Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: На мяжы з Украінай беларуская армія адпрацоўвае сцэнар гібрыднай вайны


У Беларусі працягваюцца камандна-штабныя вучэньні тэрытарыяльных войскаў і органаў тэрытарыяльнай абароны Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай.

Дзеля праверкі сыстэмы ўзмацненьня аховы дзяржаўнай мяжы і тэрытарыяльнай абароны ў бок Украіны накіраваны спэцназ і гвардзейцы ў суправаджэньні гелікоптэраў.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Вайскоўцы мабільнай роты 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады пасьля маршу ў суправаджэньні гелікоптэраў Мі-8 перайшлі ў апэратыўнае падпарадкаваньне камандаваньню Мазырскага памежнага атраду і прыступілі да выкананьня сумесных задач па ўзмацненьні дзяржаўнай мяжы.

«У раён Касьцюкоўкі Гомельскай вобласьці зрабіла марш падразьдзяленьне 103-й асобнай мабільнай брыгады сіл спэцапэрацый узброеных сіл. Падчас маршу асабісты склад адпрацаваў задачы па адбіцьці нападу ўмоўнага праціўніка», — паведамляе прэс-служба. У Ельскім раёне працягваецца фармаваньне штабу раёну тэрытарыяльнай абароны і асобнай стралковай роты тэрытарыяльных войскаў.

Таксама завершаны прыём афіцэраў, прызваных з запасу, для ствараемага штабу тэрытарыяльнай абароны.

Чым выкліканыя гэтыя вучэньні на мяжы з Украінай?

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін сказаў карэспандэнту
Свабоды:

«Я лічу, што Ўкраіна нават і не нагода. Там такая цікавая асаблівасьць, што гэтыя роты сіл спэцапэрацыяў перададзеныя ў падпарадкаваньне памежнікам. То бок задача — прыкрыць мяжу і прастору, якая прылягае да мяжы. Падобна, што адпрацоўваецца задача па процідзеяньні пранікненьню на тэрыторыю Беларусі непажаданых элемэнтаў. Груп узброеных ці няўзброеных людзей, экстрэмістаў, магчыма атрадаў, якія здольныя дэстабілізаваць сытуацыю на тэрыторыі Беларусі.

Адпрацоўваецца сцэнар па процідзеньні гібрыднай вайне. Бо адным з галоўных элемэнтаў гібрыднай вайны зьяўляецца пранікненьне звонку інструктараў, зброі, папаўненьня, матэрыяльных і грашовых сродкаў. У прынцыпе, як мы бачым на прыкладзе Ўкраіны, менавіта не прыкрытая мяжа вядзе да таго, што ніхто ня можа вызначыць, што рухаецца паміж Расеяй і Данбасам. Вось у Беларусі перайшлі ад тэарэтычнага вывучэньня формаў і мэтадаў гібрыднай вайны да практычных заняткаў.

Бо ў нас ёсьць такі дзеяздольны элемэнт як сілы спэцапэрацый, якія здольныя ў кароткі тэрмін зь месца базаваньня выйсьці ў вызначаны раён. З групамі экстрэмістаў, якія вядуць тактыку дывэрсійнай барацьбы могуць змагацца толькі мабільныя сілы, сілы спэцапэрацый. Таму ідзе адпрацоўка падобных задач. Калі, напрыклад, пойдуць празь мяжу групы навучаных, добра ўзброеных людзей, то адным памежнікам ня справіцца. І вось гэты варыянт разьвіцьця сытуацыі адпрацоўваецца на вучэньнях. Вырашаецца задача падрыхтоўкі да процідзеньня гібрыдным вайсковым дзеяньням».

Чаму такія вучэньня праходзяць на мяжы з Украінай? На гэтае пытаньне Аляксандар Алесін адказаў так:

«З гледзішча вялікай палітыкі нязручна праводзіць такія вучэньні менавіта на мяжы з Расеяй. На мяжы з Украінай гэта выглядае больш-менш апраўданым. На мяжы з Латвіяй, Літвой, дзе ідуць вучэньні НАТО, непажадана. На мяжы з Польшчай, зь якой у нас нібыта наладжваюцца стасункі, таксама непажадана. Але там ідзе адпрацоўка дзеяньняў па ўсім пэрымэтры нашай мяжы. Гэта няважна, што менаваіта на гэтым участку. Але ідзе адпрацоўка гэтых прыёмаў на прыкладзе нашай паўднёвай мяжы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG