практыцы дзеля найлепшага супольнага выніку. Першая супольная канфэрэнцыя — гэта спроба наладзіць камунікацыю і пачаць размаўляць на адной мове. Вось гэтым пытаньням і будзе прысьвечаная наша канфэрэнцыя.

Гэтую міжнародную канфэрэнцыю мы арганізавалі з падтрымкай і ўдзелам нашых лекараў. Гэта наша супольная праца: анкахворых, лекараў, сацыяльных структураў. І за гэта я ўсім вельмі ўдзячная. У гэтай справе хачу таксама выказаць вялікую падзяку за падтрымку і дапамогу журналістам».

Падчас падрыхтоўкі да правядзеньня канфэрэнцыі сацыяльна-асьветніцкая ўстанова «Цэнтар падтрымкі анкапацыентаў „У імя жыцьця“» падвяла вынікі журналісцкага конкурсу «Хвароба, якая зьмяніла жыцьцё». Па выніках конкурсу журналісты Радыё Свабода атрымалі падзячны ліст за кнігу «Жыцьцё пасьля раку», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG